Першы дзень працы дэлегацыі дэмакратычных сіл Беларусі на сесіі ПАСЕ
Дэлегацыя дэмакратычных сіл Беларусі ў абноўленым складзе пачала працу ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. У Страсбург на восеньскую сесію (28 верасня – 2 кастрычніка) прыбылі кіраўнік дэлегацыі Уладзімір Астапенка, Павел Латушка і Ксенія Луцкіна, а таксама намеснікі членаў дэлегацыі Яўген Андрэйчык і Аляксандра Мамаева.
Сустрэча з Прэзідэнтам ПАСЕ Петрай Байр
Абмеркавалі сітуацыю ў рэгіёне і ў Беларусі, рэпрэсіі, якія працягваюцца, і неабходнасць захоўваць ціск на рэжым. Павел Латушка прадставіў стратэгію беларускіх дэмакратычных сіл і растлумачыў, чаму для беларусаў важны прынцып «ніякіх размоў пра нас без нас». Шмат гаварылі пра палітвязняў: Петра Байр добра ведае тэму і задавала шмат пытанняў, дэлегаты расказалі пра сітуацыю ўнутры краіны. Таксама абмеркавалі працу дэлегацыі, яе планы і пашырэнне прысутнасці дэмакратычных сіл Беларусі ў ПАСЕ.
Сустрэча з дэлегацыяй Германіі
З нямецкімі калегамі дэлегацыя сустракаецца на кожнай сесіі і цесна супрацоўнічае. Абмеркавалі апошнія вызваленні палітвязняў, дэпартацыі, становішча тых, хто застаецца ў зняволенні, і рэпрэсіі ўнутры краіны. Нямецкі бок адзначыў, што не бачыць прыкмет паляпшэння сітуацыі ў Беларусі. Асобна гаварылі пра беларусаў, якія жывуць у Германіі: пра праблемы з атрыманнем дакументаў і пра тое, як парламенцкае супрацоўніцтва можа дапамагчы ў пытаннях легалізацыі. Таксама абмеркавалі стварэнне ў ПАСЕ групы «За дэмакратычную Беларусь».
Сустрэча з дэлегацыяй Польшчы
Абмеркавалі становішча ў рэгіёне і супрацоўніцтва з польскай дэлегацыяй у ПАСЕ. Польскі бок запэўніў, што і далей будзе падтрымліваць беларускія ініцыятывы ў асамблеі. Агнешка Памаска расказала пра сваю паездку ў Беласток. У чацвер яна выступіць у камітэце па культуры і закране тэму стану беларускай культуры ў выгнанні. Плануецца тэматычны даклад пра беларускую культуру, які будзе разгледжаны на наступнай сесіі Асамблеі.
Акрамя таго, дэлегаты ўзялі ўдзел у пасяджэннях палітычных груп ПАСЕ.
Праца ў ПАСЕ будзе ісці ўсю сесію: на наступныя дні запланаваны сустрэчы з нацыянальнымі дэлегацыямі, камітэтамі, дыпламатамі і міністрамі асобных краін.
Post #5053
486




- 👎 53
- ❤ 13
- 👍 10
- 🔥 7
- 🖕 1