У Полацку на тэрыторыі Верхняга замка плануюць рэканструяваць будынак былога правіянцкага склада пад гасцініцу з рэстаранам.
Двухпавярховы будынак па вуліцы Замкавай, 5 быў узведзены ў 1772–1778 гадах па праекце губернскага архітэктара Івана Зігфрыдана. Гэта помнік архітэктуры класіцызму, які гістарычна меў манументальны галоўны фасад з буйным цэнтральным франтонам, дэкарыраваны вуглавымі пілястрамі і неглыбокімі нішамі, а таксама завяршаўся класічным вальмавым дахам.
У 2025 годзе аб'ект набыла кампанія «Скарб Сэрвіс». На нядаўняй нарадзе з удзелам першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова быў прэзентаваны праект адаптацыі склада пад гатэль на 17 нумароў. Распрацоўкай дакументацыі займалася прадпрыемства «ІнЭр Буд» (галоўны архітэктар праекта Алясюк, навуковы кіраўнік Уладзіслаў Карлавіч Рута).
Мяркуючы па апублікаваных эскізах, замест навуковай рэстаўрацыі будынак чакае перабудова. Дах прыпадымуць і ўсунуць пад яго трэці паверх з суцэльным стужкавым зашкленнем. У публікацыях ён называецца мансардным, але трэба разумець, што такім па вызначэнні называецца толькі паверх, у якім не вышэй чым на ўзроўні 1,5 м ад падлогі сцяна пераходзіць у схіл даху. Зашкляць таксама вялікія нішы. Вельмі дзіўным выглядае рашэнне здзерці частку тынку да самай цэглы, дзе на рэндарах паказаная вывеска гатэля. Не кажучы ўжо пра тое, што гэта варварскае стаўленне да помніка класіцызму, якія малаверагодна што заставаўся неатынкаваным, дык яшчэ і парушае сіметрычную кампазіцыю фасада.
Прапанаванае рашэнне мягка кажучы нагадвае моцна састарэлыя прыклады рэканструкцыі гістарычных будынкаў, якія былі папулярныя ў 2000-х і першай палове 2010-х гадоў.
Праектам прадугледжана ўзвядзенне побач асобнага павільёна на 48 месцаў для правядзення ўрачыстасцей.
Дарэчы не зусім разумею, як яны плануюць гэты гатэль рэалізаваць. Верхні замак захапіў паразіт — Полацкае кадэцкае вучылішча, якое абнесла ўсю сваю закрытую тэрыторыю зялёным плотам, захапіўшы у тым ліку пачатак Замкавай вуліцы. Зялёны плот рэжымнай установы стаіць акурат перад галоўным фасадам і ракурс як на рэндары папросту немагчымы.
Арыентыровачны аб'ём інвестыцый складае больш за 8,5 мільёна рублёў. Пры гэтым на афіцыйным узроўні заяўляецца, што ў ходзе рэалізацыі праекта «акцэнт зроблены на захаванні аўтэнтычнасці і традыцый». Актыўны этап будаўнічых работ павінен пачацца ў 2027 годзе.
Крыніца 1
Крыніца 2
Крыніца 3
#Полацк #рэканструкцыя #класіцызм #гістарычнаязабудова
Post #16735
922








- 💩 10
- ❤ 7
- 😐 7
- ✍ 1
- 🤔 1
- 🤬 1
- 🤮 1
- 😭 1