Браты Кукальнікі ў беларускай Вікіпедыі
Дырэктар БІПГ Аляксей Ластоўскі дадаў у беларускую Вікіпедыю артыкулы пра Паўла і Нестара Кукальнікаў — братоў русінскага паходжання, звязаных з інтэлектуальным жыццём Вільні ХІХ ст.
Павел Кукальнік выкладаў у Віленскім універсітэце, займаўся гісторыяй і краязнаўствам, працаваў цэнзарам. Ён сябраваў з Уладзіславам Сыракомлем і дазволіў надрукаваць асноўныя беларускамоўныя творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, у тым ліку «Гапон» і пераклад «Пана Тадэвуша».
Нестар Кукальнік стаў вядомым расійскім пісьменнікам і прыхільнікам імперскай ідэалогіі. Аднак яго першыя гістарычныя раманы былі прысвечаныя ВКЛ. У іх ён паказваў Літву як язычніцкі край, што паступова схіляецца да Русі, і разважаў пра яе месца паміж праваслаўнай і каталіцкай культурнымі традыцыямі.
Гісторыя братоў Кукальнікаў раскрывае супярэчлівы свет Вільні да паўстання 1863 г., дзе імперская ідэалогія суседнічала з сяброўствам і супрацоўніцтвам з прадстаўнікамі мясцовай польскай і беларускай культуры.
Post #2793
362

- 👍 11
- 🤷♂ 2
- 🔥 2