Дзве важныя знаходкі археалагічнага лета-2026
На адыходзячым тыдні стала вядома пра адкрыццё ў Ружанскім палацавым комплексе. Даследнікі выявілі дзве вежы першапачатковага замка Сапегаў к. XVI — п. XVII ст. (на здымку). Паводле гістарычных апісанняў, у адной з вежаў знаходзіўся кабінет Льва Сапегі, у іншай — капліца. Знаходка пацвердзіла, што першапачаткова цэнтральны корпус замка меў крыжападобную форму і тры абарончыя вежы. Падчас перабудоў XVIII ст. вежы былі разабраны і схаваны пад культурным пластом, а цяпер іх удалося зноў адкрыць для вывучэння, паведаміў газеце «Заря» археолаг Аляксандр Башкоў.
Тым часам экспедыцыя Інстытута гісторыі працягвае даследаванне «Замка Кміты» XVI ст. — гарадзішча Беразавец каля г. п. Карэлічы. У гэтым сезоне ўпершыню выяўлены ўчастак са слядамі драўлянай абарончай сцяны і абгарэлымі бярвеннямі. Сцяна складалася з двух радоў вертыкальна ўкапаных слупоў, размешчаных на адлегласці 1,2 метра адзін ад аднаго, паміж якімі ўкладваліся бярвенне.
Post #1639
1.22K

- 👍 25
- ❤ 17
- 🔥 3
- 👏 2