На мінулым тыдні праўладны актывіст П. Пятроўскі выкаціў геніяльную прапанову — перасяляць пенсіянераў з маленькіх вёсак у аграгарадкі. Навошта? Відаць, каб не завозіць прадукты ў аддаленыя раёны і каб хуткая дапамога хутчэй даязджала.
З Пятроўскім усё ясна, ён называе сябе камуністам і прыхільнікам СССР, у яго відавочны комплекс — хоча паўтарыць прымусовае перасяленне людзей 30-х гадоў, вышуквае магчымасці. Але ў Беларусі і без яго любяць практыкі, якія пазбаўляюць людзей выбару месца жыхарства ці працы. На думку ўладаў, калі б можна было адпраўляць чалавека працаваць і жыць куды трэба, то Беларусь відавочна стала б цудоўнай і квітнеючай дзяржавай. Але пачакайце…
Размеркаванне студэнтаў — не самая жорсткая ў свеце практыка. Урэшце, гэта камусьці нават падабаецца. «У мяне з'явіцца першае месца працы і досвед, а яшчэ я малады спецыяліст, ільготы ўсякія дадуць», — можа сказаць нам малады прыхільнік дзяржаўнага патэрналізму. І такія людзі сапраўды існуюць у рэальнасці, сам кранаўся іх, сваімі рукамі.
Але на кожнага такога студэнта прыпадае некалькі тых, каму ехаць у вёску Малыя Абакумы не надта хочацца. І гэта павінна быць асноўнай і больш чым дастатковай прычынай, па якой чалавек не павінен там працаваць. А яшчэ чалавек будзе там працаваць без энтузіязму, хутчэй за ўсё звольніцца роўна праз 2 гады і відавочна не будзе спяшацца ствараць сям'ю ў месцы, з якога хутка з'едзе. А раён замест нармальнага супрацоўніка атрымлівае бясконцую плынь людзей без досведу.
І ладна б гэта пазіцыянавалася як часовая мера, тыпу «вось зараз у дэпрэсіўныя рэгіёны мы людзей адпраўляем, але вось праекты рэформаў і мадэрнізацыі, праз пяць гадоў вы ўмольваць будзеце пра вакансію ў Чашніцкім раёне», але не! Гэта падаецца як норма, з якой мы будзем жыць заўсёды, у краіне, дзе дзяржава лічыць нармальным вырашаць за чалавека, дзе яму жыць і кім працаваць.
Наогул, такія паводзіны дзяржавы могуць быць выкліканыя дзвюма прычынамі. Альбо ёй усё адно на меркаванне сваіх людзей, бо зараз 17-е стагоддзе і каралю цікавейшыя іншыя рэчы, альбо дзяржава клапоціцца пра грамадзян і рэгіёны, актыўна выконваючы сацыяльную функцыю. Натуральна, улады думаюць, што яны рэалізуюць норму канстытуцыі аб «сацыяльнай дзяржаве», і ім з народам проста не пашанцавала, бо ім і працу даюць, і камуналку толькі на 20% мы плацім, і транспарт амаль бясплатны ў нас. А па факце ў іх у галаве кавалак хлебушка.
Натуральна, ёсць маса варыянтаў справіцца з размеркаваннем і з карысцю правесці 2 гады пасля ўнівера, мы пра гэта пісалі розныя гайды. Праўда, гэта не зусім тая задача, якой хочацца займацца падчас працы над дыпломам. Але ўсё адно лепш пашукайце сабе нейкі варыянты загадзя, таксама лепш пазнаёміцеся з дзяржавай, з якой будзеце ўзаемадзейнічаць.
Post #946
559
- 👍 4
- ❤ 1
- 👎 1