14 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. Але для многіх беларускіх сем’яў гэтае свята праходзіць у вымушанай разлуцы. Не менш за 18 жанчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей, знаходзяцца ў зняволенні па палітычных матывах. 26 дзяцей вымушаныя расці без сваіх маці побач.*
Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская падкрэсліла недапушчальнасць разлукі дзяцей з маці праз палітычны пераслед:
«Ніводнае дзіця не павінна расці без мамы толькі таму, што яна мела смеласць выказаць сваё меркаванне ці выступіць супраць несправядлівасці.
Як маці, я ведаю, наколькі важна быць побач са сваімі дзецьмі, бачыць, як яны растуць, падтрымліваць іх у цяжкія моманты. І мне балюча думаць пра тое, колькі такіх момантаў беларускія палітзняволеныя маці і іх дзеці вымушаныя прапускаць праз жорсткасць рэжыму.
У Дзень маці я хачу, каб мы асабліва памяталі пра гэтыя сем’і. Пра жанчын, якія павінны быць дома са сваімі дзецьмі, а не за кратамі. І пра дзяцей, якія кожны дзень чакаюць іх вяртання. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб кожная з гэтых сем’яў зноў была разам».
Аб’яднаны Пераходны Кабінет паслядоўна выступае за спыненне палітычных рэпрэсій і вызваленне ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі.
*Даныя сабраныя на падставе маніторынгу праваабарончага цэнтра «Вясна» станам на 13 кастрычніка 2026 года. Фактычная колькасць можа адрознівацца.

