Міністэрства культуры адмовілася прысвойваць вышэйшую ахоўную катэгорыю «0» ўнікальным драўляным цэрквам Палесся, якую маюць усе кандыдаты ў спіс ЮНЕСКА.
Яшчэ ў 2004 годзе Беларусь афіцыйна ўнесла намінацыю «Культавае драўлянае дойлідства Палесся XVII–XVIII стст.» у Папярэдні спіс Сусветнай спадчыны. Згодна з артыкулам 96 Кодэкса аб культуры, гісторыка-культурныя каштоўнасці, прапанаваныя для ўключэння ў гэты спіс, маюць катэгорыю «0». Аднак за 20 гадоў ніводзін з палескіх храмаў так і не атрымаў вышэйшага статусу. Знаходзячыся пад слабай абаронай, унікальныя помнікі (як у Здзітаве ці Олтушы) масава ашалёўваюцца сайдынгам, увенчваюцца залатымі расійскімі «цыбулінамі», а часам і цалкам згараюць з-за парушэнняў пры рамонце, як гэта нядаўна адбылося з царквой у Сцяпанках.
Характэрна, у якім выглядзе гэтая намінацыя існуе на сайце ЮНЕСКА. У афіцыйным дасье канкрэтна згадваюцца толькі дзве царквы ў Здзітаве і Олтушы, пасля чаго англамоўнае апісанне драўлянай архітэктуры літаральна абрываецца на паўслове і раптам пачынаецца... тэкст пра забудову праспекта Францыска Скарыны ў Мінску. Гэты вынік неакуратнага капіявання дакументаў застаецца невыпраўленым два дзесяцігоддзі.
Мы накіравалі зварот з патрабаваннем выканаць норму Кодэкса і прысвоіць храмам з дасье ЮНЕСКА нулявую катэгорыю дзеля іх больш надзейнай аховы ад знішчэння. Афіцыйны адказ за подпісам намесніка міністра Сяргея Саракача дэманструе цуды юрыдычнай эквілібрыстыкі — абы нічога не рабіць.
Чыноўнікі заявілі, што ўключэнне ў Папярэдні спіс — гэта толькі «тэхнічная ўмова», якая не накладае на дзяржаву ніякіх юрыдычных абавязацельстваў. Больш за тое, далейшая распрацоўка намінацыі і наданне катэгорыі «0» палескім цэрквам былі названыя «суверэнным правам і добраахвотным планам», які не носіць дырэктыўнага характару. Што ж тычыцца прамога артыкула ў Кодэксе аб культуры, то Мінкульт цяпер трактуе яго выключна як «класіфікацыйную норму». Паводле логікі ведамства, закон проста апісвае, што ў катэгорыю «0» ўваходзяць аб'екты з намінацый ЮНЕСКА, але гэта дае дзяржаўным органам «выключна права, а не юрыдычны абавязак» рэальна павышаць ім статус.
Фактычна Мінкульт афіцыйна распісаўся ў тым, што абараняць драўлянае дойлідства ад далейшых царкоўных «еўрарамонтаў» не ўваходзіць у яго планы. Прысутнасць беларускіх цэркваў на сайце ЮНЕСКА застанецца 20-гадовай піяр-дэкларацыяй, пакуль самі помнікі будуць працягваць фізічна разбурацца.
#цэрквы #ЮНЕСКА #драўлянаедойлідства #Мінкульт #ахова
Post #16595
853



- 🤬 39
- 💩 3
- 😢 2
- 🤡 2
- ❤ 1
- 🙏 1
- 😨 1