Што там з ідэалогіямі?
Апошнія гады людзі радыкалізуюцца, зрушваючыся да розных палюсоў палітычнага спектра. Але пры гэтым выразных прыхільнікаў канкрэтных ідэалогій становіцца ўсё менш.
Год таму ў адным з чатаў беларускіх актывістаў быў просты апытаннік: «Ты хутчэй правы ці левы?» - і тры варыянты адказу. З 70 чалавек 64 выбралі варыянт «нешта сярэдняе», 2 назвалі сябе правымі і 4 — левымі.
І мае асабістыя адчуванні гэта пацвярджаюць. За жыццё ў мяне былі розныя погляды, але ў апошнія гады я зразумеў, што ўжо не магу аднесці сябе да нейкай адной ідэалогіі. Я вырашыў праверыць, ці гэта не ілюзія, пачытаў даследаванні ў інтэрнэце і яны паказваюць падобную тэндэнцыю.
Сёння ўсё больш людзей арыентуюцца не на цэласную ідэалогію, а на набор асобных ідэй, якія могуць супярэчыць адна адной. Напрыклад: «я за сацыяльныя гарантыі, але мігрантам іх даваць не трэба, каб сюды не ехалі».
І партыі гэтым карыстаюцца. Замест цэласнай ідэалагічнай платформы яны ўсё часцей будуюць радыкальную пазіцыю вакол аднаго пытання - бо гэта прыцягвае ўвагу і дапамагае хутка ператвараць людзей у сваіх прыхільнікаў. А астатнюю частку іх праграмы можна не чытаць.
Цікава, што падобныя змены закранулі не толькі палітыку, але і рэлігію. Цяпер значна цяжэй сустрэць сапраўды ўцаркоўленага хрысціяніна, які кожную нядзелю ходзіць у царкву і строга прытрымліваецца канонаў. Значна часцей можна пачуць нешта кшталту: «У Бога я веру, але святарам не надта давяраю».
І тут узнікае пытанне: як увогуле цяпер будаваць пазіцыянаванне? Ці варта ісці шляхам радыкалізацыі, якая дае медыйнасць і хутка прыцягвае ўвагу? Або лепш абапірацца на максімальна агульныя каштоўнасці?
Я безумоўна прыхільнік дэмакратыі і свабоды слова - ва ўсім, акрамя прамых заклікаў да гвалту. Але адначасова я ўпэўнены, што значная частка зла, прыйшла з паўночнага ўсходу. Бо там яно ўкаранялася стагоддзямі. Бо яго дом у Расіі. Ігэта гучыць радыкальна, асабліва для беларускай аўдыторыі.
У гэтым і парадокс сучаснасці: пытанні пазіцыянавання становяцца ўсё больш складанымі, а сама ідэалагічная аснова адыгрывае ўсё меншую ролю. Людзі ўсё горш аб’ядноўваюцца вакол вялікіх ідэй, але ўсё лягчэй вакол эмоцый, страхаў і асобных тэм.
І нам трэба прыдумаць, што з гэтым рабіць.
Post #943
501
- ❤ 4
- 👍 2
- 🤔 2
- 🌚 1