Заказчык праекта «Мінская спадчына» расказаў пра ход работ на тэрыторыі гістарычнага ізалятара, адкуль у 2024 годзе канчаткова выехаў СІЗА.
Сёння на пляцоўцы адначасова ідуць працы на пяці будынках. Ужо знесены ўсе сучасныя прыбудовы і цалкам знішчана гістарычная стайня, на месцы якой з нуля, захаваўшы толькі частку фундамента, узводзяць копію з чырвонай цэглы пад кропку грамадскага харчавання.
Самы маштабны фронт прац разгорнуты на самім Пішчалаўскім замку (аб'ект №1), збудаваным у 1825 годзе. Будынак знаходзіцца ў крытычным стане: аўтэнтычны вапнавы раствор ператварыўся ў пясок, а падмуркі страцілі апорную здольнасць. Каб прадухіліць абвальванне, зараз па ўсім перыметры ўручную ўмацоўваюць падмуркі, а фасад абшываюць металічным каркасам. Гістарычныя стальныя сцяжкі, якімі будынак быў апяразаны ў савецкі час, дэмантуюцца як элементы, што не маюць гістарычнай каштоўнасці. На месцы абваленая ў 2008 годзе вежы ўжо залілі новы падмурак для яе адбудовы.
Асноўныя будаўнічыя працы ўнутры замка пачнуцца бліжэй да канца 2026 года. Згодна з канцэпцыяй, два ніжнія паверхі будуць цалкам пераробленыя пад установы грамадскага харчавання з вялікімі заламі і сучаснымі кухнямі.
Усе ўнутраныя перагародкі будуць знесены, і ад гістарычных будынкаў фактычна застануцца толькі вонкавыя каркасы і арыгінальныя скляпенні, калі яны вытрымаюць нагрузку. Вонкавыя фасады абновяць і пафарбуюць у першапачатковы вохрысты колер.
Пасля завяршэння ўсіх работ да 2027 года і пракладкі новых сетак глухая сцяна вакол былой турмы будзе дэмантаваная, а тэрыторыя ператворыцца ў адкрытую грамадскую прастору з кафэ, газонамі і паркоўкай.
Крыніца
#Мінск #Пішчалаўскізамак #Валадарка #рэканструкцыя
Post #16648
748


- 🤯 10
- 🔥 6
- 💔 4
- 🤔 3
- ❤ 1
- 😢 1