Калі бачыў несправядлівасць ці проста разумеў, што нешта можна зрабіць лепш, мне цяжка было сказаць: ну і няхай, мяне гэта не датычыцца. Напэўна, таму я і пайшоў на тыя выбары, мне хацелася пераменаў тут і цяпер, а не нейкіх вялікіх слоў пра светлую будучыню. Хацелася даволі простых рэчаў: каб закон працаваў, каб чыноўнік адказваў чалавеку, каб кандыдат мог сустрэцца са сваімі выбаршчыкамі, каб газета не баялася надрукаваць яго праграму, а галасы на выбарах лічылі так, як людзі прагаласавалі.
Прайшлі выбары, афіцыйна за мяне прагаласавалі 14,8 працэнта выбаршчыкаў, пераможцам абвясцілі тагачаснага галоўнага ўрача Гомельскай абласной бальніцы Анатоля Касіма. Я мог бы сказаць: ну што ж, людзі так прагаласавалі, але ў нас былі назіральнікі. На некалькіх участках яны самі лічылі людзей, якія прыходзілі галасаваць, потым мы параўналі іх запісы з афіцыйнымі пратаколамі. Нашы назіральнікі налічылі 3912 выбаршчыкаў, а ў пратаколах было 6568. Розніца — 2656 чалавек, вось гэта мяне і цікавіла. Не мае 14,8 працэнта, не тое, чаму я не стаў дэпутатам. Я хацеў атрымаць адказ на простае пытанне: адкуль узяліся 2656 чалавек, якіх нашы назіральнікі не бачылі?
Мы падалі скаргу, мне паведамілі, што яна разглядаецца, а ўжо назаўтра афіцыйныя вынікі выбараў апублікавалі. Я пайшоў у суд, потым былі іншыя інстанцыі. Урэшце гэтая гісторыя дайшла да Камітэта ААН па правах чалавека і стала справай «Судаленка супраць Беларусі» (№ 1992/2010).
У камеры я часам думаў пра таго саракагадовага Судаленку. Што б я яму сказаў, калі б мог? Не трэба было ісці на тыя выбары? Не трэба было ставіць назіральнікаў? Не трэба было лічыць людзей? Не трэба было пісаць скаргу? Можа, трэба было проста пагадзіцца з вынікамі і жыць далей? Не, я б і зараз зрабіў тое самае. Калі нашы назіральнікі налічылі 3912 чалавек, а ў пратаколах з'явілася 6568, я як юрыст не мог зрабіць выгляд, што не заўважыў розніцы. Але цяпер я разумею: справа была нават не ў тым, што я юрыст, такі ў мяне характар, мне заўсёды трэба было дайсці да адказу. Калі мне казалі «нельга», я хацеў ведаць чаму нельга, калі казалі «так вырашана», пытаўся — кім і на падставе якога закона. Калі лічбы не сыходзіліся, хацеў ведаць, адкуль узялася розніца.
Часам думаю, што менавіта гэты характар спачатку прывёў мяне на выбары, а праз чатырнаццаць гадоў у турму. Вядома, у сорак гадоў я пра гэта не думаў, я не збіраўся станавіцца палітвязнем і не шукаў канфлікту з дзяржавай. Я проста хацеў пераменаў і рабіў тое, што лічыў правільным. А далей усё складалася з маленькіх рашэнняў. Не прамаўчаць, напісаць скаргу, пайсці ў суд, задаць пытанне, на якое чыноўнікі не хочуць адказваць. А калі не адказалі — задаць яго яшчэ раз, потым яшчэ.
У 2007 годзе гэты характар прывёў мяне на выбары. У 2021-м у турму. А прычына, калі падумаць, была адна і тая ж: я заўсёды хацеў пераменаў. Нядаўна я зноў убачыў тую старую перадвыбарчую ўлётку, гляджу на сябе саракагадовага. Яшчэ без турмы, без прысуду, без эміграцыі. Ён яшчэ не ведае, што будзе далей, не ведае, колькі будзе напісана скаргаў, колькі будзе судоў, колькі спраў паедзе ў Жэневу. Не ведае, што аднойчы сам будзе ляжаць на турэмных нарах і ўспамінаць гэтыя выбары.
А ўнізе на ўлётцы ўсё тое ж пажаданне: «Пусть Новый год принесет всем нам и каждому в отдельности добрые перемены». Амаль дваццаць гадоў прайшло. За гэты час я зразумеў адну простую рэч: перамены самі не прыходзяць, за імі заўсёды стаяць людзі, якія ў нейкі момант не прамаўчалі. А часам за жаданне пераменаў даводзіцца дорага плаціць. Але калі б сёння мне зноў трэба было напісаць некалькі слоў унізе той улёткі, я нічога не стаў бы мяняць.
Добрых пераменаў нам усім.
⚪️🔴⚪️ #ТурэмныяНататкі #Праваабаронца #Палітвязні #ПравыЧалавека #Гомель #Вясна #Беларусь2020 #МемуарыСудаленкі
Post #1133
11
- 👍 1
- 🔥 1