На мінулым тыдні было шмат заяваў ад украінскага боку аб тым, што Беларусь прымушаюць уступіць у вайну. Гучалі папярэджанні аб наступствах з боку Зяленскага і Броўдзі - кіраўніка войскаў БПЛА Украіны.
Пры гэтым ніякіх прыкметаў прымусу не назіраецца. Лукашэна і Пуцін хваляць адзін аднаго пасля параду 9 траўня, кантрольныя органы РФ і РБ даўно не знаходзілі забароненых рэчываў у прадуктах, а войскі Беларусі знаходзяцца ў сваім звыклым стане і колькасці. Хаця перакідка войскаў РФ і выкарыстанне краіны як плацдарму нельга выключаць.
Ці ёсць увогуле магчымасць прымусу Беларусі да вайны, калі Лукашэнка гэтага не хоча? А ён хутчэй за ўсё не хоча, ягоная сувязь з рэальнасцю, якую ён трэанслюе праз публічныя выказванні, вышэйшая, чым у Пуціна. Так што пагаворым сёння аб палітычнай суб'ектнасці Беларусі.
Да самастойнасці знешняй палітыкі Беларусі былі прэтэнзіі і да вайны. Тут можна дастаць капялюшы з фальгі, каб дакрануцца да канспіралогіі. Я размаўляў з 3 прадстаўнікамі беларускіх амбасадаў у розных краінах, якія лічылі, што некаторыя рашэнні, якія маглі б паўплываць на паляпшэнне стасункаў з ЕЗ, блакуюцца Расеяй. Адзін з пасольскіх работнікаў у 2018 годзе казаў, што смяротнае пакаранне ў Беларусі не адмяняюць менавіта з-за гэтага. Іншы запэўніваў, што Расея не анэксуе Беларусь толькі таму, каб мець дадатковы голас у розных міжнародных арганізацыях.
Пасля 2020 і 2022 сітуацыя стала горшай, правальныя выбары і ўдзел у вайне на баку агрэсара толькі ўзмацніла залежнасць ад Расіі і ператварыла шанцы на аднаўленне адносін з ЕЗ у фантазіі. Аднак Беларусь засталася фармальна незалежнай дзяржавай. Аказалася, што краіна можа даць Расіі нешта большае, чым вельмі важны голас у ААН - напрыклад трэніровачныя лагеры для ваенных і нафтаперапрацоўчыя заводы, да якіх не ляцяць украінскія беспілотнікі. Пакуль што.
Так, Лукашэнка ўсё яшчэ можа памяняць палітвязняў на Аземпік, і ЗША нават здымуць санкцыі (а ЕЗ не здыме, так што толку ад гэтага не шмат). Так, можна зноў пачынаць папулярызаваць беларускую культуру, хоць і пад кантролем (мабыць траўма 2020 крыху адпусціла). Можна нават прапаноўваць сябе ў ролі перагаворшчыка, у надзеі, што гэта паўплывае на міжнароднае прызнанне.
Аднак Украіна, чыё меркаванне ў рэгіёне на дадзены момант вырашальнае для Еўропы, за апошнія паўгода заявіла, "што Кіеў не мае ілюзій адносна самастойнасці Лукашэнкі" і "словы гэтага спадара нічога не значаць". І наладзіла кантакты з Ціханоўскай, чаго пазбягала да гэтага года.
І ў гэтай сітуацыі даводзіцца шукаць не самастойныя рашэнні Беларусі, а прычыны, па якіх краіна ўсё яшчэ незалежная. І галоўная прычына цяперашняй незалежнасці Беларусі ў тым, што ўключэнне яе ў склад Расіі не з'яўляецца прыярытэтнай задачай для РФ.
І Лукашэнка да пэўнай мяжы можа прадаваць сваю карыснасць у выглядзе эканамічнага і паўваеннага саюзніка. Тут у яго велізарны досвед, не думаю, што ў свеце ёсць палітык, які займаўся гэтым таксама доўга. Аднак фактычна гэта адзінае, чым ён можа займацца, паколькі войска і эканоміка РБ наўрад ці могуць прымацца ў разлік.
Сяргей Т
Post #944
430
- 👍 3
- 🫡 1