TGViewer
STATKEVICH M STATKEVICH M @statkevichm · 2.03K subscribers
Post #73 2.56K
ШЛЯХ ВОЛЬНЫХ

Я, ў асноўным, завяршыў аднаўленне свайго вялікага па аб'ёму эсэ, прысвечанага выбару чалавекам спосаба сваіх паводзін у складанай сітуацыі і, ўвогуле, ў жыцці. Гэты матэрыял быў прадуманы ў вельмі складаным для мяне 2023 годзе, пераважна, у ШІЗА і пазней запісаны. Падчас спробы незаконнай дэпартацыі з Беларусі мае запісы зніклі ў СІЗА КГБ. Адноўлены тэкст вельмі важны для мяне, бо завяршае мае публікацыі на гэту тэму і адказвае на пытанні, да якіх я звяртаўся ў сваіх ранейшых працах. На жаль, ён занадта вялікі для публікацыі на маім канале. Хацелася б апублікаваць яго на паперы ў адным зборніку разам з іншымі турэмнымі эсэ. Праўда, я яшчэ цяжка разумею, як гэта можна зрабіць у маёй сённяшняй сітуацыі. А пакуль прапаную тут некаторыя свае папярэднія эсэ на тую ж тэму. "Этыка вольных" тут ужо была. "Шлях вольных", які працягвае тэму, напісаны ў 2006 годзе, падчас знаходжання на "хіміі" у вёсцы Блонь, дзе я працаваў слесарам па рамонту электраабсталявання трактароў у мясцовым саўгасе.

Шлях Вольных

Было гэта на адным з палiгонаў у казахскiм стэпе, куды наша брыгада прыехала з Поўначы для баявых стрэльбаў па паветраных мiшэнях. Камандны пункт брыгады, за тэхнiку якога я адказваў, месцiўся ў бункеры з вельмi складаным уваходам, падобным да лабiрынта з перашкодамi. Аднойчы, калi мне трэба было тэрмiнова трапiць на паверхню, мясцовы iнструктар сказаў, што ёсць яшчэ адзiн, вельмi просты выхад — цёмны калiдор. Ён зачынiў за мной бранiраваныя цяжкiя дзверы i я апынуўся ў поўнай цемры. Хацелася вярнуцца назад, у аператыўную залу каманднага пункта, дзе ў вялiкай прасторы зяленым ды сiнiм свяцiлiся шматлiкiя планшэты i экраны. Пайшоў наперад, выставiўшы рукi перад сабой. Амаль адразу натыкнуўся на халодную сценку калiдора. Узяў у другi бок. Вельмi хутка — зноў сцяна. Пакрысе, усе радзей натыкаючыся на сцены, я выбраў накiрунак, якi вывеў мяне да такiх жа бранiраваных дзвярэй, за якiмi было неба i залiты сонцам стэп.

Я веру, бо маё пачуццё i досвед сведчаць пра тое, што чалавеку прызначаны ў ягоным жыццi свой Шлях. Але вельмi цяжка i складана вызначыць, якi гэта Шлях. Як i вельмi складана прайсцi свой Шлях да канца.

Я часам узгадваю той цёмны калiдор, бо гэты выпадак нагадвае мне пошук свайго Шляху чалавекам, якi хоча быць вольным. Ты пачынаеш у цемры, не ведаючы, куды iсцi. Твой компас — уласная годнасць. Хочацца вярнуцца назад, у штучны свет звыклых жыццёвых стэрэатыпаў i банальных памкненняў. Так страшна заблукаць у гэтай цемры iснавання з разбiтымi iдэаламi i марна патрачаным жыццём. Але, калi ты хочаш прайсцi сваiм Шляхам, калi, натыкаючыся на перашкоды, збiваючы каленi i абдзiраючы рукi, ты рухаешся наперад, то знойдзеш яго i пройдзеш iм. Галоўнае — не спыняйся, не павярнi назад, а тое, што абрала цябе для гэтага шляху, i твая годнасць падкажуць накiрунак. Не спыняйся, i за iржавымi дзвярыма навязанных звычак, накопленных стагоддзямi страху i прынiжэнняў, ты ўбачыш неба, i сонца свабоды асвецiць твае жыццё. Я веру ў гэта. Я веру ў свой Шлях.

Мiкалай Статкевiч,
в. Блонь Пухавiцкага раёна Мiнскай вобласцi,
верасень 2006 г.
  • ❤ 121
  • 👍 26
  • ❤‍🔥 10
  • 😢 2
More from @statkevichm
  1. Sep 19, 2026ПРАМОВА Г. С. ТАРАЗЕВІЧА перад Вярхоўным Саветам 19.09.1991г. Паважаны Вярхоўны Савет! Пры…
  2. Sep 19, 2026ПАТРЫЁТ 35 гадоў таму Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў рашэньне зацвердзіць у яка…
  3. Sep 17, 2026ПРАВІЛА ГАНДЛЮ Як і многія беларусы, учора я радаваўся вызваленню чарговай групы палітвязн…
  4. Sep 15, 2026НЕ РАЗМАЎЛЯЙЦЕ З "ВІНЦІКАМІ" Зараз на волі апынуліся сотні палітвязняў, якія асвойваюцца ў…
  5. Sep 7, 2026Тагачасныя ўлады адпомсцілі ўсім афіцэрам-патрыётам, якія сваім публічным крокам прымусілі…
  6. Sep 7, 2026ТРЫ НАГОДЫ ДЛЯ АДНАГО СВЯТА Дата 8 верасня неаднойчы была знакавай у беларускай вайсковай…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →