TGViewer
STATKEVICH M STATKEVICH M @statkevichm · 2.03K subscribers
Post #87 4.06K
ВЫПРАВІЦЬ ІМЁНЫ
Недзе болей за дзве з паловай тысячы год таму ў Кітаі быў запісаны наступны дыялог.
Цзы Лу спытаў: "Вэйскі правіцель мае намер прыцягнуць Вас да кіравання дзяржавай. Што Вы зробіце найперш?"

Канфуцый адказаў: "Неабходна пачаць з выпраўлення імёнаў".

Цзы Лу спытаў: "Вы пачынаеце здалёк. Навошта трэба выпраўляць імёны?"

Канфуцый адказаў: "Калі імёны няправільныя, то словы не маюць пад сабой падстаў. Калі словы не маюць пад сабой падстаў, то справы не могуць ажыццяўляцца".
Гэта я да чаго. За час майго апошняга зняволення сітуацыя кардынальна памянялася. Была праведзена масіраваная спецаперацыя сілавых структур па прымушэнню да эміграцыі сотняў тысяч нашых суайчыннікаў. Адбылася "зачыстка" ад незадаволеных у спадзяванні на пакорлівасць астатніх. Грамадская актыўнасць у краіне падаўлена. Таму публічнае грамадска-палітычнае жыццё беларусаў перамясцілася за мяжу. Там палітычная эміграцыя спрабуе аднавіць у эрзац-форме звыклую для сябе дзейнасць. З іншага боку мяжы гэта часта выглядае крыху дзіўнавата. Палітычная эміграцыя называе сябе беларускімі дэмакратычнымі сіламі, ўтварае нейкія квазі-партыі з некалькіх дзесяткаў членаў, праводзіць выбары ў нешта кшталту квазі-парламенту "беларускіх дэмсіл", нават мае "лідарку беларускіх дэмсіл". Мяне адразу ж ўразіла гэтая неадпаведнасць паміж рэальным станам рэчаў і саманазвамі ўсіх пералічаных інстытуцый. Праўда, некаторыя з кіраўнікоў створанай сістэмы называюць яе больш адэкватна - "дыяспарай", але не часта. Міжволі ўзгадваецца Канфуцый.
Гэта дадзенасць, што за мяжой апынулася столькі разумных і актыўных суайчыннікаў. І трэба думаць, як скарыстаць гэтую трагедыю на карысць дэмакратычнай будучыні Беларусі. Зараз і ў той будучыні, калі накопленыя ў развітых краінах веды і досвед змогуць быць запатрабаваны на роднай зямлі. Вось я тут і спатыкнуўся на тым, што трэба неяк жа назваць гэтых нашых людзей за мяжой. Назву "дэмсілы" я адразу адкідаю. Бо, калі пад ёй маюцца на ўвазе нейкія дэманічныя сілы, то бесаўшчына - гэта не наша. Ды й ніколі не чуў, каб нехта з тых, каго называюць кіраўнікамі тых дэмсіл, скакаў з бубнам ці шаптаў заклінанні. З назвы ж "беларускія дэмакратычныя сілы" літаральна вынікае, што ўсе беларускія дэмакраты апынуліся за мяжой і змагаюцца за дэмакратыю ў краінах знаходжання супраць мясцовых недэмакратычных рэжымаў. А на тэрыторыі гістарычнай Радзімы іх не засталося. Але гэта для мяне абсалютна бясспрэчная няпраўда. Мне гэта відно без усялякіх апытанняў, бо я сам па сабе добры індыкатар - дастаткова проста з'явіцца ў людным месцы. Тут іх, на мой погляд, не раўнуючы болей за 2 тысячы. Не ўсіх жа атрымалася выперці з роднай краіны. Яны не арганізаваныя ў нейкія структуры, што ва ўмовах вайны супраць народа цалкам зразумела. Хутчэй, гэта асобы дэмакратычных перакананняў, але яны тут у большасці. І пры больш спрыяльных умовах могуць выявіць з сябе масавыя дэмакратычныя сілы. Толькі ці захочуць яны прызнаваць "лідарамі" тых, хто прэтэндуе на гэта з "бяспечнага далёка"? Лідэр - гэта не пасада, а характарыстыка чалавека, які ўмее весці за сабой іншых людзей да канкрэтнай мэты, не зважаючы на небяспеку для сябе. Лідэры масавых уцёкаў не лічацца. Паглядзіце гісторыю той жа Польшчы. Падчас ўвядзення ваеннага становішча генералам Ярузельскім, лідарам апазіцыі прапанавалі выбіраць паміж турмой і эміграцыяй. Усе тыя, хто выбралі эміграцыю, прайгралі на першых жа дэмакратычных выбарах.
Такім чынам, ўсё становіцца на свае месцы, калі скарыстаць другі саманазоў - дыяспара. Дыяспара такіх памераў і якасці, як наша, мае каласальны патэнцыял. У свеце вядомыя народы, у лёсе якіх дыяспары адыгралі вялізарную ролю. Да прыкладу - гэта армянская дыяспара. А яўрэйская дыяспара ўнесла вялікі ўнёсак у аднаўленне сваёй гістарычнай дзяржаы, стала крыніцай кадраў для яе і дагэтуль аказвае ёй неацэнную падтрымку.
  • 👍 47
  • 💯 22
  • ❤ 15
  • 🥴 10
  • 👎 3
  • 🤔 2
  • ✍ 1
  • 🔥 1
  • 😐 1
More from @statkevichm
  1. Sep 19, 2026ПРАМОВА Г. С. ТАРАЗЕВІЧА перад Вярхоўным Саветам 19.09.1991г. Паважаны Вярхоўны Савет! Пры…
  2. Sep 19, 2026ПАТРЫЁТ 35 гадоў таму Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў рашэньне зацвердзіць у яка…
  3. Sep 17, 2026ПРАВІЛА ГАНДЛЮ Як і многія беларусы, учора я радаваўся вызваленню чарговай групы палітвязн…
  4. Sep 15, 2026НЕ РАЗМАЎЛЯЙЦЕ З "ВІНЦІКАМІ" Зараз на волі апынуліся сотні палітвязняў, якія асвойваюцца ў…
  5. Sep 7, 2026Тагачасныя ўлады адпомсцілі ўсім афіцэрам-патрыётам, якія сваім публічным крокам прымусілі…
  6. Sep 7, 2026ТРЫ НАГОДЫ ДЛЯ АДНАГО СВЯТА Дата 8 верасня неаднойчы была знакавай у беларускай вайсковай…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →