ПАРАДОКСЫ МАГЧЫМАГА МІРУ
Зараз ідуць перамовы паміж Украінай і Расіяй пра ўмовы дасягнення міру і спынення вайны. Адразу кідаецца ў вочы парадокс - галоўнай нагодай для вайны 4 гады таму Москва аб'явіла набліжэнне NATO да яе межаў. А зараз перамовы пра мір праходзяць пад кіраўніцтвам ЗША - галоўнай краіны і лідара NATO, на якую Крэмль цяпер ўскладае асноўныя спадзяванні на выхад з вайны з захаваннем твару. Дык ЗША для Масквы - галоўны вораг ці галоўны ратавальнік ад Украіны? Бо зараз сітуацыя для Масквы добра ілюструецца дыялогам:
- "Я мядзьведзя злавіў!";
- "Дык вядзі яго сюды";
- "Ён мяне не пускае!"
На перамовах Масква адначасова імкнецца атрымаць і як мага болей ўкраінскіх тэрыторый, каб заявіць пра перамогу ў вайне, і гарантаваць для сябе бяспеку ад украінскага рэваншу. Але гэтыя мэты супярэчаць адна адной, бо, чым болей тэрыторый атрымаецца "адціснуць" ва Ўкраіны, тым большай будзе прага ва ўкраінскім грамацтве вярнуць страчанае. Гэта можа зрабіцца нечым кшталту нацыянальнай ідэі. Яна будзе гучаць на ўсіх выбарах. Украіна будзе ўкладаць вялікія сродкі ў распрацоўку і вытворчасць зброі, на ўтрыманне войска. Масква баіцца, што Украіна будзе рыхтавацца да вайны і чакаць забурэння ў Расіі, каб скарыстацца ім для вяртання страчаных земляў. І ніякія дамовы для яе не будуць перашкодай, бо заўсёды можна ўзгадаць, колькі дамоў парушыла Масква анэксіяй Крыма ды іншых тэрыторый Украіны. Але, разам з тым, сваімі празмернымі тэрытарыяльнымі патрабаваннямі на перамовах Крэмль робіць ўсё, каб падвысіць імавернасць такога небясьпечнага для яго сцэнару.
Гладзячы па ўсім, Украіна ў бліжэйшай перспектыве не здолее далучыцца да NATO і застанецца нейтральнай. Па разумнаму, Украіне на перамовах трэба было б патрабаваць такога ж статусу і для Беларусі, каб зрабіць бяспечнай сваю паўночную мяжу. Нейтральны пояс ці "буфер" паміж Расіяй і NATO спыніў бы эскалацыю напружання паміж імі, а для Беларусі зрабіўся б гарантыяй яе суверэнітэту. Аўтары першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі разумелі небяспеку непасрэднага суседства двух ужо тады патэнцыйна варожых сіл і занеслі ў яе тэкст тэзу пра імкненне да нейтралітэту. А аўтары ўсіх варыянтаў праграмы Народнай Грамады ад пачатку разумелі, якую рэакцыю Масквы выкліча спроба Беларусі далучыцца да NATO і заўсёды ўключалі ў яе тэкст пункт пра ваенны нейтралітэт нашай краіны.
Парадаксальна, але нейтральная Ўкраіна будзе больш небяспечнай для Расіі, чым Украіна ў NATO. Бо калегі Украіны па NATO будуць стрымліваць яе ад радыкальных дзеянняў. Сама ж NATO ваяваць зусім не імкнецца - занадта добра там жывуць. А новыя тэрыторыі іх не цікавяць - бо вельмі дорага будзе каштаваць дасягненне імі еўрапейскага ўзроўню.
Але Крэмль так шмат казаў пра злавеснае NATO, якое з варожымі мэтамі набліжаецца да расійскіх межаў, што мусіць працягваць старую прапаганду, абмінаючы той просты факт, што гэта не NATO набліжаецца, гэта ў яго ўцякаюць ад Расіі яе суседзі, былыя краіны-вязні "сацыялістычнага лагера", якія больш не жадаюць атрымаць яшчэ адзін тэрмін зняволення ў ім. А таксама ўжо і чальцы "саюза нерушимого республик свободных", многія з жыхароў которых пабывалі і ў сапраўдных лагерах сістэмы ГУЛАГ.
Невядома, чым скончацца гэтыя перамовы, але шмат людзей у свеце чакаюць, каб гэтая крывавая вайна паміж некалі самымі блізкімі народамі нарэшце скончылася. Прынамсі, яе гарачая фаза. І каб вынік перамоў не правакаваў яе аднаўленне.
Мікалай Статкевіч
Post #35
3.37K
- ❤ 84
- 💯 42
- 👍 18
- 🤔 4
- 🤡 2
- 🤷♂ 1