TGViewer
Channel Public Channel
STATKEVICH M

STATKEVICH M

@statkevichm

Subscribers
2.03K
Photos
18
Videos
2
Links
1

Showing posts older than #79 · Back to latest

Older Posts 19 shown
Post #78 3.75K
МЁРТВЫЯ НЕ ВІНАВАТЫЯ
Напрыканцы чэрвеня 2020 года, падчас адбывання арышту ў ізалятары на вуліцы імя Акрэсьціна мне завочна дадалі яшчэ 15 сутак арышту за "правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства" - ускладання 8 мая таго ж года на Вайсковых могілках Мінска кветак да магіл загінуўшых салдат. Я думаю, што цяжка знайсці больш красамоўнае сведчанне сапраўднага стаўлення ўлад да памяці шматмільённых ахвяр той, развязанай таталітарнымі рэжымамі вайны.
Сама традыцыя ўскладваць кветкі на салдацкія магілы 8 мая - у дзень, калі насамрэч у Еўропе завяршылася крывавая бойня, была распачатая аж у 1992 годзе дэлегатамі з'езду "Беларускага згуртавання вайскоўцаў".
Дэлегаты - афіцэры-беларусы, якія служылі ў розных кутках СССР, прыехалі ў Мінск, каб дамагчыся права служыць у Беларусі і Беларусі. Яны ведалі, якія масавыя страты неслі савецкія войскі падчас лабавых атак, у многіх загінулі родныя, некаторыя самі удзельнічалі ў афганскай вайне. Яны разумелі, што афіцыйныя мерапрыемствы каля велізарных манументаў, парады, салюты, ўрачыстыя сходы і сапраўдны смутак па загінулым - розныя рэчы. Таму прапанавалі, згодна з традыцыямі нашага народа, прыйсці ў гэты дзень да магілаў палеглых. Далей гэтую традыцыю падтрымлівалі актывісты БЗВ, потым - Народнай Грамады.
Ў другой палове 90-х традыцыя была дапоўнена. Тады людзі актыўна пратэставалі супраць спроб "на каленях паўзці" ў Расію і цягнуць туды Беларусь. Многім прыйшлося пазнаёміцца з ўмовамі "ізалятара для "правапарушальнікаў" на вуліцы імя лётчыка Акрэсціна, загінуўшага ў 1944 ва ўзросце 21 год. Я там агулам правёў каля года.
Каб абараніць гонар маладога героя, які не можа мець нічога агульнага з пэнітэнцыярнай ўстановай на вуліцы яго імя, мы пачалі ўскладаць кветкі і да яго магілы.
Наша традыцыя захоўвалася дзесяцігоддзямі. У тым ліку і тады, калі кіраўніцтва Народнай Грамады было у зняволенні. Захоўвалася яна і апошнія 6 гадоў. Сёння яна была зноў працягнутая.
Зараз гісторыя паўтараецца. Зноў пачатая вайна з мэтай ўзяць рэванш за прайграную, толькі ўжо не першую сусветную, а трэцюю сусветную "холодную" вайну, зноў спрабуюць вярнуць страчаныя тэрыторыі, толькі не Данцыг і Эльзас, а Крым і ўсю Украіну, зноў "бароняць правы суайчыннікаў", толькі не ў Судэтах, а на Данбасе, зноў хочуць збудаваць свой мир, толькі не "арыйскі" а "русский". І спрабуюць скарыстаць у сваёй вайне тых, хто змагаўся і загінуў, спрабуючы спыніць ўсё пералічанае. Мёртвыя не вінаватыя, калі іх скарыстоўваць у палітычных гульнях ды інфармацыйных войнах. Яны не могуць ўстаць з магіл, каб абараніць сябе. Як не можа ўстаць з магілы на Вайсковых могілках лётчык Акрэсцін, каб запярэчыць таму, што яго імя ў вачах усёй планеты звязалі з месцам, дзе людзей катавалі за іх перакананні.
  • ❤ 91
  • 👏 17
  • 👍 9
  • 🙏 1
Post #77 3.4K
  • 🤬 51
  • 🤡 13
  • 😱 8
  • 😢 4
  • 👍 3
  • 👾 2
  • ⚡ 1
  • 🤮 1
Post #76 2.61K
Адзін палітык з самай першай групы палітычнай эміграцыі нашага часу, імаверна, здолеў вывезці ці атрымаць архіў сваёй партыі. І цяпер амаль пры любой нагодзе дакументальна абгрунтавана заяўляе пра мудрасць сваёй колішняй партыі і яе правадыра, якія геніяльна ўсё прадбачылі.
Мне шкада сваіх акаўнтаў, бо яны - аб'ектыўныя сведчанні пяці гадоў змагання, вымушаная абставінамі фіксацыя гісторыі беларускага супраціву - непадцэнзурная інфармацыя пра канкрэтныя рэальныя дзеянні, пра тое, як рыхтаваўся 2020 год, заклікі, фота, відэазапісы падрыхтоўчых акцый 2015-2020 гадоў. Каму яшчэ доступна і цікава - карыстайцеся.
  • ❤ 45
  • 👍 14
  • ❤‍🔥 6
  • 😁 2
  • ⚡ 1
  • 🔥 1
  • 😢 1
Post #75 2.83K
ВЫМУШАНАЯ ГІСТОРЫЯ ДЗЕЯННЯЎ
Рашэннем Ленінскага суда Гародні ад 23.04 мой акаунт у Фэйсбуку прызнаны "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Звычайная зараз навіна. Да таго ж, лёгка прагназуемая. Заўважце, я не карыстаўся гэтым акаўнтам амаль 6 гадоў. І ўсе гэтыя гады ён экстрэмісцкім не быў. Але тое, што ён такім абавязкова стане пасля майго "ўмоўнага" вызвалення, я не сумняваўся. Не стаў нават рабіць спробы аднавіць яго, бо паролі згубіліся, а аднавіць іх праз візуалізацыю было праблемна з-за маей дастаткова кардынальнай візуальнай змены. Таму не стаў траціць час на гэта. Хаця мне ніякавата, што так і не здолеў павітацца, а цяпер ужо і развітацца з 5,6 тысячамі падпісаных на мой акаунт. Даруйце, сябры!
Зарэгістраваны гэты акаўнт быў яшчэ падчас майго зняволення пасля "Плошчы-2010". Я выйшаў у 2015 годзе на волю ў іншы, істотна зменены свет. Амаль у кожнага з'явіўся смартфон, мільёны беларусаў прысутнічалі ў сацыяльных сетках. Я адразу ж пачаў карыстацца новымі магчымасцямі для ажыўлення палітычных могілак, у якія ператварылася грамадскае жыццё ў краіне.
Тады анансаваць несанкцыянаваную палітычную акцыю ў апазіцыйных СМІ, каб сабраць на яе людзей, апынулася вельмі праблематычным. Атрымаць жа "дазвол" на акцыю ў цэнтральных раёнах Мінска было немагчыма. Падавіўшы актыўнасць палітычнай апазіцыі, рэжым ўзяўся за СМІ. Іх і раней складанае становішча яшчэ больш ўскладнілася. Анонс несанкцыянаванай акцыі быў аб'яўлены адміністрацыйным правапарушэннем.
За два такіх "правапарушэнні" СМІ мог быць ліквідаваны. Да рэдакцыі кожнага апазіцыйнага СМІ, што месцілася на тэрыторыі Беларусі, быў прымацаваны супрацоўнік "органаў", які аказваў ціск, забараняў, пагражаў, нават навязваў пэўнае асвятленне канкрэтных палітыкаў і іх дзейнасці. Ведаю і глыбока паважаю рэдактараў, якія і ў такіх сітуацыях захоўвалі прафесійную і чалавечую прыстойнасць. Аказаць рэгулярную інфармацыйную падтрымку ў такіх умовах магла толькі "Хартыя-97", якая месцілася па-за зонай дасягальнасці рэжыма. Праз пэўны час, ўбачыўшы небясьпеку, улады заблакавалі сайт, абцяжарыўшы доступ да яго.
Так што я быў проста змушаны абставінамі амаль адразу пасля вызвалення пачаць шырока карыстацца сацыяльнымі сеткамі для аднаўлення палітычнай актыўнасці грамадства. Перыядычна я размяшчаў там аналітычныя матэрыялы, але асноўным іх прызначэннем для мяне сталі анонсы масавых акцый і асвятленне іх вынікаў. Па сутнасці, я вешаў у акаўнце аб'яву з інфармацыяй пра акцыю, да пачатку мерапрыемства "ахоўваў" гэтую аб'яву ад троляў, а потым даваў інфармацыю пра вынікі акцыі. Ў першыя гады апошняга зняволення, калі яшчэ даходзілі лісты з волі, мне пісалі некаторыя людзі і прасілі прабачэння за крытыку мяне ў сацыяльных сетках, бо як яны лічылі цяпер, гэта крытыка не была слушнай. Гэта вы даруйце, сябры! Справа ў тым, што я не бачыў вашай крытыкі, бо ніколі не чытаў стужкі ў сацыяльных сетках - у мяне проста не было на гэта часу. Пасядзеўшы гады ў бетонных скрынках выйсці на вольны свет, дзе неба, дрэвы, людзі ды шмат рэальных спраў, каб сядзець днямі, ўткнуўшыся ў экран гаджэта - такое, як мінімум, нерацыянальна.
Кожны палітычны суб'ект імкнецца стварыць сваю версію гісторыі. Гэта гісторыя фіксуецца ў СМІ, у дакументах, у сведчаннях сведкаў падзей. Як ствараецца афіцыйная версія гісторыі - зразумела. Але і альтэрнатыўныя версіі не заўсёды бездакорныя.
Памятаю, як некалі мяне, маладога сябра сацыял-дэмакратычнай Грамады, напачатку вельмі здзіўляла, што асноўныя намаганні кіроўныя органы партыі прыкладалі да складання ўсялякіх заяў па любым нагодам. Ды марнавалі ў спрэчках над іх тэкстамі вельмі шмат часу. Потым я зразумеў, што большасць гэтых органаў складалі прафесійныя гісторыкі, якія ведалі, што іх калегі пры аднаўленні хады мінулых падзей найчасцей звярталіся менавіта да архіваў дакументаў. Таму імкнуліся стварыць як мага болей такіх дакументаў, каб потым мець магчымасць сцвярджаць, што "мы ж першыя пра гэта казалі" ці, "першыя пра гэта папярэджвалі". Ня ведаю, дзе цяпер той партыйны архіў і ці будзе ён каму-небудзь цікавым. Хаця, ёсць прыклад і паспяховага прымянення такой стратэгіі.
  • ❤ 49
  • 👍 13
  • ❤‍🔥 6
  • ⚡ 1
  • 😢 1
  • 💯 1
Post #73 2.56K
ШЛЯХ ВОЛЬНЫХ

Я, ў асноўным, завяршыў аднаўленне свайго вялікага па аб'ёму эсэ, прысвечанага выбару чалавекам спосаба сваіх паводзін у складанай сітуацыі і, ўвогуле, ў жыцці. Гэты матэрыял быў прадуманы ў вельмі складаным для мяне 2023 годзе, пераважна, у ШІЗА і пазней запісаны. Падчас спробы незаконнай дэпартацыі з Беларусі мае запісы зніклі ў СІЗА КГБ. Адноўлены тэкст вельмі важны для мяне, бо завяршае мае публікацыі на гэту тэму і адказвае на пытанні, да якіх я звяртаўся ў сваіх ранейшых працах. На жаль, ён занадта вялікі для публікацыі на маім канале. Хацелася б апублікаваць яго на паперы ў адным зборніку разам з іншымі турэмнымі эсэ. Праўда, я яшчэ цяжка разумею, як гэта можна зрабіць у маёй сённяшняй сітуацыі. А пакуль прапаную тут некаторыя свае папярэднія эсэ на тую ж тэму. "Этыка вольных" тут ужо была. "Шлях вольных", які працягвае тэму, напісаны ў 2006 годзе, падчас знаходжання на "хіміі" у вёсцы Блонь, дзе я працаваў слесарам па рамонту электраабсталявання трактароў у мясцовым саўгасе.

Шлях Вольных

Было гэта на адным з палiгонаў у казахскiм стэпе, куды наша брыгада прыехала з Поўначы для баявых стрэльбаў па паветраных мiшэнях. Камандны пункт брыгады, за тэхнiку якога я адказваў, месцiўся ў бункеры з вельмi складаным уваходам, падобным да лабiрынта з перашкодамi. Аднойчы, калi мне трэба было тэрмiнова трапiць на паверхню, мясцовы iнструктар сказаў, што ёсць яшчэ адзiн, вельмi просты выхад — цёмны калiдор. Ён зачынiў за мной бранiраваныя цяжкiя дзверы i я апынуўся ў поўнай цемры. Хацелася вярнуцца назад, у аператыўную залу каманднага пункта, дзе ў вялiкай прасторы зяленым ды сiнiм свяцiлiся шматлiкiя планшэты i экраны. Пайшоў наперад, выставiўшы рукi перад сабой. Амаль адразу натыкнуўся на халодную сценку калiдора. Узяў у другi бок. Вельмi хутка — зноў сцяна. Пакрысе, усе радзей натыкаючыся на сцены, я выбраў накiрунак, якi вывеў мяне да такiх жа бранiраваных дзвярэй, за якiмi было неба i залiты сонцам стэп.

Я веру, бо маё пачуццё i досвед сведчаць пра тое, што чалавеку прызначаны ў ягоным жыццi свой Шлях. Але вельмi цяжка i складана вызначыць, якi гэта Шлях. Як i вельмi складана прайсцi свой Шлях да канца.

Я часам узгадваю той цёмны калiдор, бо гэты выпадак нагадвае мне пошук свайго Шляху чалавекам, якi хоча быць вольным. Ты пачынаеш у цемры, не ведаючы, куды iсцi. Твой компас — уласная годнасць. Хочацца вярнуцца назад, у штучны свет звыклых жыццёвых стэрэатыпаў i банальных памкненняў. Так страшна заблукаць у гэтай цемры iснавання з разбiтымi iдэаламi i марна патрачаным жыццём. Але, калi ты хочаш прайсцi сваiм Шляхам, калi, натыкаючыся на перашкоды, збiваючы каленi i абдзiраючы рукi, ты рухаешся наперад, то знойдзеш яго i пройдзеш iм. Галоўнае — не спыняйся, не павярнi назад, а тое, што абрала цябе для гэтага шляху, i твая годнасць падкажуць накiрунак. Не спыняйся, i за iржавымi дзвярыма навязанных звычак, накопленных стагоддзямi страху i прынiжэнняў, ты ўбачыш неба, i сонца свабоды асвецiць твае жыццё. Я веру ў гэта. Я веру ў свой Шлях.

Мiкалай Статкевiч,
в. Блонь Пухавiцкага раёна Мiнскай вобласцi,
верасень 2006 г.
  • ❤ 121
  • 👍 26
  • ❤‍🔥 10
  • 😢 2
Post #72 4.02K
НАРМАЛІЗАЦЫЯ ПОДЛАСЦІ.
Нядаўна да мяне зноў звярнуўся былы сябра Народнай Грамады, які зараз знаходзіцца за межамі нашай краіны, яшчэ з адным пытаннем: "Мікалай Віктаравіч, я і мае сябры ўдзячныя за Вашы грунтоўныя і цікавыя адказы на нашыя папярэднія пытанні. Але зараз мы абмяркоўвалі пытанне, звязанае з маральнымі рэчамі. Неразуменне выклікаюць некаторыя матэрыялы, што з'яўляюцца на пэўных дэмакратычных рэсурсах. Калі рэсурс, арыентаваны на нацыянальную культуру, рэгулярна звяртаецца да асвятлення прыватнага жыцця мярзотніка, які купіў сабе свабоду за кошт свабоды сваіх калегаў, абмяркоўвае нават колер трусоў яго сужыцелькі, калі відэаканал гэтага ж рэсурсу рэгулярна дае слова даносчыцы, з-за якой былі зняволены яе калегі, калі вызваленая палітзняволеная прызнаецца ў супрацоўніцтве са сваімі катамі, ухваляе іх, ды яшчэ заяўляе, што ніхто не мае права папікнуць яе гэтым. Як Вы ацэньваеце ўсё гэта?

Я ніколі не папікаў і не папікну нікога, хто дзеля сваёй свабоды падпісаў нейкае "прашэнне", наадварот, заўсёды радуюся, што для некага скончылася турэмнае пекла. Зрэшты, чалавечая годнасць належыць самому чалавеку, і калі ён вырашыў памяняць яе на выйсце з цяжкой сітуацыі і думае, што здолее з гэтым жыць, то гэта яго годнасць і яго жыццё.
Іншая справа, калі дзеля вызвалення нехта ідзе на даносы, на стукацтва. Лічу, што гэта найвялікшая подласць - абменьваць сваю свабоду на свабоду іншых людзей. Даносчыкі для мяне падонкі, з якімі я не маю ніякіх спраў. Тыя, хто патурае ім, тыражуе іх погляды ці жыццё, нармалізуе іх подласць. Мабыць, у душы "нармалізатараў" таксама ёсьць нешта падобнае.
Таксама лічу недапушчальным і стукацтва сярод палітзняволеных. Гэта няпраўда, што паведамляючы "нязначныя" звесткі пра іншых адміністрацыі, вы не шкодзіце ім. Вы не можаце ведаць, для якіх мэтаў і калі могуць быць скарыстаныя паведамленыя вамі звесткі, калі іх дастануць з асабістай справы, каб скарыстаць для нейкага "аператыўнага мерапрыемства", каб зрабіць становішча ахвяры вашага даносу яшчэ больш невыносным. Спробы апраўдання свайго стукацтва зразумелыя - людзі амаль заўсёды апраўдваюць сябе. Але ж публічнае апраўданне подласці нармалізуе яе, наносіць шкоду маральнаму здароўю грамадства і ўзмацняе пазіцыі ворагаў свабоды. Таму трэба спыняць "нармалізатараў" ды іх "герояў".
Што тычыцца апраўдання ўласных катаў, то міжволі ў галаву прыходзіць убачанае у дзяцінстве - як сабака ліжа боты гаспадару, калі той б'е яго. Што ж трэба зрабіць з чалавекам, каб давесці яго да стану таго сабакі?
Метадаў для гэтага хапае. Але яны патрабуюць сістэмнай працы вялікай колькасці людзей з немалымі заробкамі. Навошта траціць немалыя грошы, час, каб нейкі чалавек, палітвязень, хай і вядомы сярод сваіх былых аднадумцаў, але ніякі не экстрэміст, не тэрарыст, публічна зганіў сябе? Думаю, што ёсць тры прычыны гэтага:
1). Чым болей медыйны чалавек, то тым больш шырокае ўздзеянне на грамадства акажа нармалізацыя ім даносаў, стукацтва і самапрыніжэння перад сваімі катамі.
2). Тыя, хто "працуе" з палітвязнямі, таксама людзі і жывуць сярод людзей. Як бы яны не самападманвалі сябе, але адчування, што яны займаюцца нізкай справай, ці хай нават нямога пытання ў вачах блізкіх пазбегнуць цяжка. Калі ж зломлены апанент публічна прыніжае сябе, у іх катаў узнікае пачуццё перавагі - "хай мы таксама ліжам, але нас хоць за гэта добра кормяць і ліжам мы не публічна".
3). Беларусы вельмі законапаслухмяныя, ніякай арганізаванай злачыннасці ў нас няма, дыверсанты і сапраўдныя тэрарысты не водзяцца. Таму шматлікія сілавыя структуры мусяць даказваць сваю патрэбнасць начальству, каб не скарацілі. Таму барацьба з іншадумцамі і зняволенымі робіцца для іх галоўным заняткам. А прымушэнне вядомых апанентаў начальства да ўхвалення сваіх катаў ды таго ж начальства вельмі падабаецца апошняму, што гарантуе і надалей шчодрае кармленне.
Што застаецца прыстойным людзям? На мой погляд - стаяць годна, пазбягаць подласці і подлых.
  • ❤ 87
  • 💯 47
  • 👍 17
  • 🤔 6
  • 👎 1
  • 🤮 1
  • 🙈 1
Post #71 3.49K
Сёння 40-я гадавіна Чарнобыльскай катастрофы, якая сталася для беларусаў нацыянальнай трагедыяй. Масква тады актыўна гулялася з "мірным атамам". Абы-які патэнцыйна небяспечны праект, абы-як пабудаваная каля нашых межаў атамная станцыя, абы-якая яе эксплуатацыя - усё гэта прывяло да ядзернай катастрофы, да многіх тысячаў смерцяў ад хваробаў, звязаных з радыёактыўным апраменьваннем. Радыеактыўнымі рэчывамі была забруджана чвэрць тэрыторыі Беларусі, дзе жылі болей за два мільёны чалавек, сотні тысячаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы і перасяліцца ў больш "чыстыя" рэгіёны краіны.
Зараз Масква зноў гуляецца, толькі ўжо з "ваенным атамам" ды на тэрыторыі самой Беларусі, дзе зараз размешчана расійская ядзерная зброя.
Ядзерная зброя можа сапраўды абараніць краіну, але толькі, калі гэта свая ядзерная зброя. Чужая ж ядзерная зброя на нашай зямлі толькі робіць нас закладнікамі чужой волі, чужой палітыкі. Масква ўжо амаль не хавае сваіх намераў распачаць узброены канфлікт з суседнімі краінамі Захаду. У выпадку такога канфлікту расійская ядзерная зброя можа быць скарыстана з нашай зямлі, што выкліча ядзерныя ўдары ў адказ па Беларусі.
Калі гэты д'ябальскі сцэнар будзе рэалізаваны, то наша зямля ператворыцца ў радыёактыўную пустэльню, у якой ужо не будзе "чыстых" рэгіёнаў, у якіх ад радыяцыі могуць схавацца ацалелыя.
Ад продкаў нам дасталася прыгожая зямля з цудоўнай прыродай. Наш абавязак захаваць яе і перадаць наступным пакаленням беларусаў. Для гэтага трэба пазбавіць Беларусь ад чужой ядзернай зброі і небяспечных для нас ваенных саюзаў.
За нейтральную і бяз'ядзерную Беларусь!
  • ❤ 153
  • 😢 19
  • 🙏 14
  • 💩 2
Post #70 3.13K
  • ❤ 72
  • 🙏 41
  • 🔥 11
  • 🆒 1
  • 💊 1
Post #68 3.88K
  • ❤ 108
  • 💔 80
  • ❤‍🔥 12
  • 🥰 5
  • 🔥 2
  • 🤬 1
  • 😢 1
Post #67 3.65K
Беларусь перамяшчаецца. Жыхары Мінска і заходніх абласных цэнтраў пераязджаюць самі, часта па палітычнымі прычынам, на Захад, ці адпраўляюць туды сваіх дзяцей. Замест іх прыязджаюць жыхары рэгіёнаў, шукаючы лепшай працы і большых заробкаў. У Расію цяпер едуць меньш - вайна. У невялікія гарады, тым болей, вёскі не пераязджае амаль ніхто. Як я разумею, спроба замяніць іх насельніцтва пакістанцамі ўжо завершана. Цяпер чарга паўночнакарэйцаў. У выніку краіна пусцее і канцэнтруецца ў Мінску, дзе ідзе масштабнае жыллёвае будаўніцтва. Тым, хто зарабляе на ім, выгодней будаваць на незаселеных месцах у межах кальцавой аўтадарогі - не трэба плаціць за камунікацыі ды за перасяленне людзям, якія жывуць на месцах будучых новабудоўляў. Таму забудоўваюць прыватны сектар, поймы нешматлікіх рэк, зялёныя зоны. Ў выніку, некалі самая зялёная сталіца Еўропы ператвараецца ў каменныя джунглі. Праз месяц знясуць Старую Лошыцу, дзе я зараз жыву разам з маёй жонкай Марынай ў доме, ў якім яна вырасла. Зараз тут вельмі прыгожа - на вуліцах квітнее алыча. Пазней у садах заквітнеюць яблыні.
Паглядзіце ў апошні раз- праз які месяц усё гэта будзе знесена бульдозерамі.
  • 💔 134
  • 😢 34
  • ❤ 12
  • 🤬 10
  • 💯 3
Post #66 3.42K
Заўтра беларусы паедуць па могілкам, каб ўзгадаць і ўшанаваць сваіх памерлых блізкіх. Але чаму помнікі блізкіх амаль усіх беларусаў маюць надпісы толькі на чужой мове? Што, у Бога ўжо больш няма такога народа? Ці гэта нашы мёртвыя баяцца падазрэння ў недабранадзейнасці, калі іх імёны будуць напісаны на помніках на "подозрительном националистическом языке"? Але ж мёртвым ужо не выпадае баяцца. Ці гэта мы самі баімся? Чаго? Мы нават не звяртаемся на нашай мове да Бога ў сваіх малітвах. Што, гэта таксама страшна? Не верце, калі вам кажуць, што малітвы і службы ў храме - на "стараславянскай" мове. Насамрэч яны, пасля рэформ Нікана - на маскоўскай мове сярэдзіны ХVII стагоддзя. Менавіта на гэтай мове размаўлялі маскоўскія войскі, якія прыйшлі тады на нашу зямлю і знішчылі больш за палову нашага народа. Калі мы будзем і надалей так паслядоўна і упарта рознымі спосабамі даводзіць Богу, што нас няма, то нас і сапраўды не стане.
  • ❤ 153
  • 💯 31
  • 🔥 22
  • 👍 19
  • ❤‍🔥 3
  • 👎 3
Post #65 4.17K
  • ❤ 288
  • ❤‍🔥 48
  • 👍 31
  • 🔥 10
  • 🥰 7
  • 🤝 6
  • 🙏 5
  • 💅 3
  • 👏 2
  • 🐳 1
  • 💊 1
Post #64 3.38K
Гісторыя з маім пашпартам, знойдзеным у СІЗА-1, займела працяг. Высветлілася, што аднавіць пенсію па ім адным нельга - трэба яшчэ даведка аб вызваленні. Тым болей, што, як мне паведамілі, згодна з базай дадзеных МУС я дагэтуль лічуся зняволеным у ПК-13 у Глыбокім.
Прыйшлося зноў ехаць у той СІЗА-1 за даведкай пра вызваленне. Але там намеснік начальніка па аператыўнай працы паведаміў мне, што такой даведкі мне даць не могуць, бо яны мяне "не вызвалялі", а я быў вывезены з турэмнай бальніцы пры СІЗА "планавым канвоем". А пашпарт і рэчы мне аддалі, бо яны "належаць мне". Праўда, ніяк не патлумачыў, чаму мая жонка Марына апынулася ў складзе таго "планавага канвою". Мо, хіба што, ўзначальвала яго?..
Я прыгадваю, як адна афіцыйная дама ў тэлевізары сцвярджала, што мяне, нібыта, вызвалілі згодна з "указам аб памілаванні" яшчэ ў верасні мінулага года. Але хто той указ бачыў... А дамы бываюць часам такімі пераменлівымі.
Цяпер я канчаткова заблытаўся ў сваім сённяшнім юрыдычным статусе і месцазнаходжанні.
  • 🤬 108
  • 😢 36
  • 💔 19
  • 🤝 7
  • 💯 6
  • 😱 3
  • 🖕 1
Post #63 3.32K
Нарэшце атрымалася знайсці мой пашпарт. Чамусьці, ў Мінску - ў СІЗА-1. Разам з пашпартам знайшліся і мае турэмныя рэчы, сярод якіх - "судовы" прысуд і рашэнне "апеляцыйнай інстанцыі". Цікавыя дакументы для будучых даследчыкаў ці следчых. Таксама ёсць рашэнне "суда", якое забараняе мне пакідаць краіну і (які жах!😊) наведваць казіно.
  • 😁 79
  • 👍 59
  • ❤ 32
  • 🙏 10
  • 🤯 6
  • 🔥 4
  • ❤‍🔥 2
  • 💩 2
  • 👌 2
Post #62 3.1K
Што мы можам супрацьпаставіць смерці, магутным сілам, якія віруюць над намі, маленькімі мурашамі, атрымаўшымі магчымасць існаваць толькі дзякуючы збегу выпадковасцей? Толькі годнасць і жаданне зрабіць гэты свет хоць крыху лепшым і дабрэйшым для тых, хто як і ты хоча быць вольным. Хіба гэты твой выбар, твой падарунак свету і наступным пакаленням, твая дабрыня і салідарнасць з імі, такі твой працяг у будучыню не можа быць сэнсам?

Мікалай Статкевіч, г. Баранавічы, ПУАТ № 2

Надрукавана 24.04.2006 г. у "Нашай Ніве"
  • 👍 83
  • ❤ 43
  • 🥰 7
  • 👎 1
Post #61 2.82K
Гэта вынік маральнай эвалюцыі чалавецтва і натуральнага адбору этычных сістэм. Немаральныя супольнасці страчваюць жыццяздольнасць. Вольныя людзі, здольныя на самастойную маральную пазіцыю — гэта сігнал трывогі і магчымы шлях да ўратавання.

Час паскорыўся. Гэта дазваляе убачыць, што найбольш канкурэнтнымі сталіся тыя чалавечыя супольнасці, этычныя нормы ў якіх збудаваны на ідэалах свабоды. Безумоўна, і ў іх нельга пазбегнуць ціску грамацтва, неабходнасці падпарадкавання яго законам. Але ў вольным грамацтве законы усталёўваюцца ў выніку грамацкага кампрамісу, у якім з дапамогай свабодных выбараў можа браць удзел кожны. Пры дыктатуры законы ўсталёўвае гвалтам адзін альбо група людзей. Падпарадкаванне волі грамацтва, усталяванай праз супольны кампраміс — неабходнасць. Падпарадкаванне волі аднаго, волі нахабнай, немаральнай, карыслівай — абраза. Дыктатура мае на мэце найперш захаванне кантролю над грамацтвам і асобай. Яна падаўляе іх і пазбаўляе энэргіі да развіцця. Дыктатура актуалізуе рабоў.

Усё мае сваё прызначэнне ў гэтай вялікай гульні, якую вядзе прырода, усе патрэбна. Патрэбны, мабыць, і людзі з псіхалогіяй рабоў. Але калі яны пачынаюць маральна дамінаваць, калі вольных робіцца так мала, што яны стамляюцца быць вольнымі — грамацтва дэградуе. Вольных часта не любяць, як не любяць незразумелае і недаступнае. Іх годнасці зайздросцяць няздатныя на яе. Але калі супольнасць разумее, што зайшла ў тупік, яна звяртае свой позірк на вольных, шукаючы ў іх паратунку.Калі вольных робіцца шмат, калі разам з імі сімпатыі і спадзяванні большасці, што можа па зусім іншых прычынах хоча пераменаў — супольнасць робіцца больш вольнай.

Несвабоднае грамацтва нашага часу звычайна атамізавана. Яно ўспрымае навакольны свет і рэальнае жыццё праз сурагаты штучных тэлевізійных вобразаў. Такое грамацтва безабаронна перад тымі, хто валодае манаполіяй на адзінае для большасці “вакно ў свет” — на стварэнне і распаўсюд гэтых вобразаў. Яно не здольна аб’яднацца дзеля свайго вызвалення без салідарнасці з ім вольных, выяўленай праз публічныя самаахвярныя дзеянні. Чым болей несвабоднае грамацтва, тым болей плата за магчымасць быць вольным. Тым болей сэнсу ім быць. Каб людзі маглі сабрацца вакол агню свабоды, нехта павінен узняць паходню.

Вялікая ахвяра, якую можа прынесці вольны дзеля свабоды іншых людзей — ахвяраванне вольным у сабе праз неабходнае дзеянне, якое супярэчыць яго маральнаму пачуццю. Такая неабходнасць можа ўзнікнуць, напрыклад, калі не застаецца іншага сродку, каб спыніць гвалт дыктатуры, акрамя як гвалтам. Негвалтоўны супраціў можа быць эфектыўным толькі тады, калі рэжым мае маральныя абмежаванні на ўжыванне гвалту.

Воля не робіць шчаслівымі. Але ёсць людзі, якія не здольны нармальна жыць і дыхаць без яе, для якіх яна — неабходная ўмова, каб быць шчаслівымі ці не шчаслівымі, проста быць. Самаабмежаванне на маральную ацэнку, няздатнасць голасна назваць немаральным немаральны ўчынак улады ці большасці, ухіленнне ад учынка, якога патрабуе твая годнасць — крок да раба ў сабе. Здрада свабодзе ад хлусні і прыніжэння не толькі набліжае да раба. Яна пашырае несвабоду навокал. Воля дае шанец рэалізаваць сябе як асобу, быць у гарманіі з сабой. Яе магчымасць існуе заўсёды. Усё залежыць толькі ад тваёй волі і мужнасці быць вольным. Вольным быць непроста. Ці можна быць вольным усё жыццё?

Толькі калі ты рэалізуеш сваю свабодную волю, свой выбар — ты Ёсць. Прызначэнне мужчыны — Быць. Прызначэнне жанчыны — захаваць таго, хто Ёсць для наступных пакаленняў. Калі жанчына не мае мужчыны, які Ёсць, яна абірае паміж захавацца і Быць самой.

Пашукай у сабе. Хто ты, кім ты можаш быць, кім ты хочаш быць? Абавязак тых, хто адчувае ў сабе патрэбу волі, вольнага чалавека — імкнуцца быць вольным. Найперш — перад сабой, перад тым, хто ў глыбіні стагоддзяў заклаў гэтую патрэбу у тваю памяць, перад тваім родам і краінай, перад тымі, хто зараз ці ў будучыні адчуе прагу быць вольным.
  • 👍 48
  • ❤ 21
  • ❤‍🔥 9
  • 🔥 2
  • 👎 1
Post #60 2.47K
Хутка будзе роўна 20 год, як я апублікаваў сваё эсэ "Этыка вольных". Тады я адбываў у Баранавічах пакаранне двума гадамі "хіміі" за арганізацыю акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму, які дазволіў уладам зняць канстытуцыйнае абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека. За месяц да прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 года мяне перасталі выпускаць на працу і ізалявалі ў памяшканні "хіміі", бо, як патлумачылі мне прадстаўнікі адміністрацыі, улады атрымалі звесткі, што я планую напярэдадні дня галасавання ўцячы ў Мінск і "арганізаваць рэвалюцыю". У выніку мне прыйшлося амаль паўтары месяцы кругласутачна знаходзіцца ў адным пакоі з супрацоўнікам адміністрацыі, які назіраў за мной. У сваю чаргу, ў суседнім пакоі таксама кругласутачна знаходзіўся намеснік начальніка абласнога ўпраўлення дэпартамента выканання пакаранняў, які назіраў за нясеннем службы тым супрацоўнікам адміністрацыі, які назіраў за мной. А ў кабінеце начальніка "хіміі" знаходзіўся намеснік начальніка рэспубліканскага дэпартамента выканання пакаранняў, які прыязджаў туды з Мінска на дзень, каб кантраляваць нясенне службы двума папярэднімі супрацоўнікамі. "Выбары" прайшлі па звычайнай схеме, абодва апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты паспяхова "злілі" шматтысячную акцыю пратэсту, што сабралося на Кастрычніцкай плошчы Мінска. А я, каб выкарыстаць вольны час, якога зрабілася аж зашмат, напісаў "Этыку вольных". Думаю, што гэты матэрыял не згубіў сваёй актуальнасці і праз 20 гадоў і заслугоўвае паўторнага апублікавання.

ЭТЫКА ВОЛЬНЫХ

Навошта прыйшлі мы ў гэты свет, калі непазбежна сыйдзем ў нябыт? Чаму мы, ў адрозненне ад іншых насельнікаў Зямлі, разумеем гэта? Для прыроды, для жыцця на нашай планеце ўсе проста і зразумела. Сэнс — у захаванні, у бяссмяротнасці роду, племені, расы, чалавецтва, што выяўляецца праз бясконцыя смерці і нараджэнні асобных індывідаў. Але які ў гэтым сэнс для мяне асабіста? Амаль кожны задаваў сабе гэтае пытанне ў дзяцінстве ці юнацтве. Не знайшоўшы адказу большасць імкнецца не думаць пра непазбежны канец і як мага камфортней пражыць тое, што дадзена. Безумоўна, згодна з уласным разуменнем аб тым, што з’яўляецца камфортным. Але ў любой больш-меньш значнай чалавечай супольнасці амаль заўсёды прысутнічаюць асобы, якія гатовы рызыкаваць сваім уласным камфортам ці нават жыццём дзеля нейкіх абстрактных ідэалаў. Сярод вялікай групы людзей заўжды знойдзецца той, хто не сперпіць несправядлівасці, подласці ці прыніжэння. Што прымушае такіх людзей ахвяраваць канкрэтнымі дабротамі дзеля рэчаў нематэрыяльных? Навошта яны?

У родавай памяці кожнага чалавека запісаны розныя мадэлі паводзін. У пэўных абставінах мы здольны (альбо не здольны) выявіць закладзеныя прыродай і продкамі ціхую упартасць земляроба, шчаслівы азарт і прагу здабычы паляўнічага, баявое шаленства воіна, халодную рашучасць правадыра. Яшчэ у кожным з нас схаваны раб і вольны чалавек. Раб гаворыць нам: “Прыстасуйся і выжыві любым коштам”. Вольны цвердзіць: “Абяры уласны і годны шлях. Памятай, што годнасць — гэта абавязак перад адзіным суддзём — уласным сумленнем”. Мы свядома ці несвядома ўсё жыццё выбіраем паміж імі. Таксама мы выбіраем , кім нам быць, навошта жыць, да чаго імкнуцца. Ці не імкнуцца, а проста плыць па плыні лёсу, успрымаючы навакольнае жыццё, як селянін успрымае надвор’е альбо ўладу — як абставіны, што не залежыць ад нас і да якіх трэба проста прыстасавацца. Гэта таксама выбар.

На наш выбар уплываюць, “актуалізуючы” тую ці іншую мадэль нашых паводзін жыццёвыя акалічнасці, СМІ, мастацкія творы, рэлігія, гістарыя, прыклады людзей наўкол. Прыклад годнасці адного абуджае годнасць у многіх. Гэтак жа подласць нараджае подласць, прыклад вольнага чалавека — жаданне быць вольнымі, а рабскія паводзіны — памнажаюць рабоў.

Людзей, якія здольныя быць вольнымі і супрацьстаяць пануючай волі ўлады ці большасці, няшмат. Але яны — магчымасць альтэрнатывы. Калі ўмовы існавання чалавечай супольнасці істотна змяніліся ці погоршыўся яе маральны стан, то такая супольнасць можа апынуцца пад пагрозай знікнення. Этычныя нормы з’явіліся ж не проста так.
  • ❤ 67
  • 👍 18
  • 🔥 5
  • 😢 2
  • 👎 1
Post #58 3.47K
Таму, каб павялічыць шанцы на поспех у будучым канфлікце, Масква разглядае і варыянт прымянення ядзернай зброі з мэтай паралізаваць волю еўрапейцаў і прымусіць іх да міра на ўмовах Крамля, а таксама перашкодзіць войскам іншых еўрапейскіх краін прыйсці на дапамогу Балтыі. Каб пазбегнуць ў адказ ядзернага ўдара па сваёй тэрыторыі, па ўсім прыкметам, Масква рыхтуе прымяненне ядзернай зброі супраць заходніх краін з тэрыторыі Беларусі, якая і павінна стаць аб'ектам зваротнага ўдару.
У Беларусі ў раёне Асіповіч ужо размешчаны ракетныя комплексы "Іскандэр", здольныя несці ядзерныя боегалоўкі. Зараз на нашай тэрыторыі размяшчаюць мадыфікаваную межкантынентальную балістычную ракету "Ярс", якая, пасля памяншэння ўдвая яе дальнасці, атрымала назву "Арэшнік". Але галоўнае - у раёне Крычава будуецца сховішча для ядзерных боегаловак, хутчэй за ўсё, для "Арэшнікаў", "Іскандэраў" і тактычных ядзерных авіабомбаў. Справа ў тым, што ў расійскай арміі, а раней - у савецкай, ядзерныя боегалоўкі захоўваліся не побач з іх носьбітамі, як у NATO, а ў адмысловых сховішчах - вельмі дарагіх умацаваных збудаваннях, дзе падтрымліаюцца пастаянныя тэмпература, ціск, вільготнасць. У пагражальны перыяд ці падчас рэгулярных трэніровак боегалоўкі аўтакалонамі вывозяцца са сховішча да носьбітаў (сродкаў дастаўкі). Тое, што Масква будуе такі дарагі і складаны аб'ект у Беларусі і ўжо арганізавала яго супрацьпаветраную абарону, сведчыць, што на нашай зямлі будзе стала размешчаная вялікая колькасць ядзерных боегаловак. І не таму, што ў Расіі не хапае зямлі для іх размяшчэння, а з канкрэтнымі мэтамі.
Нам трэба шукаць шляхі, як прадухіліць скарыстанне нашай зямлі для агрэсіі супраць краін Балтыі і для нанясення ядзерных удараў. Прычым, прадухіліць, пазбягаючы прамога ўзброенага канфлікту краін NATO з Расіяй на нашай зямлі.
Усё прыйдзецца вырашаць самім беларусам. Я ўжо пісаў пра свае прапановы. Іншага рэальнага шляху да вызвалення і захавання нашай краіны, а таксама міру ў рэгіёне ў нас няма. Галоўнае, своечасова ўсвядоміць рэальнасць небяспекі і не спазніцца з неабходнымі мерамі.
Надыходзіць час, калі лозунг "За нейтральную безядзерную Беларусь!" робіцца праграмай нацыянальнага выжывання, здольнай аб'яднаць большасць беларусаў, незалежна ад іх поглядаў і месца жыхарства.
  • ❤ 89
  • 👍 42
  • 👏 10
  • 🤔 9
  • 👎 1
  • 👻 1
Post #57 3.56K
МАТЫВЫ І МАГЧЫМАСЦІ
Месяц таму я апублікаваў тут артыкул АПАКАЛІПСІС ЗАЎТРА. ЗОНА СМЕРЦІ НА «БАЛКОНЕ». Гэты матэрыял меў пэўны рэзананс. Ды і развіццё падзей, новая інфармацыя пераконваюць мяне ў слушнасці выказаных засцярог. Таму мушу зноў вярнуцца да тэмы таго артыкула. Паразважаем пра матывы тых, хто гатовы стварыць ядзерны Апакаліпсіс на нашай зямлі і іх магчымасці зрабіць гэта.
Сітуацыя ў нашым рэгіёне робіцца ўсё больш складанай і напружанай. Масква, відавочна, прайграла Ўкраіну. Напад на Ўкраіну быў для Крамля працягам даўно прайгранай халоднай вайны з NATO. Справа ў тым, што ідэя імперскага рэваншу з'яўлялася і з'яўляецца навязлівай ідэяй значнай часткі расійскага грамадства. Можна нават сказаць - сучаснай расійскай нацыянальнай ідэяй, што ўлічвае і скарыстоўвае правячы ў Расіі рэжым. Няўдача ва Ўкраіне, асабліва на тле эканамічных цяжкасцяў, можа прывесці да сацыяльнага і палітычнага крызісу і пагрозе для ўлады. Расійцы даруюць цару мільёны ўласных, а тым болей, чужых ахвяр. Але не даруюць паразаў. Для аўтакратаў абсалютная ўлада з'яўляецца каштоўнасцю сама па сабе. Для іх яна - моцны наркотык, адмовіцца ад якога немагчыма. Яны атаясамляюць сябе з дзяржавай, а некаторыя нават са сваёй краінай. Напрыклад, сваіх палітычных праціўнікаў яны называюць "ворагамі дзяржавы". А прэзідэнт Расіі сцвярджае, што калі ў РФ не атрымаецца далучыць да сваёй тэрыторыі ў 17,1 млн. км² яшчэ некалькі соцен квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі, то "Россия погибнет".
Не думаю, что наша ўсходняя суседка загіне з-за гэтага, бо неяк жа яна існавала з 1991 да 2014 года без чужых земляў. Іншая справа, што сам Пуцін можа згубіць уладу, што, ў яго ўяўленні, напэўна, з'яўляецца катастрофай, роўнавялікай гібелі ўсёй Расіі. Страта ўлады пагражае не толькі звыкламу ладу жыцця аўтакратаў, але, часта, і самому іх жыццю. Таму, дзеля ўлады яны гатовы на ўсё.
Прайграўшы ва Ўкраіне, Масква мусіць шукаць іншых ахвяр для новай спробы "маленькай пераможнай вайны", для чарговай спробы нанесці паразу Захаду. Найбольш імаверна, што наступным аб'ектам нападу плануюцца краіны Балтыі. Але ўпэўненасці ў сваім поспеху пасля 4 гадоў безвыніковай і стратнай вайны з Украінай у расійскіх генералаў істотна паменела. Яны не разлічваюць ужо на ўдалы бліц-крыг, бо еўрапейскія краіны, хай марудна, але рыхтуюцца да адпору. А зацягванне канфлікту, калі на дапамогу краінам Балтыі прыйдуць іх еўрапейскія саюзнікі, вядзе да непазбежнай паразы Масквы. І не толькі з-за розніцы ў эканамічным, дэмаграфічным і тэхналагічным патэнцыяле, але і з-за рэзкага зніжэння, ў параўнанні з мінулым, баявога патэнцыялу расійскіх салдат. Справа ў тым, што найбольш паспяховыя войны Расійская імперыя вяла, выкарыстоўваючы ў якасці салдат рабоў.
Ад пачатку XVIII стагоддзя расійскае войска фарміравалася з прыгонных сялян, якіх забіралі ў яго спачатку пажыццёва, а потым - на 25 гадоў. Даведзеныя муштрой і жорсткімі пакараннямі да неўратычнага стану, яны былі страшнымі праціўнікамі, асабліва ў бліжнім баі, і жахам для мірнага насельніцтва.
З канца XIX стагоддзя, пасля вызвалення сялян з рабства і пераходу на мабілізацыйны прынцып фармавання войска з адносна вольных людзей, Расія стала цярпець паразы ў войнах. Тэндэнцыю спыніў Сталін, калі сяляне ў калгасах былі зноў ператвораны ў прыгонных. А калі былі ўведзены загараджальныя атрады НКВД, калі сталі караць блізкіх салдата за яго ўцёкі з полю боя, калі СМЕРШ адпраўляў на растрэл за любыя праявы незадаволенасці, зноў стала магчымым кідаць у лабавыя атакі на нямецкія кулямёты вялікія масы войск. Савецкая армія стала перамагаць коштам каласальных страт. Зараз у Расіі рабства, нібыта, няма, мо, акрамя зняволеных, запас якіх не бязмежны.
Дэмаграфічны патэнцыял некалі шматлюднай і бяспраўнай вёскі амаль вычарпаны. Набраныя ж за вялікія грошы з дэпрэсіўных рэгіёнаў ці мабілізаваныя салдаты пакорліва і масава паміраць не хочуць. Калі ж улічыць заўсёдныя ў расійскім войску карупцыю і крадзёж, то робіцца зразумелым, што сіла расійскага войска ва ўяўленні знешніх назіральнікаў была відавочна пераацэнена.
  • ❤ 50
  • 👍 18
  • 💯 13
  • 👏 7
  • 🤔 2
  • 🤝 1
Older posts →
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →