«Мы не бачым абсалютна ніякіх зменаў у рэпрэсіўнай унутранай палітыцы Лукашэнкі. Калі палітычныя зняволеныя выходзяць на волю, рэжым адпраўляе ў турму новых людзей на іх месца. Сёння гэта ператварылася ў канвеер рэпрэсій», — адзначыў чалец дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка падчас брыфінгу па сітуацыі ў Беларусі для Еўрапейскай народнай партыі ў межах восеньскай сесіі ПАРЕ.
Падчас брыфінгу Павел Латушка адзначыў:
«Шырокамаштабныя рэпрэсіі працягваюцца штодня. Паводле інфармацыі праваабарончых арганізацый, толькі за апошнія некалькі дзён у Беларусі паводле палітычна матываваных абвінавачанняў былі асуджаныя дзесяткі людзей. Сярод іх — ветэрынар, настаўніцы, работніцы дзіцячага садку, IT-спецыяліст, супрацоўнік банка і спецыяліст галіны авіяцыі. Рэжым пераследуе людзей кожнай прафесіі і ўсіх слаёў беларускага грамадства».
Асобна Павел Латушка падкрэсліў, што апошнім часам былі распачатыя дзесяткі маштабных вайсковых вучэнняў з удзелам узброеных сіл усіх родаў войскаў. Лукашэнка таксама актыўна садзейнічае расійскай агрэсіі. Сотні беларускіх прадпрыемстваў працуюць на абарончую прамысловасць Расіі. Расія выкарыстоўвае беларускую інфраструктуру для забеспячэння і навядзення ўдараў беспілотнікаў па Украіне, а цяпер яшчэ і па рэгіёне Балтыйскага мора.
«Важна не мець ніякіх ілюзій з гэтай нагоды: Лукашэнка — не "пасярэднік". Лукашэнка — агрэсар і прамы саюзнік Крамля».
Падчас брыфінгу Павел Латушка падкрэсліў, што вітае і падтрымлівае намаганні Злучаных Штатаў па вызваленні палітычных зняволеных у Беларусі. Аднак фундаментальная праблема застаецца: канвеер рэпрэсій.
«Таму, каб дасягнуць рэальных, а не касметычных палітычных зменаў у нашай краіне, мы прапануем стратэгію двух накірункаў.
Па-першае, Злучаныя Штаты, выкарыстоўваючы свае санкцыйныя механізмы бязлітаснага ўплыву на рэжым, а таксама інструменты нетрадыцыйнай дыпламатыі, валодаюць неабходным уплывам і рэсурсамі для вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення рэпрэсій.
Па-другое, мы заклікаем Еўрапейскі Саюз і іншыя дэмакратычныя краіны паслядоўна ўжываць санкцыйныя механізмы як рычаг для дасягнення рэальных, сістэмных зменаў у Беларусі».
Падчас брыфінгу падкрэслена, што стратэгія двух накірункаў — гэта адзіная пазіцыя Аб'яднанага Пераходнага Кабінета на чале са Святланай Цiханоўскай і большасці Каардынацыйнай Рады:
«Нацыянальны дыялог з выкарыстаннем механізму круглага стала неабходны для выхаду з глыбокага ўнутранага палітычнага крызісу ў Беларусі».
Павел Латушка падкрэсліў, што стратэгія нацыянальнага дыялогу, якую мы прапануем, таксама падтрымліваецца Еўрапейскім Саюзам. У Высновах Рады ЕС па Беларусі за 2024 год у пункце 5 зазначаецца:
«Еўрасаюз заклікае ўлады Беларусі далучыцца да сапраўднага і інклюзіўнага дыялогу з усімі коламі грамадства з мэтай правядзення свабодных і сумленных выбараў...»
«Наш фундаментальны прынцып застаецца нязменным: “Нічога пра беларусаў без беларусаў”», — адзначыў Павел Латушка.