TGViewer
STATKEVICH M STATKEVICH M @statkevichm · 2.03K subscribers
Post #61 2.82K
Гэта вынік маральнай эвалюцыі чалавецтва і натуральнага адбору этычных сістэм. Немаральныя супольнасці страчваюць жыццяздольнасць. Вольныя людзі, здольныя на самастойную маральную пазіцыю — гэта сігнал трывогі і магчымы шлях да ўратавання.

Час паскорыўся. Гэта дазваляе убачыць, што найбольш канкурэнтнымі сталіся тыя чалавечыя супольнасці, этычныя нормы ў якіх збудаваны на ідэалах свабоды. Безумоўна, і ў іх нельга пазбегнуць ціску грамацтва, неабходнасці падпарадкавання яго законам. Але ў вольным грамацтве законы усталёўваюцца ў выніку грамацкага кампрамісу, у якім з дапамогай свабодных выбараў можа браць удзел кожны. Пры дыктатуры законы ўсталёўвае гвалтам адзін альбо група людзей. Падпарадкаванне волі грамацтва, усталяванай праз супольны кампраміс — неабходнасць. Падпарадкаванне волі аднаго, волі нахабнай, немаральнай, карыслівай — абраза. Дыктатура мае на мэце найперш захаванне кантролю над грамацтвам і асобай. Яна падаўляе іх і пазбаўляе энэргіі да развіцця. Дыктатура актуалізуе рабоў.

Усё мае сваё прызначэнне ў гэтай вялікай гульні, якую вядзе прырода, усе патрэбна. Патрэбны, мабыць, і людзі з псіхалогіяй рабоў. Але калі яны пачынаюць маральна дамінаваць, калі вольных робіцца так мала, што яны стамляюцца быць вольнымі — грамацтва дэградуе. Вольных часта не любяць, як не любяць незразумелае і недаступнае. Іх годнасці зайздросцяць няздатныя на яе. Але калі супольнасць разумее, што зайшла ў тупік, яна звяртае свой позірк на вольных, шукаючы ў іх паратунку.Калі вольных робіцца шмат, калі разам з імі сімпатыі і спадзяванні большасці, што можа па зусім іншых прычынах хоча пераменаў — супольнасць робіцца больш вольнай.

Несвабоднае грамацтва нашага часу звычайна атамізавана. Яно ўспрымае навакольны свет і рэальнае жыццё праз сурагаты штучных тэлевізійных вобразаў. Такое грамацтва безабаронна перад тымі, хто валодае манаполіяй на адзінае для большасці “вакно ў свет” — на стварэнне і распаўсюд гэтых вобразаў. Яно не здольна аб’яднацца дзеля свайго вызвалення без салідарнасці з ім вольных, выяўленай праз публічныя самаахвярныя дзеянні. Чым болей несвабоднае грамацтва, тым болей плата за магчымасць быць вольным. Тым болей сэнсу ім быць. Каб людзі маглі сабрацца вакол агню свабоды, нехта павінен узняць паходню.

Вялікая ахвяра, якую можа прынесці вольны дзеля свабоды іншых людзей — ахвяраванне вольным у сабе праз неабходнае дзеянне, якое супярэчыць яго маральнаму пачуццю. Такая неабходнасць можа ўзнікнуць, напрыклад, калі не застаецца іншага сродку, каб спыніць гвалт дыктатуры, акрамя як гвалтам. Негвалтоўны супраціў можа быць эфектыўным толькі тады, калі рэжым мае маральныя абмежаванні на ўжыванне гвалту.

Воля не робіць шчаслівымі. Але ёсць людзі, якія не здольны нармальна жыць і дыхаць без яе, для якіх яна — неабходная ўмова, каб быць шчаслівымі ці не шчаслівымі, проста быць. Самаабмежаванне на маральную ацэнку, няздатнасць голасна назваць немаральным немаральны ўчынак улады ці большасці, ухіленнне ад учынка, якога патрабуе твая годнасць — крок да раба ў сабе. Здрада свабодзе ад хлусні і прыніжэння не толькі набліжае да раба. Яна пашырае несвабоду навокал. Воля дае шанец рэалізаваць сябе як асобу, быць у гарманіі з сабой. Яе магчымасць існуе заўсёды. Усё залежыць толькі ад тваёй волі і мужнасці быць вольным. Вольным быць непроста. Ці можна быць вольным усё жыццё?

Толькі калі ты рэалізуеш сваю свабодную волю, свой выбар — ты Ёсць. Прызначэнне мужчыны — Быць. Прызначэнне жанчыны — захаваць таго, хто Ёсць для наступных пакаленняў. Калі жанчына не мае мужчыны, які Ёсць, яна абірае паміж захавацца і Быць самой.

Пашукай у сабе. Хто ты, кім ты можаш быць, кім ты хочаш быць? Абавязак тых, хто адчувае ў сабе патрэбу волі, вольнага чалавека — імкнуцца быць вольным. Найперш — перад сабой, перад тым, хто ў глыбіні стагоддзяў заклаў гэтую патрэбу у тваю памяць, перад тваім родам і краінай, перад тымі, хто зараз ці ў будучыні адчуе прагу быць вольным.
  • 👍 48
  • ❤ 21
  • ❤‍🔥 9
  • 🔥 2
  • 👎 1
More from @statkevichm
  1. Sep 19, 2026ПРАМОВА Г. С. ТАРАЗЕВІЧА перад Вярхоўным Саветам 19.09.1991г. Паважаны Вярхоўны Савет! Пры…
  2. Sep 19, 2026ПАТРЫЁТ 35 гадоў таму Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў рашэньне зацвердзіць у яка…
  3. Sep 17, 2026ПРАВІЛА ГАНДЛЮ Як і многія беларусы, учора я радаваўся вызваленню чарговай групы палітвязн…
  4. Sep 15, 2026НЕ РАЗМАЎЛЯЙЦЕ З "ВІНЦІКАМІ" Зараз на волі апынуліся сотні палітвязняў, якія асвойваюцца ў…
  5. Sep 7, 2026Тагачасныя ўлады адпомсцілі ўсім афіцэрам-патрыётам, якія сваім публічным крокам прымусілі…
  6. Sep 7, 2026ТРЫ НАГОДЫ ДЛЯ АДНАГО СВЯТА Дата 8 верасня неаднойчы была знакавай у беларускай вайсковай…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →