Ціханоўская ў нядаўнім інтэрв'ю казала пра найстарэйшую для беларускай апазіцыі тэму, маўляў, «неабходна працягваць узмацняць санкцыйны ціск». Пры гэтым яна хоча, «каб еўрапейскія краіны больш актыўна інвеставалі ў развіццё сувязяў з Беларуссю». Зразумела, што яна хоча інвестыцый у грамадзянскую супольнасць (і мы ж не супраць – дайце грошай!), але наколькі гэта рэалістычна і карысна? І які цяпер увогуле палажняк па санкцыях і што з імі сапраўды рабіць?
Паводле задумы санкцыі павінны ўплываць на некалькі рэчаў – каб улады знізілі рэпрэсіі і пачалі выконваць правы чалавека, каб чыноўнікі і бізнес атрымлівалі менш грошай і не ездзілі ў адпачынак у Еўропу, каб не саджалі самалёты для арышту свайго ж агента пад прыкрыццём, каб Расіі ў вайне не дапамагалі, ды мала яшчэ для чаго. Па факце я б вылучыў тры асноўныя кірункі – пакаранне за здзейсненае, прадухіленне ўзмацнення Расіі праз РБ і імкненне змяніць Лукашэнку на нармальнага чалавека праз эканамічны ціск.
Пры гэтым ад санкцый ёсць відавочныя мінусы для дэмакратычнай супольнасці. Залежнасць ад Расіі толькі расце, вось да нас ідзе нават трэць расійскага імпарту чыпсаў. Эканамічны ціск хутчэй уплывае на даходы звычайных людзей, чым чыноўнікаў, а зняволеных менш не становіцца.
Паколькі мінусы ёсць, Лукашэнка працягвае кіраваць, а Беларусь застаецца саюзнікам РФ, ствараецца ўражанне, што санкцыі не такія ўжо і карысныя. І існуе дастаткова прыхільнікаў іх адмены. Што з'яўляецца часткай гульні Лукашэнкі, які займаецца гандлем людзьмі ў абмен на дээскалацыю ўжо 20 гадоў.
Для змены сітуацыі можна выкарыстоўваць два падыходы, якія ў Еўропе, па ўсёй бачнасці, выглядаюць радыкальнымі. Санкцыі можна або цалкам адмяніць, або ўвесці па поўнай. Кожны з падыходаў дасць свае плюсы і мінусы.
Санкцыі можна адмяніць цалкам, можна ў абмен на зняволеных або абавязацельства не набіраць новых (як гэта кантраляваць – ніяк), можна без усялякіх умоў. Гэта пэўна паўплывае ў лепшы бок. Многія думаюць, што дзейныя санкцыі аслабляюць Лукашэнку. Можа і так. Але эканамічныя прычыны ніколі не былі прычынай яго слабасці, і пратэсты праз іх узнікалі рэдка. Прычыны, па якіх Лукашэнка выклікаў абурэнне – у ідыёцкіх законах, немагчымасці паўплываць на рашэнні чыноўнікаў, у падмане на выбарах, звышпапулісцкай рыторыцы, каштоўнасных разыходжаннях. А адмена санкцый, свабоднае перамяшчэнне, адраджэнне грамадзянскай супольнасці ўнутры краіны могуць аказаць значна большы ўплыў на тое, што адбываецца. Лукашэнка застанецца такім жа таксічным персанажам у любым выпадку.
А можна зрабіць наадварот – аказаць ціск па-сапраўднаму. Закрыць межы на ўезд і на выезд, забараніць любое супрацоўніцтва з уладамі, увесці крымінальную адказнасць за парушэнне санкцыйнага рэжыму сваімі – пазакрываць усе лазейкі. Гэта акажа і эканамічны ціск, і падніме градус унутры краіны. Аднак калі рэжыму ўдасца пераадолець такі ўдар, то яго залежнасць ад Расіі стане абсалютнай імгненна, Кітаю наўрад ці будзе патрэбны такі кавалак зямлі. Так што такі крок магчымы і нават пажаданы пры збегу пэўных абставінаў.
Калі наша мэта – змяніць Беларусь, то падыход да санкцый таксама неабходна мяняць. Гэты інструмент дзейнічае як пагроза да іх увядзення і кароткі час пасля, пакуль улады да іх не прыстасуюцца. Далей трэба шукаць іншыя варыянты, каб рэальныя змены сапраўды адбыліся. Санкцыі не павінны існаваць дзеля санкцый, яны павінны весці да нейкай мэты. Калі гэтага няма, то трэба нешта мяняць.
Аўтар калонкі - Сяргей
Post #948
468
- 👍 4
- ❤ 2
- 😈 1