TGViewer
Channel Public Channel
De facto. Беларуская навука

De facto. Беларуская навука

@belarusscience

Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Subscribers
1.58K
Photos
1.3K
Videos
1
Links
720

Showing posts older than #1649 · Back to latest

Older Posts 20 shown
Post #1648 1.26K
Якім быў канфлікт вакол цэнтральнай плошчы ў Полацку ў XIX ст.

Андрэй Лукашэвіч піша ў свежым нумары «БДУ. Гісторыя»: барацьба паміж Полацкім кадэцкім корпусам і гарадскім самакіраваннем пачалася з заснавання першага ў 1835 г. у сценах былога калегіума езуітаў. Кадэтам пад праваслаўны храм перадалі і былы касцёл Святога Стэфана. Нарэшце, на плошчы перад ім узнік помнік пра падзеі 1812 г. Уся прастора была перададзена кадэцкаму корпусу (на здымку – выгляд на плошчу ў 1915 г.).

Аднак з часам пляц дэ-факта ператварыўся ў неафіцыйны гарадскі бульвар. Падчас 50-годдзя корпуса ў 1885 г. «выгляд пляца, які выкарыстоўваецца ў якасці агульнадаступнага рынку і месца стыхійных гулянняў, мог успрымацца як прамое прыніжэнне карпаратыўнага гонару». Вайскоўцы запатрабавалі допуску гараджан на плошчу толькі па білетах.

Аднак гарадское самакіраванне атрымала перамогу ў мясцовым судзе. І ўсё ж у 1904 г. Мікалай II загадаў перадаць пляц і бульвар вайскоўцам. Па перыметры з'явілася высокая агароджа.
  • 👍 14
  • 🤷‍♀ 7
  • 🤡 7
  • ❤ 3
  • 😁 1
Post #1647 1.3K
Выйшла навукова-папулярная кніга пра Беларусь у IX-XV стагоддзях

Пабачыла свет другое выданне кнігі Івана Саверчанкі «Рождение легенды», у якой у даступнай форме раскрыта фарміраванне беларускай народнасці ў IX–XV стст. Прасочана ўзнікненне першых дзяржаўных утварэнняў на беларускай зямлі. Асвятляецца гераічная барацьба са знешнімі ворагамі – качавымі плямёнамі, крыжакамі і мангола-татарамі. Вызначана роля выдатных гістарычных асоб.

Паказана ўзнікненне беларускага пісьменства, літаратуры і славеснасці ў IX–XV стст., вызначаны сувязі з візантыйскай літаратурнай традыцыяй. Адзначаны ўплыў пісьменнікаў старажытнасці на ўмацаванне беларускай ідэнтычнасці. У кнізе 375 старонак.
  • 👍 30
  • 🤷‍♂ 3
  • 🤔 3
  • 🤡 2
  • 🍓 1
Post #1646 1.29K
Ледавік, які змяніў Палессе: што адбылося 450 тысяч гадоў таму

Група польскіх і ўкраінскіх навукоўцаў у свежым нумары часопіса Quaternary International паведаміла, што з выкарыстаннем сучасных геалагічных метадаў было праведзена даследаванне на трох участках: Калонія Стаўкі (Польшча), Арэхава (Беларусь) і Ростань (Украіна).

Выяўлена, што ледавіковыя адклады сфармаваліся тут падчас эльстэрскага зледзянення (MIS 12), а не пазнейшага заальскага (MIS 6), як меркавалася раней. Гэта значыць каля 480 000 - 424 000 гадоў таму, а не 194 000 - 135 000. Эльстэрскае зледзяненне – адзін з самых магутных ледавіковых перыядаў у гісторыі Еўропы (на ілюстрацыі Wikipedia – яго максімальная прастора), а заальскае супадае з глабальным перадапошнім ледавіковым перыядам.

Вынікі дазваляюць рэканструяваць этапы руху ледавіка (наступанне, стагнацыю, адступленне), удакладніць працэсы фарміравання рэльефу Заходняга Палесся і прапанаваць адзіны падыход да інтэрпрэтацыі геалагічных схем Польшчы, Беларусі і Украіны.
  • ☃ 24
  • 🔥 12
  • ❤ 3
  • 👏 2
  • 🍓 1
Post #1645 1.22K
NASA запусціла робата, каб выратаваць ад падзення на Зямлю каштоўныя тэлескопы

Аперацый такога кшталту да гэтага часу не было, і шанцы на поспех не стопрацэнтныя. Але навукоўцы, якім абсерваторыя пастаўляе каштоўныя здымкі, лічаць, што спроба вартая таго, паведамляе BBC. Гаворка – пра касмічную абсерваторыю Swift (на ілюстрацыі), якая вядзе назіранне за самымі магутнымі выбухамі зорак у Сусвеце. Яе арбіта знізілася да небяспечных значэнняў і калі не ўмяшацца, то яна ўпадзе на Зямлю.

І таму камерцыйная кампанія пад кіраўніцтвам NASA запусціла апарат пад назвай LINK. План просты: апарат захоплівае тэлескоп трыма «рукамі»-маніпулятарамі і штурхае Swift далей ад Зямлі і яе атмасферы, аднаўляючы параметры арбіты. Але проста гэта гучыць толькі ў апісанні.

Падзенне спадарожнікаў на Зямлю — справа звычайная. Але Swift – улюбёнец навукоўцаў і страціць яго ім асабліва шкада. І гэта пры тым, што замест запланаваных двух гадоў працы абсерваторыя правяла на арбіце ўжо 22 гады.
  • 🤔 18
  • ❤ 9
  • 👾 4
  • 👍 2
  • 👏 2
Post #1643 2.21K
Як і чаму зніклі драўляныя раёны Мінска

Антон Пятрухін піша ў свежым нумары кітайскага часопіса Built Heritage: да сярядзіны ХХ ст. большая частка Мінска была драўлянай, але знікненне гістарычных драўляных раёнаў не было выпадковасцю ці толькі вынікам дрэннага стану дамоў. Асноўнымі прычынамі сталі дзяржаўная горадабудаўнічая палітыка, слабая сістэма аховы гісторыка-культурнай спадчыны і эканамічныя інтарэсы.

У СССР у прыярыце было будаўніцтва шматпавярховых мікрараёнаў. Пасля 1991 г. дадаўся фактар высокіх коштаў на зямлю. На пачатку 1990-х ішла дыскусія пра магчымасць захавання гістарычных кварталаў, але эканамічны крызіс зрабіў яе неактуальнай. Акрамя таго, рэстаўрацыя драўляных дамоў патрабуе значнай дзяржаўнай падтрымкі.

Калі ў пачатку 1990-х пад дзяржаўнай аховай у Мінску знаходзіліся 62 драўляныя дамы, то сёння афіцыйны ахоўны статус захавалі толькі 13 дамоў у Паўночным завулку (на здымку), адзіным захаваным драўляным квартале сталіцы, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
  • 😢 20
  • 💔 13
  • 🤬 6
  • 👍 2
Post #1642 1.07K
Пасля рэстаўрацыі выстаўлены ў музеі абраз к. XVIII ст. з Кобрынскага раёна

Алтарны абраз «Уваход Гасподні ў Іерусалім» (канец XVIII – пачатак XIX ст., 191 х 325 см., палатно, алей) паходзіць з царквы Святой Параскевы в. Чаравачыцы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. У канцы XX стагоддзя там на месцы старога драўлянага храма была пабудавана новая мураваная царква. Рэстаўрацыя алтарнага абраза працягвалася больш за паўтара года, яе выканалі Л. Брагілеўская і П. Федаровіч.

Нядаўна твор паступіў у экспазіцыю Навукова-даследчага музея беларускага мастацтва і культуры, паведаміў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Рэжым працы музея пазначаны тут.
  • 👍 30
  • 🔥 8
  • 🙏 2
Post #1641 1.19K
Пабачыла свет кніга пра беларускія гаворкі Салечніцкага раёна Літвы

Пры падтрымцы Інстытута літоўскай мовы выйшла манаграфія польскага мовазнаўцы Міраслава Янковяка «Сучасныя беларускія гаворкі ў Літве. Том 2: Салечніцкі раён». У першым выданні серыі, якое пабачыла свет у 2023-м, разглядаліся беларускія гаворкі Варэнскага раёна.

Новы том знаёміць чытача з Салечніцкім раёнам, які разам з Віленскім «утвараў гістарычна адзіную і моцна паланізаваную тэрыторыю распаўсюджвання беларускіх дыялектаў», паведамляе Інстытут літоўскай мовы. Салечніцкі раён мяжуе з Гродзенскай вобласцю.

У канцы кнігі ёсць рэзюмэ на літоўскай і англійскай мовах. 354-старонкавае выданне таксама змяшчае дыялектныя тэксты і фотаздымкі. Кніга даступная ў літоўскіх анлайн-крамах.
  • 👍 23
  • ❤ 13
  • 🍓 7
  • ❤‍🔥 4
  • 🙏 1
Post #1640 1.85K
Рыцарскія раманы прыйшлі на беларускія землі з тэрыторыі сучаснай Харватыі

Ліля Цітко ў польскім часопісе Slavia Orientalis (2025 г.) правяла лінгвістычны аналіз помнікаў старабеларускай перакладной літаратуры, сярэдневяковых рыцарскіх раманаў – «Аповесці пра Трышчана» і «Аповесці пра Баву» (XVI ст.).

Аналіз паказаў, што творы, хутчэй за ўсё, былі перакладзены не напрамую з італьянскай, а праз страчаную сербска-харвацкую рэдакцыю. Верагодным месцам узнікнення пасрэдніцкіх тэкстаў была Далмацыя (раён Дуброўніка, тэрыторыя сучаснай Харватыі). Гэты рэгіён у Сярэднявеччы спрыяў узаемадзеянню раманскай і славянскай культураў. Паўднёваславянскія рэдакцыі рыцарскіх раманаў дасягнулі земляў ВКЛ, дзе былі створаны іх старабеларускія версіі.

У ВКЛ раманы былі адаптаваны: тэма кахання стала менш важным элементам сюжэту, чым тэма гераізму. Гэта тлумачыцца тым, што літаратурная дзейнасць была ў асноўным абмежавана манастырамі і адлюстроўвала ідэалогію перакладчыка ці перапісчыка.
  • ❤ 32
  • 👍 12
  • 🦄 9
  • ❤‍🔥 3
  • 🤔 1
Post #1639 1.22K
Дзве важныя знаходкі археалагічнага лета-2026

На адыходзячым тыдні стала вядома пра адкрыццё ў Ружанскім палацавым комплексе. Даследнікі выявілі дзве вежы першапачатковага замка Сапегаў к. XVI — п. XVII ст. (на здымку). Паводле гістарычных апісанняў, у адной з вежаў знаходзіўся кабінет Льва Сапегі, у іншай — капліца. Знаходка пацвердзіла, што першапачаткова цэнтральны корпус замка меў крыжападобную форму і тры абарончыя вежы. Падчас перабудоў XVIII ст. вежы былі разабраны і схаваны пад культурным пластом, а цяпер іх удалося зноў адкрыць для вывучэння, паведаміў газеце «Заря» археолаг Аляксандр Башкоў.

Тым часам экспедыцыя Інстытута гісторыі працягвае даследаванне «Замка Кміты» XVI ст. — гарадзішча Беразавец каля г. п. Карэлічы. У гэтым сезоне ўпершыню выяўлены ўчастак са слядамі драўлянай абарончай сцяны і абгарэлымі бярвеннямі. Сцяна складалася з двух радоў вертыкальна ўкапаных слупоў, размешчаных на адлегласці 1,2 метра адзін ад аднаго, паміж якімі ўкладваліся бярвенне.
  • 👍 25
  • ❤ 17
  • 🔥 3
  • 👏 2
Post #1638 2.31K
Гербы ў ВКЛ мелі не толькі шляхціцы, але і мяшчане

Алег Аднарожанка ў адным з леташніх нумароў літоўскага часопіса Lituanistica прааналізаваў геральдыку мяшчан у ВКЛ у к. XIV — сяр. XVII ст. Ён паказвае, што не толькі шляхта, але і заможныя мяшчанскія сем'і ВКЛ мелі свае гербы – спадчынная геральдычная традыцыя існавала ўжо з канца XIV ст.

На сёння знойдзены пячаткі мяшчан 32 гарадоў ВКЛ з сучасных тэрыторый Літвы, Беларусі, Украіны і Польшчы. З іх 15 належылі мяшчанам беларускіх гарадоў: Барысава, Брэста, Быхава, Гродна, Камянца, Копыля, Мінска, Мозыра, Нясвіжа, Навагрудка,
Пінска, Полацка, Слоніма, Слуцка і Віцебска. На ілюстрацыі – пячаткі Марціна і Васіля Іванавіча з Полацка, XV ст.

Як і ў шляхты, у мяшчан гербы былі спадчыннымі. Яны пераходзілі пераважна ад бацькі да дзяцей, а ў асобных выпадках — і праз жаночую лінію. Гэта сведчыць пра ўстойлівыя гарадскія роды, якія існавалі на беларускіх землях стагоддзямі. Гарадская эліта Беларусі была часткай агульнаеўрапейскай геральдычнай культуры.
  • ❤ 33
  • 👍 15
  • ❤‍🔥 5
  • 🔥 4
  • 👏 1
Post #1637 1.35K
Знойдзены найбуйнейшыя ў свеце могілкі кітоў. Некаторым астанкам – больш за 5 млн гадоў

Велізарныя падводныя могілкі на дне Індыйскага акіяна распасціраюцца амаль на 1200 кіламетраў на глыбіні 7000 метраў, паведамляе Bild. Незлічоныя косткі і шкілеты кітоў размешчаны ў зоне разлому Дыяманціна. Раней астанкі кітоў ніколі не знаходзілі на такіх вялікіх глыбінях.

Асаблівую цікавасць у навукоўцаў выклікае ўзрост знаходак: некаторым з іх больш за 5,3 мільёна гадоў. Таксама былі знойдзены шкілеты даўно вымерлых марскіх жывёл. Як піша часопіс Nature, падводнае пахаванне мае шмат арганізмаў і відаў, якія могуць быць новымі для навукі.

Даследнікі правялі 32 апусканні, падчас якіх сабралі ўзоры закамянеласцяў і натрапілі на сапраўдную скарбніцу кітовых шкілетаў. Паводле ацэнак спецыялістаў, там могуць знаходзіцца астанкі больш як дзесяці мільёнаў кітоў. Такая колькасць астанкаў жывёл тлумачыцца тым, што раён забяспечваў іх дастатковай колькасцю ежы.
  • 🐳 33
  • 🤔 12
  • 👍 6
  • 🔥 3
  • ❤ 1
Post #1636 1.2K
Чаму рускія стараверы ўцякалі на беларускія землі

Уладзімір Аўсейчык піша ў «Весніку Палескага дзяржуніверсітэта» (2025 г.) пра асаблівасці рассялення старавераў у паўночна-заходнім рэгіёне Беларусі ў другой палове XVIII ст. Іх міграцыя з Расійскай імперыі ў Рэч Паспалітую была выклікана не толькі рэлігійнымі пераследамі, значную ролю адыгрывалі таксама ўцёкі ад рэкруцкіх набораў, імкненне атрымаць лепшыя ўмовы жыцця, меншы падатковы ціск.

Асноўны паток перасяленцаў ішоў з памежных тэрыторый Расійскай імперыі. Крыніцы сярэдзіны XVIII ст. сведчаць пра масавыя ўцёкі сялян і старавераў, часам цэлымі вёскамі.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) адбылася новая хваля перасяленняў: частка старавераў перамясцілася з Латгаліі ў раён Браслава, Міёраў і Друі.

Да канца XVIII ст. на паўночным захадзе Беларусі сфарміраваліся ўстойлівыя арэалы рассялення старавераў. Найбольш буйныя з іх знаходзіліся ў сучасных Браслаўскім і Міёрскім раёнах, а меншыя — у Пастаўскім і Шаркаўшчынскім.
  • ❤ 18
  • 👍 15
  • 🔥 3
  • 🤡 2
  • 💯 2
Post #1635 1.19K
З-за чаго падалі і раслі кошты на зямлю ў Гродзенскай губерні ў 1865-1915 гг

Пра гэта піша Janusz Danieluk у Roczniki Dziejów Społecznych i Gospodarczych (2025 г.). Найбольшае зніжэнне кошту зямлі (–15%) адбылося ў 1865 - 1876 гг. з-за дзяржаўнай палітыкі, выкліканай паўстаннем.

Дзяржаўныя і канфіскаваныя маёнткі (землі з жыллёвай забудовай) маглі набываць толькі асобы праваслаўнага веравызнання, кошты наўмысна заніжаліся, каб зрабіць іх больш даступнымі для расійскіх чыноўнікаў і афіцэраў. Каталікі сярод шляхты, мяшчан і сялян, а таксама габрэі былі пазбаўлены права куплі такіх зямель.

На сельскагаспадарчыя землі найбольшы рост коштаў назіраўся ў 1901 - 1913 гадах: +900% у параўнанні з перыядам 1865 - 1900 гадоў. Гэта можна растлумачыць развіццём гарадскіх цэнтраў і пашырэннем дарожнай і чыгуначнай інфраструктуры (напрыклад, Палескай чыгункі). Да таго ж, пасля ўказа аб верацярпімасці 1905 года абмежаванні часткова змякчылі: права купляць маёнткі атрымалі каталікі з сялян і мяшчан, але не з шляхты.
  • 🤔 15
  • 👍 6
  • 😢 3
  • 💔 3
  • 💯 1
Post #1634 1.28K
Беларускія навукоўцы думаюць, як павысіць ураджайнасць рапсу да еўрапейскага ўзроўню

Праблему закранулі на навукова-практычнай канферэнцыі «Рапс: традыцыі, дасягненні і перспектывы», якая прайшла некалькі тыдняў таму. На ёй падсумавалі 40-гадовае развіццё культуры ў Беларусі, паведаміла газета «Навука».

Рапс апрацоўваюць у нашай краіне з сярэдзіны 1980-х. Тады сярэдняя ўраджайнасць складала каля 5 ц/га. У апошнія ж гады ў Беларусі яна стабільна больш за 20 цэнтнераў, адзначылі на канферэнцыі. А два гады таму ў спрыяльны для рапсу аграсезон удалося наблізіцца да сярэдняй ураджайнасці па краіне ў 28 ц/га (раней афіцыйна паведамлялася, што ў 2024-м ураджайнасць дасягнула 24,8 ц/га.).

Пры гэтым гендырэктар НПЦ па земляробстве Сяргей Краўцоў адзначыў: «Еўрапейцы са сваімі лепшымі гібрыдамі і перадавымі тэхналогіямі атрымліваюць у сярэднім 30 цэнтнераў на круг». На рынак Беларусі актыўна выходзяць замежныя гібрыды, але хутка іх павінны пацясніць айчынныя, спадзяюцца навукоўцы.
  • 👍 15
  • 🤷‍♀ 10
  • 😁 7
  • 🔥 3
  • 🥴 3
Post #1633 1.3K
Якія фактары ўплывалі на кар'еру пісараў ВКЛ

Vita Malašinskienė у літоўскім зборніку Moteris prie istorijos šaltinio (2024) прааналізавала дакументы 1566 - 1623 гг. Найвышэйшымі кіраўнікамі канцылярыі ВКЛ (органе дзяржкіравання) былі канцлер і падканцлер, ім падпарадкоўваліся пісары. Апошнія пры паспяховай кар'еры маглі стаць падканцлерамі або канцлерамі, ці заняць іншыя пасады. Пісары правяралі падрыхтаваны дакумент на адпаведнасць Статуту ВКЛ, пасля чаго падпісвалі.

Аналіз біяграфій найбольш актыўных пісараў — Льва Сапегі, Габрыэля Войны, Яўстаха Валовіча, Мацея Войны і Аляксандра Гасеўскага — паказвае, што паспяховая кар'ера была ў тых, хто пачаў службу ў маладым узросце і карыстаўся даверам кіраўніцтва (канцылярыя ВКЛ перамяшчалася разам з вялікім князем). Навучанне ў еўрапейскіх універсітэтах значна павялічвала шанцы заняць найвышэйшыя пасады.

Выпадак Яўстаха Валовіча, які хутчэй за старэйшага брата дасягнуў пасады падканцлера, паказвае: для кар'еры не мела значэння працягласць працы ў канцылярыі.
  • 👍 21
  • ✍ 11
  • 👏 1
  • 🙏 1
Post #1632 1.29K
Пра кнігу «Феномен Берасцейскай уніі»

У «Беларускім гістарычным аглядзе» выйшла рэцэнзія Святланы Марозавай на кнігу ўкраінскага даследніка Леаніда Цімашэнкі «Феномен Берасцейскай уніі». Ён аспрэчвае традыцыйнае ўяўленне пра «глыбокі крызіс» Праваслаўнай царквы і называе асноўнымі матывамі уніі жаданне ўраўнаваць правы праваслаўнай іерархіі з каталіцкай і імкненне захаваць усходні абрад.

Берасцейская унія мела супярэчлівыя наступствы: выклікала раскол паміж праваслаўнымі і уніятамі, але спрыяла развіццю адукацыі і збліжэнню з еўрапейскай культурай. «Услед за даследчыкам, якому бачыцца непахіснае значэнне уніі як спецыфічнай гістарычнай падзеі канца XVI ст. у працэсе збліжэння Украіны з Еўропай, дададзім, што Берасцейская унія – гэта яшчэ і ўклад Беларусі ў еўрапейскую культуру і хрысціянскую цывілізацыю ў цэлым», – піша Марозава.

Пры гэтым яна крытычна ацэньвае выкарыстанне ў манаграфіі тэрміна «руская Царква» (пры іншым тэрміне «Маскоўскае праваслаўе»): варта было б «беларуска-ўкраінская Царква.
  • 🤔 23
  • 👍 13
  • 👏 2
  • ❤ 1
Post #1631 1.11K
Старажытнагрэцкія амфары з віном знайшлі на дне Міжземнага мора

У 2023 годзе вадалазы, якія праводзілі папярэднія пошукі для будаўніцтва марской ветраэлектрастанцыі ля ўзбярэжжа італьянскага рэгіёну Калабрыя, натыкнуліся на вінныя амфары на марскім дне, піша Bild. Навукоўцы высветлілі, што каля 300 сасудаў з віном перавозілі на грузавым судне прыкладна ў 375 годзе да нашай эры. Груз захаваўся некранутым, хаця сам корпус карабля разбурыўся пад вадой.

Інфармацыю пра знаходку доўгі час трымалі ў сакрэце, толькі нядаўна Міністэрства культуры Калабрыі аб'явіла аб адкрыцці. За стагоддзі посуд пакрыўся пластом марскіх ракавінак, аднак навукоўцы спадзяюцца, што некаторыя коркі захавалі герметычнасць. Яны разлічваюць атрымаць каштоўныя звесткі – аб старажытным вінаробстве і гандлёвых сувязях.

Спецыялісты рыхтуюцца да ўздыму амфар. Аднак ужываць віно ўзростам 2400 гадоў не раяць: смак напоя, хутчэй за ўсё, даўно перастаў нагадваць віно, да таго ж у ім маглі ўтварыцца шкодныя прадукты распаду.
  • 🍾 32
  • 👍 9
  • ❤ 4
  • 🔥 2
  • 👏 1
Post #1630 1.6K
Паміж этнаграфіяй і прапагандай: як немцы паказвалі Беларусь у Першую сусветную

Сяргей Грунтоў піша ў зборніку «Беларускі фальклор» (2026 г.): большасць выяваў на паштоўках і ў нямецкіх газетах на беларускіх землях у Першую сусветную вайну былі прысвечаны культуры беларусаў і яўрэяў – мястэчкам, вёскам, капліцам і могілкам, партрэтным выявам. Яўрэйская культура ўспрымалася як гарадская і больш цывілізаваная – мова была больш зразумелая, у нямецкай арміі служыла нямала яўрэяў.

На вясковую беларускую культуру глядзелі з каланіяльнай перспектывы, як на менш развітую. Часта здымалі самыя бедныя хаты. Многія выявы, асабліва маляваныя, маглі мець карыкатурны характар. Подпісы да іх не пакідаюць сумневу: выявы павінны былі выклікаць смех – і ў вайскоўцаў, і ў тых, хто атрымліваў іх у куды больш «цывілізаваных» нямецкіх вёсках і гарадах.

Разам з тым ўжо ў перыяд акупацыі 1915 - 1918 выйшаў шэраг нарысаў з спробай разумення беларускай культуры, а пасля вайны – шэраг навуковых публікацый. На здымку — ваколіцы Пінска
  • 🤔 30
  • 🤯 6
  • 👀 5
  • 🤷‍♂ 3
  • 🤬 1
Post #1629 1.27K
Пра зацікаўленасць астралогіяй у сям’і канцлера ВКЛ Льва Сапегі

Наталля Сліж піша ў апошнім «Беларускім гістарычным зборніку»: астралогія стала прысутнічала ў жыцці Льва Сапегі (1557 – 1633), што пацвярджаецца праз бібліятэчныя зборы, кантакт з астролагам Бернардам з Кракава, падтрымку яго выданняў. Зацікаўленасць астралогіяй мела месца і ў іншых шляхецкіх родах ВКЛ, яна не азначала цемрашальства шляхты, а лічылася нармальнай з’явай.

Леў Сапега выкарыстоўваў астралогію і ў палітычных мэтах. У 1596 г. у Вільні выйшла кніга з расказам пра тое, што турэцкі султан вырашыў забіць астролага, які агучыў дрэнны для ўладаў прагноз. Пры сустрэчы з забойцамі астролаг дадаў, што паўночны народ (палякі) будзе кіраваць туркамі. Гэты прагноз выкарыстоўваўся для таго, каб матываваць хрысціянскія дзяржавы, у тым ліку і Маскоўскае княства, для аб’яднання супраць туркаў. Леў Сапега мог выступаць замоўцам гэтай кнігі.

Сын Казімір Леў працягнуў бацькоўскую традыцыю, падтрымліваў выданне астралагічных твораў.
  • 👍 25
  • ❤ 10
  • 😁 6
  • 🤡 5
  • 😐 4
Post #1628 1.15K
Пра канфлікт савецкай улады з евангельскай грамадой ў БССР

Таццяна Лісоўская ў расійскім «Весніку РДГУ» (2025 г.) піша: на пачатак 1930-х у БССР было 86 познепратэстанцкіх супольнасцей з тысячамі вернікаў. Пасля пастановы ЦК ВКП(б) «Аб сектанцтве» (1927) па БССР пракацілася хваля выкрыцця выпадкаў фінансавання дзейнасці баптыстаў з-за мяжы. Была арганізавана «Добрушская справа». У 1930-х актыўна нацыяналізавалі малітоўныя дамы.

Разам з тым у 1937-м у Тураўскім раёне адмовіліся ад афармлення пашпарта 100 вернікаў, у 1938 г. – ужо 183. Вернікі таксама імкнуліся адгарадзіць дзяцей ад атэістычнай савецкай культуры, забараняючы ім развучваць вершы і спяваць у школе савецкія песні.

Перапіс 1937 г. успрымаўся як кляйменне, а савецкія ўлады трактаваліся як «улады антыхрыста». Вернікі пяцідзесятнікі г. п. Ялізава Асіповіцкага раёна (да 100 чалавек) да ВАВ праводзілі сходы па кватэрах і ў лесе. У 1937 - пачатку1938 НКУС БССР ліквідавала шэраг «сектанцкіх» арганізацый, па якіх арыштавалі і асудзілі 860 чалавек.
  • 🤔 15
  • 😢 12
  • ❤ 4
  • 🤬 4
  • 💔 1
Older posts →
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →