Вадкая сучаснасць і квантавы маятнік
Вось захацеў напісаць пост, прыдумаў тэорыю, а аказалася, што назвы для яе ўжо існуюць і ў сацыялогіі, і ў фізіцы. Затое гэтыя канцэпцыі былі сфармуляваныя не так даўно і яшчэ не да канца распрацаваныя. Давайце разбярэмся.
Тэорыя маятнікаў вядомая ўжо даволі даўно і выкарыстоўвалася ў самых розных сферах. Калі спрасціць і падагнаць усё пад адну схему, то выглядае гэта так: фармуюцца нормы, у супрацьвагу ім узнікае контркультура, у межах якой з'яўляецца запыт на контркультурныя нормы, што прыводзіць да абвінавачанняў у канфармізме і новых бунтаў.
Гэта працавала ў навуцы, культуры, палітыцы, тэорыі пакаленняў, мастацтве і г.д. І займала даволі шмат часу, бо абмен інфармацыяй адбываўся павольна. Людзі атрымлівалі сур'ёзную інфармацыю з кніг, якія палохалі назвай і колерам сваёй вокладкі, або непасрэдна ад носьбітаў гэтых ідэй, знешні выгляд якіх выклікаў шок у добрых грамадзян.
Сёння інфармацыя пра што заўгодна распаўсюджваецца з неверагоднай хуткасцю. Ідэі вельмі хутка знаходзяць прыхільнікаў і гэтак жа хутка атрымліваюць апанентаў. З улікам таго, што ў сучасным грамадстве людзі на адной тэрыторыі жывуць у сваіх інфармацыйных бурбалках, мы атрымліваем сітуацыю, калі ў адным пад'ездзе могуць адначасова існаваць групы, якія не чулі пра нейкую ідэю, тыя, хто пра яе чуў, але з кансерватыўных поглядаў ставіцца да яе негатыўна, прыхільнікі ідэі, радыкальныя прыхільнікі ідэі, тыя, хто лічыць ідэю ўжо састарэлай і прынцыповыя праціўнікі гэтай ідэі.
Цяпер у нас не адзін маятнік на ўсю краіну, а штук трыццаць на адной вуліцы. Тым не менш існуюць моманты яго аб'яднання пад уплывам нейкай ідэі або выкліку. Пасля чаго грамадства зноў распадаецца на тысячы асколкаў. У паліталогіі я знайшоў два апісанні такога працэсу: яго параўноўваюць з роем, калі кожная асоба (грамадская бурбалка) існуе аўтаномна, але ў выпадку небяспекі ўсе аб'ядноўваюцца ў адзін вялікі рой, альбо з вадкім грамадствам, дзе няма ніякіх пастаянных структур, але падчас крызісу ўсё замярзае ў адну форму. А пасля рой разлятаецца, а лёд растае.
Як нам гэта выкарыстаць? Маятнік грамадскага адзінства распаўся, і сабраць яго ў тым самым выглядзе ўжо немагчыма. Сёння беларусы зноў падзяліліся на групы, кожная з якіх знаходзіцца ў сваёй рэальнасці. Мы, вядома, можам павялічваць сваю бурбалку, але яе памер ніколі не стане дастаткова вялікім для зменаў. Значыць, варта шукаць такую ідэю, якая ў нейкі момант зможа стаць аб'яднаўчай.
Ідэі кампаній фармулююцца проста - банальная і пазітыўная ідэя, якая аб'яднае ўсіх, або, наадварот, продаж страху, агульнага для ўсіх. І такія ідэі для Беларусі сфармуляваць нескладана: законнасць, годнае жыццё, адсутнасць гвалту або, наадварот, пагроза вайны, страты дома, ізаляцыі.
Праблема ў тым, як гэта будзе сфармулявана, бо ідэя, якая прыйшла з «чужой» бурбалкі, не будзе ўспрынятая, нават калі па сутнасці з ёй усе згодныя. Больш за тое, людзі ў беларускіх бурбалках па-рознаму разумеюць словы. І я, і Лукашэнка гаворым пра законнасць і бяспеку, але нашы ўяўленні пра іх азначаюць, што адзін з нас павінен апынуцца ў турме.
Варта ствараць такія фармулёўкі, якія не будуць супярэчыць жаданням іншага боку не толькі па сэнсе, але і па форме слоў. Чым больш канкрэтна, тым лепш. Напрыклад: «Беларускае войска не павінна ваяваць ва Украіне». Знойдуцца тыя, хто так не лічыць, але іх чалавек 15–20, усіх можна назваць па імёнах. У базавым сэнсе гэта так. Таму давайце думаць над фармулёўкамі і рыхтавацца да крызісаў, бо менавіта ў такія моманты і становіцца магчымым аб'яднанне.
Post #945
482
- ❤ 1
- 👍 1