ВЫМУШАНАЯ ГІСТОРЫЯ ДЗЕЯННЯЎ
Рашэннем Ленінскага суда Гародні ад 23.04 мой акаунт у Фэйсбуку прызнаны "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Звычайная зараз навіна. Да таго ж, лёгка прагназуемая. Заўважце, я не карыстаўся гэтым акаўнтам амаль 6 гадоў. І ўсе гэтыя гады ён экстрэмісцкім не быў. Але тое, што ён такім абавязкова стане пасля майго "ўмоўнага" вызвалення, я не сумняваўся. Не стаў нават рабіць спробы аднавіць яго, бо паролі згубіліся, а аднавіць іх праз візуалізацыю было праблемна з-за маей дастаткова кардынальнай візуальнай змены. Таму не стаў траціць час на гэта. Хаця мне ніякавата, што так і не здолеў павітацца, а цяпер ужо і развітацца з 5,6 тысячамі падпісаных на мой акаунт. Даруйце, сябры!
Зарэгістраваны гэты акаўнт быў яшчэ падчас майго зняволення пасля "Плошчы-2010". Я выйшаў у 2015 годзе на волю ў іншы, істотна зменены свет. Амаль у кожнага з'явіўся смартфон, мільёны беларусаў прысутнічалі ў сацыяльных сетках. Я адразу ж пачаў карыстацца новымі магчымасцямі для ажыўлення палітычных могілак, у якія ператварылася грамадскае жыццё ў краіне.
Тады анансаваць несанкцыянаваную палітычную акцыю ў апазіцыйных СМІ, каб сабраць на яе людзей, апынулася вельмі праблематычным. Атрымаць жа "дазвол" на акцыю ў цэнтральных раёнах Мінска было немагчыма. Падавіўшы актыўнасць палітычнай апазіцыі, рэжым ўзяўся за СМІ. Іх і раней складанае становішча яшчэ больш ўскладнілася. Анонс несанкцыянаванай акцыі быў аб'яўлены адміністрацыйным правапарушэннем.
За два такіх "правапарушэнні" СМІ мог быць ліквідаваны. Да рэдакцыі кожнага апазіцыйнага СМІ, што месцілася на тэрыторыі Беларусі, быў прымацаваны супрацоўнік "органаў", які аказваў ціск, забараняў, пагражаў, нават навязваў пэўнае асвятленне канкрэтных палітыкаў і іх дзейнасці. Ведаю і глыбока паважаю рэдактараў, якія і ў такіх сітуацыях захоўвалі прафесійную і чалавечую прыстойнасць. Аказаць рэгулярную інфармацыйную падтрымку ў такіх умовах магла толькі "Хартыя-97", якая месцілася па-за зонай дасягальнасці рэжыма. Праз пэўны час, ўбачыўшы небясьпеку, улады заблакавалі сайт, абцяжарыўшы доступ да яго.
Так што я быў проста змушаны абставінамі амаль адразу пасля вызвалення пачаць шырока карыстацца сацыяльнымі сеткамі для аднаўлення палітычнай актыўнасці грамадства. Перыядычна я размяшчаў там аналітычныя матэрыялы, але асноўным іх прызначэннем для мяне сталі анонсы масавых акцый і асвятленне іх вынікаў. Па сутнасці, я вешаў у акаўнце аб'яву з інфармацыяй пра акцыю, да пачатку мерапрыемства "ахоўваў" гэтую аб'яву ад троляў, а потым даваў інфармацыю пра вынікі акцыі. Ў першыя гады апошняга зняволення, калі яшчэ даходзілі лісты з волі, мне пісалі некаторыя людзі і прасілі прабачэння за крытыку мяне ў сацыяльных сетках, бо як яны лічылі цяпер, гэта крытыка не была слушнай. Гэта вы даруйце, сябры! Справа ў тым, што я не бачыў вашай крытыкі, бо ніколі не чытаў стужкі ў сацыяльных сетках - у мяне проста не было на гэта часу. Пасядзеўшы гады ў бетонных скрынках выйсці на вольны свет, дзе неба, дрэвы, людзі ды шмат рэальных спраў, каб сядзець днямі, ўткнуўшыся ў экран гаджэта - такое, як мінімум, нерацыянальна.
Кожны палітычны суб'ект імкнецца стварыць сваю версію гісторыі. Гэта гісторыя фіксуецца ў СМІ, у дакументах, у сведчаннях сведкаў падзей. Як ствараецца афіцыйная версія гісторыі - зразумела. Але і альтэрнатыўныя версіі не заўсёды бездакорныя.
Памятаю, як некалі мяне, маладога сябра сацыял-дэмакратычнай Грамады, напачатку вельмі здзіўляла, што асноўныя намаганні кіроўныя органы партыі прыкладалі да складання ўсялякіх заяў па любым нагодам. Ды марнавалі ў спрэчках над іх тэкстамі вельмі шмат часу. Потым я зразумеў, што большасць гэтых органаў складалі прафесійныя гісторыкі, якія ведалі, што іх калегі пры аднаўленні хады мінулых падзей найчасцей звярталіся менавіта да архіваў дакументаў. Таму імкнуліся стварыць як мага болей такіх дакументаў, каб потым мець магчымасць сцвярджаць, што "мы ж першыя пра гэта казалі" ці, "першыя пра гэта папярэджвалі". Ня ведаю, дзе цяпер той партыйны архіў і ці будзе ён каму-небудзь цікавым. Хаця, ёсць прыклад і паспяховага прымянення такой стратэгіі.
Post #75
2.83K
- ❤ 49
- 👍 13
- ❤🔥 6
- ⚡ 1
- 😢 1
- 💯 1