TGViewer
Спадчына Спадчына @spadczyna · 3.16K subscribers
Post #16661 1.21K
Яшчэ Магілёў. Паглядзіце, які піздзец зрабілі з фасадамі Дома акцёраў па Першамайскай вуліцы, 46. Няздарныя інваліды ад архітэктуры ператварылі савецкую неакласіку ў звычайную маляванку. Не маючы ніякага ўяўлення пра каларыстыку і не маючы патрэбы рабіць фізіка-хімічныя даследаванні аддзелкі, бо ў Магілёве ніводная сталінка 1950-х гг. не прызнаная помнікам архітэктуры, яны сваёй «творчасцю» цалкам разбурылі архітэктоніку фасадаў — а я думаю, што яны нават словаў такіх не ведаюць.

Як звычайна фарбаваліся сталінкі? Маглі ў адзін колер, але тут, як бачна (у тым ліку па тым, што да апошняга часу гэтую практыку працягвалі пераймаць), фарбавалі паярусна: ніжнія ярусы, звычайна аформленыя больш грубай фактурай або рустоўкай (імітацыяй каменнай муроўкі), фарбавалі ў больш цёмныя колеры, а верхні, больш гладкі па фактуры, быў святлейшым. Логіка тут элементарная: больш «лёгкі» аб’ём (гладчэйшы і святлейшы) ляжыць на больш «цяжкім» аб’ёме, ствараючы падсвядомае ўражанне стабільнасці пабудовы фасада, той самай архітэктонікі.

Выступаючыя аб’ёмы, у тым ліку псеўдарызаліты, эркеры, лапаткі і пілястры, або зліваліся па колеры з суседнімі плоскасцямі сцен, або мелі акцэнтныя адрозненні ў колеры. У рэдкіх выпадках асабліва манументальныя кампазіцыі ў верхніх ярусах, якія дарасталі да карніза і вышэй, маглі працягваць колер ніжніх ярусаў, а моцна дэкаратыўныя — у колер дэкору. Усё гэта можна пабачыць, напрыклад, у пасляваеннай забудове Мінска, а раней — і Магілёва.

Да пачатку рамонту каларыстыка фасадаў цалкам адпавядала архітэктуры: ніжнія ярусы, аформленыя рустоўкай у выглядзе грубачасанага каменю і рустоўкай у выглядзе муроўкі, апрацаванай бучардой, былі цёмна-карычневымі, верхні ярус без рустоўкі — светла-бежавым. Псеўдарызаліты з эркерамі, падзеленыя міжпаверхавай цягай, якая раздзяляла і сцены, паўтаралі гэтую схему, зліваючыся са сценамі. Лапаткі ў верхнім ярусе адрозніваліся толькі акцэнтна. Атрымлівалася выразнае чляненне па гарызанталі на масіўны ніз і больш лёгкі верх.

А што зрабілі? А зрабілі піздзец, асабліва на вуглавой вежы. Цяпер галоўным элементам члянення фасадаў сталі не міжпаверхавыя цягі, а лапаткі, пафарбаваныя ў карычневы колер на кантрасце з ружовымі сценамі. Ужо само спалучэнне колераў выклікае пытанні да густу аўтараў — выглядае проста брудна. Гэтага было мала, таму дэкаратыўныя лапаткі, якія высоўваюцца з цела асноўных, пафарбавалі ў яшчэ больш кантрасны белы колер. Пры гэтым аўтары чамусьці не палічылі патрэбным пафарбаваць у той жа белы колер такія ж дэкаратыўныя ляпныя гірлянды... Такім чынам чляненне аб’ёмаў па гарызанталі замянілася на чляненне па вертыкалі, чым была парушана архітэктоніка.

Ніжні ярус застаўся цёмным, але з сярэднім не вызначыліся: на вежы ў яго пранік ружовы, а на астатніх фасадах ён застаўся цёмным. Чаму? Навошта? Няма адказу.

Такое ж неразуменне архітэктуры, як з вежай, адбылося і з псеўдарызалітамі, і з эркерамі. Псеўдарызаліт тут — проста невялікі выступ сцяны, які на фасадах не даходзіць ні да карніза, ні нават да міжпаверхавай цягі. Ніякай неабходнасці вылучаць яго колерам не было. Я разумею, што ад нуды ў аўтакадзе было весела заліваць кожны вычарчаны элемент у адзін з трох колераў, каб яны не паўтараліся, але гэта літаральна падыход дзіцячай размалёўкі. У выніку псеўдарызаліт, які не быў задуманы для таго, каб браць на сябе хоць якую-небудзь увагу, ператварыўся ў цёмную накладку на ружовым фоне. І гэтага яшчэ было мала: аўтары зрабілі эркер і ўсе аконныя нішы белага кантраснага колеру. Лепата!

Як казала мая бабка: піздзіць нагамі за такое, паглядзеў, што жывыя — давай яшчэ!

Фота

#Магілёў #савецкаяспадчына #каларыстыка #дэградацыя #непомнік
  • 🤬 25
  • 😁 5
  • 🤮 4
  • 💩 2
  • ❤ 1
  • 👍 1
More from @spadczyna
  1. Oct 11, 2026Рэканструкцыя сядзібнага дома Ваўжэцкіх у Відзах Лаўчынскіх Браслаўскага раёна. Пакуль цяж…
  2. Oct 10, 2026У Полацку на тэрыторыі Верхняга замка плануюць рэканструяваць будынак былога правіянцкага…
  3. Oct 10, 2026Інтэрнат № 4 БНТУ па праспекце Незалежнасці абрастае рыштаваннямі перад рэканструкцыяй. Па…
  4. Oct 9, 2026Работы на вуглавой пабудове ў агароджы касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках. Фота #Жодз…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →