За апошнія пару тыдняў адбылося дастаткова, каб сцвярджаць – у беларускай знешняй палітыцы адбываецца нешта цікавае, а ў будучыні адбудзецца яшчэ больш. Давайце ўспомнім:
- У Мінск прыязджаў кіраўнік французскай разведкі
- З’яўлялася шмат заяў пра “ўцягванне” Беларусі ў вайну
- У беларускі аўтобус (ужо ў два) трапіў дрон
- Украінскі бок пагражаў і ставіў ультыматумы
- Беларусь пагадзілася з украінскімі патрабаваннямі
- З’явілася фэйкавае відэа з Рыжанковым, які расказвае пра здзелку паміж Беларуссю і ЗША
- Лукашэнка з’ездзіў да Пуціна, і яны пра нешта размаўлялі некалькі дзён – пра што, мы не ведаем, фота з лаўкі гэтым разам не выкладвалі
- Пасля гэтага Лукашэнка адразу паехаў у Кітай, і ў той жа дзень кітайскі бок заявіў пра важнасць суверэнітэту Беларусі
Лукашэнка відавочна наблізіўся да сваёй любімай ролі – пасярэдніка, які імкнецца ўседзець на некалькіх крэслах. Апошнім часам гэта яму ўдавалася не вельмі добра - большая частка “апоры” аказалася на расійскім крэсле. Цяпер парог талерантнасці да дыскамфорту відавочна пераадолены адразу некалькімі бакамі, і Беларусь як пляцоўка для дыпламатыі стала больш актуальнай.
Чым такая актыўнасць абернецца для звычайных людзей пры захаванні цяперашніх тэндэнцый? Па-першае, відавочна будзе прасцей атрымліваць візы – вось палякі ўжо заявілі, што гатовы ставіць больш штампаў, калі атрымаецца павялічыць штат консульскіх работнікаў. Па-другое, на санкцыі ў дачыненні да Беларусі будуць глядзець скрозь пальцы, прынамсі новых не прымуць. Па-трэцяе, пара б ужо заканчваць з арыштамі. У стылі: “мы нікога не саджаем, а вы ў нас угнаенні купляеце”.
Заўсёды можа здарыцца чарговы сюрпрыз, які пераверне дошку – Беларусь могуць усё ж прымусіць узяць удзел у вайне, Расія можа раптам “загарэцца”, нягледзячы на адсутнасць бензіну, або наадварот выкарыстаць неканвенцыйную зброю.
Але я апішу варыянты будучыні праз дзве ўспаміны: у 2011 годзе я казаў, што трэба ехаць на Балотную ў Маскву, бо пакуль у Расіі нічога не зменіцца, у нас таксама ўсё застанецца па-ранейшаму. Папутчыкаў не знайшоў і застаўся дома. А можа, менавіта мяне там і не хапіла.
А ў 2023 годзе ў мой горад заехаў калега, які намаляваў такую карціну: “Уяві сабе – вайна скончылася, Пуціна ўжо няма, санкцый няма, з дакументамі праблем няма, а мы ўсё яшчэ тут сядзім і думаем, як нам зрынуць Лукашэнку”.
Карацей, мы ў глабальнай кропцы біфуркацыі, калі сітуацыя можа разгарнуцца куды заўгодна. Таму спадзяёмся на прыемныя сюрпрызы, а рыхтуемся да таго, што ўсё будзе як звычайна.
Аўтар калонкі - Сяргей
Post #947
409
- 👍 4
- 🤔 1
- 😈 1