TGViewer
Channel Public Channel
Павел Севярынец

Павел Севярынец

@seviarynets

Асабісты канал
Subscribers
988
Photos
183
Videos
5
Links
42

Showing posts older than #187 · Back to latest

Older Posts 8 shown
Post #186 1.09K
Лондан. У Брытанскім парламенце вялікая міжнародная канферэнцыя па Беларусі.

А заўтра - сустрэча з беларускай дыяспарай і прэзентацыя кнігі "Беларусь - гэта святое".

Запрашаю беларусаў Вялікай Брытаніі - 5 чэрвеня а 18:30, Скарынаўская бібліятэка (37 Holden Rd N12 8HS).
  • ❤ 73
  • 👍 11
  • 🙏 4
  • 🤗 2
Post #185 1.14K
Прэзэнтацыя кнігі Паўла Севярынца «Беларусь – гэта сьвятое» ў Лондане

Скарынаўская бібліятэка і Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі
сардэчна запрашаюць на сустрэчу з Паўлам Севярынцам і прэзэнтацыю ягонае новае кнігі «Беларусь – гэта сьвятое»

📅 Калі: 5 чэрвеня 2026 году а 18:30

📍 Дзе: Скарынаўская бібліятэка, 37 Holden Rd N12 8HS
(станцыя мэтро Woodside Park)


«Беларусь – гэта сьвятое» – першая пасля турмы кніга пісьменьніка, палітыка і былога палітвязьня Паўла Севярынца, зборнік-сьведчаньне, створаны за кратамі. У кнізе 71 малюнак беларускіх храмаў – Павел маляваў іх для свайго сына Францішка, – выслоўі і вершы, большасьць зь якіх публікуецца ўпершыню.

Да сустрэчы можна будзе далучыцца праз зум па спасылцы https://us02web.zoom.us/j/82994964102?pwd=WaVeVt1UrtlbX8vA0m0jbJFRSJaklZ.1

Кнігу можна будзе атрымаць на прэзэнтацыі з аўтографам аўтара. Напрыканцы вечарыны запрашаем на сьціплы пачастунак.
  • ❤ 39
  • 🔥 9
  • ⚡ 2
  • 🤔 1
Post #184 1.08K
Кожнага разу, калі заходзіць гаворка пра беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне, згадваю Эдуарда Лобава.

Маўклівага, спакойнага, моцнага - прыроджанага байца.

У пачатку 2000-ых Эдуард праходзіў тэрміновую службу ў віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе, і там пасябраваў з маладафронтаўцам Андрусём Цянютам, які размаўляў па-беларуску.

Калі Цянюту пасадзілі на гаўптвахту, Эдзік сам вырабіў улёткі, дзе патрабаваў спыніць беззаконне начальства, і расклеў па вайсковай частцы. У той самы дзень, калі Андруся вызвалялі, Эдзік заехаў на гаўптвахту сам.

У 2009-ым Эдуард далучыўся да беларускага руху ў Менску, пасябраваў са Змітром Дашкевічам - і ўжо ў 2010-ым стаў адным з лідэраў Маладога Фронту.

Памятаю нашу супольную акцыю ля Касцёла святога Язэпа ўвосені 2010-га. Тады штодня мы збіраліся і маліліся каля забранага яшчэ саветамі будынку колішняга касцёла на плошчы Волі - патрабавалі аддаць храм вернікам.

Акцыя доўжылася ўжо другі месяц, людзей рабілася ўсё больш, набліжаліся прэзідэнцкія "выбары", і Лукашэнка у рэшце рэшт ня вытрымаў і загадаў разагнаць небяспечны "майданчык" у самым цэнтры сталіцы.

Наляцеў спецназ, каго схапілі, каго прымусілі збегчы, а мы маладафронтаўскім колам учапіліся адзін у аднаго, і нас, чалавек дзесяць, гурмой падвалаклі па асвальце да аўтобуса. Там разарвалі кола, пазапіхвалі ў аўтобус, а мяне як завадатара зацягнулі за рог і разбілі ў кроў твар.

Завялі ў аўтобус апошнім. Хлопцы абачылі - і паўскоквалі са спецназам біцца. Праз хвіліну амаль усіх скруцілі, каго на крэслах, каго на падлозе. Але бойка ідзе. Ляжу, галава прыціснутая да спінкі крэсла - і бачу: адзін Эдуард у хвасце аўтобуса, у баявой стойцы, халаднакроўна "махаецца" з двума бамбізамі ў форме, якія спрабуюць выбрацца з праходу. Невысокі, але спрытны, з каменным выразам твару ухіляецца ад удараў, не дае падысці да сябе і наварочвае то аднаму, то другому - як у кіно.

Тады абышлося нават без "сутак" - бо ўжо ішла кампанія.

Але ўжо ў снежні, перад самымі "выбарамі", Эдуарда разам са Змітром прэвентыўна ўзялі ў менскім двары і абвінавацілі ў збіцці нейкіх мінакоў (канечне, ніякіх мінакоў нават у "судзе" потым ніхто ня бачыў). Лукашэнкаўскія сілавікі баяліся, што баявы атрад МФ наладзіць падчас пратэстаў масавы супраціў.

Пасля 4 гадоў лагера Эдуард паехаў ва Украіну і далучыўся да Тактычнай групы "Беларусь", якая змагалася за нашу і вашу свабоду.

Ідэальны баец - так казалі пра яго пабрацімы.

Пра тое, што Эдуард загінуў у баі з расейскімі захопнікамі, я даведаўся ў турме - але без падрабязнасцяў. І толькі ўжо па вызваленні, у Вільні, дзе, дарэчы, і нарадзіўся Эдзік, мне распавялі пра ягоны апошні бой.

У студзені 2023 года пад Угледарам падчас штурму расейцы высадзілі ля украінскіх пазіцыяў дэсант. Следам пайшлі танкі. Эдуард выбраўся з акопу з аўтаматам, і, прыкрываючы адступленне сваіх ды эвакуацыю параненых, перабіў усю дыверсійную групу. Але сам загінуў ад стрэлу з танка.

Не змаглі ўзяць аднаго беларуса штурмавой зброяй. Расстралялі толькі з танка.

Убачыў матулю Эдуарда на мітынгу памяці Юркі Моніча - адразу згадаў і пра бой Эдуарда ў аўтобусе ў Менску, і пра апошні бой пад Угледарам.

Сіла ваяра ня ў тым, як ён гаворыць. Ваяр б'ецца так, што потым пра гэта доўга гавораць іншыя.

Светлая памяць Эдуарду. Жыве Беларусь!
  • ❤ 54
  • 🙏 12
  • 👍 8
  • 🫡 8
  • ⚡ 1
Post #176 871
Дзякуй Богу за апошнія дні вясны ў Беластоку!

Вялікі дзякуй сям'і Верамеенкаў, якая прытуліла нас на гэтыя выходныя.

Дзякуй нястомнаму Барысу Гарэцкаму, нашаму кіроўцу, гіду, медыяэксперту і адмыслоўцу па незразумелых пытаннях ))

Дзякуй камандзе хабу "Новая зямля", дзе прайшла вялікая сустрэча і прэзентацыя кнігі "Беларусь - гэта святое": сёння нам усім трэба падтрымаць галоўную беластоцкую пляцоўку беларускага руху!

Дзякуй усім, хто прыйшоў на сустрэчу, найперш выступоўцам Яўгену Вапу, Кацярыне Ваданосавай, Уладзіміру Хільмановічу - а таксама ўсім тым, хто задаваў пытанні, зручныя і нязручныя.

Дзякуй "Радыё Рацыі" - першай і адзінай беларускамоўнай фм-станцыі, якая дае слова ў эфіры ўсім і надае асаблівую ўвагу беларускаму хрысціянскаму руху.

Дзякуй Яну Абадоўскаму - ён са сваёй камандай арганізоўвае Дзень Волі і вулічныя акцыі ня толькі ў Беластоку, а дапамагае беларусам па ўсім свеце.

Дзякуй Паўлу Станкевічу, які ладзіць найбольшы беларускі фэст у замежжы - "Тутака" - і натхняе нас адчуваць сябе нацыяй.

Дзякуй сябрам Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі - мы пагадзіліся рыхтаваць аб'яднаўчы з'езд увосені і ладзіць сталае праваслаўнае набажэнства па-беларуску ў Беластоку.

Дзякуй усім сябрам, з якімі мы змаглі абняцца ў гэтыя веснавыя дні!

Цяпер Беласток - у нашым сэрцы!

Фота Барыса Гарэцкага.
  • ❤ 49
  • 🔥 7
  • 🙏 5
  • 👍 2
  • 🤔 1
Post #167 1.1K
Сустрэча Ціханоўскай з Зяленскім яснай, бліскучай рысай аддзяліла беларусаў ад Лукашэнкі.

Цяпер у вачах усяго свету Лукашэнка - суагрэсар, а беларусы - саюзнікі Украіны.

Пасля 2022 года стаўленне да беларусаў за мяжой рэзка змянілася: як вы дазволілі Пуціну напасці праз Беларусь на Украіну?! Вы, беларусы - мірныя людзі?!

Але цяпер, у 2026-ым, Украіна ў асобе Зяленскага гучна кажа ўсім: вораг - Лукашэнка, а беларусы - сябры.

Тлумачу, чаму сустрэча ў Кіеве - апошні званок для рэжыму, і чаму гэта суперважна для нас усіх.

Што мы робім? Натхняем беларусаў!

Ціханоўская ў Кіеве, а Макрон тэлефануе ў Менск; увесь свет патрабуе вызвалення беларускіх палітвязняў; эканоміка Беларусі расце, а Расеі падае – тройца добрых навінаў на нашым YouTube-канале.

Раз на тыдзень мы сустракаемся, каб разабрацца, што адбываецца ў Беларусі і свеце, вакол нас і ў нас саміх. Дык падпісвайцеся!

Раскручваем канал разам, сябры - бо Беларусі так патрэбныя добрыя навіны!

Спасылка на відэа - тут.
  • ❤ 40
  • 👍 14
  • 🔥 7
  • 😁 4
  • 🌭 4
Post #166 939
Знялі мяшкі з галоваў, разрэзалі пластыкавыя сцяжкі на руках - і высветлілася, што мы ва Ўкраіне.

І першы, каго я ўбачыў на выхадзе з аўтобуса, быў Уладзь Лабковіч. Змораны, спакутваны, схуднелы.

- Патрапала цябе жытуха, Уладзь, - кажу.

- Ну, і цябе таксама, - бадзёра адказвае Уладзь са сваёй фірмовай іранічнай усмешкай. - Ты ж заўсёды ўмеў натхняць.

Заўсёды дасціпны і патрабавальны, але спагадлівы, Уладзь Лабковіч прыцягнуў маю ўвагу яшчэ ў 1997-ым, на хвалі стварэння Маладога Фронту.

Як прадстаўнік Свіслацкай рады МФ (Ленінскі раён Менску), на паседжаннях нашай Управы Уладзь крытычна ацэньваў рашэнні і аспрэчваў прапановы - і тым самым выпрабоўваў тактыку ды стратэгію, спрабуючы максімальна палепшыць іх.

Але калі рашэнне, нават насуперак ягоным заўвагам, прымалася большасцю - настойваў на ягоным безумоўным выкананні.

У далейшым у палітыцы я часта шкадаваў, што побач няма такога сумленнага і цвёрдага дарадцы.

Як юрыст, Уладзь Лабковіч быў незаменны ў справах арыштаў ды крымінальных справаў. А на адным са з'ездаў БНФ, дзе ўдзельнічала самастойная дэлегацыя Маладога Фронту, прапанаваў юрыдычна бездакорную працэдуру галасавання, дзякуючы якой у Сойм прайшлі ажно 14 маладафронтаўцаў.

У 1998-ым Уладзь далучыўся валанцёрам да "Вясны" Алеся Бяляцкага, і з пачатку 2000-ых стаў усё больш часу аддаваць не палітыцы, а праваабароне.

Але і там Уладзь застаўся адным з тых, для каго беларускасць і інтарэсы беларусаў - абсалютныя. Прынцыпова і па-беларуску у размовах з любымі замежнікамі звяртаў увагу на каштоўнасць нашай незалежнасці і культуры.

Дарэчы, і на вядомай розгаласнай прэс-канферэнцыі вызваленых палітвязняў у Чарнігаве, на якую я не пайшоў, Уладзь выступаў па-беларуску.

Арыштаванаму ў 2021-ым разам з жонкай Нінай Уладзю давялося каўтнуць лукашэнкаўскага гулагу поўнай мерай. Катавалі ў ШІЗА, абяцалі згнаіць, здзекваліся, дадавалі адна за адной крымінальныя справы. Уладзь прайшоў той жа Шклоў, што і я, толькі трохі пазней.

Але і там Уладзь стаяў цвёрда, падтрымліваў іншых ды карыстаўся аўтарытэтам у дасведчаных крымінальнікаў.

Уладзь - класны сябар, круты тата і стоадсоткавы баец за Беларусь пры любых раскладах. Ён адзін з тых спецназаўцаў, якіх сам рэжым турмамі і лагерамі выкаваў на сваю пагібель.

Так і бачу Уладзя на паседжаннях будучага ураду, дзе ён, як калісьці на Варвашэні, 8, з дасціпнай усьмешкай падыме руку, каб запярэчыць агульнаму настраёваму ухваленню і прапанаваць найлепшае рашэнне.
  • ❤ 51
  • 👍 14
  • 🙏 6
  • 💔 6
  • 🦄 3
Post #165 880
Званочкі для Лукашэнкі

Нястомная Святлана Ціханоўская - у Кіеве і сустракаецца з кіраўніцтвам Украіны.

Сам факт афіцыйнага візіта Святланы, светлага сімвала беларускіх пратэстаў 2020-га, у сталіцу краіны, якая вядзе вайну з Расейскай імперыяй - пранізлівы геапалітычны званочак.

На фронце, на зямлі і ў паветры, усё больш ясна абазначаецца кульмінацыя. Расея выдыхаецца, з астатніх сілаў спрабуе паказаць сваю перавагу, бразгае ядзернай зброяй на беларускіх вучэннях, бомбіць жылыя кварталы Кіева, але яўна дайшла да "мёртвай кропкі". А Украіна пачынае пераважаць і ў вайсковай, і ў тэхналагічнай, і ў псіхалагічнай сферы, і раз за разам прабівае расейскія "чырвоныя лініі".

Цяпер астатняму свету пара вызначацца.

Усё. Цяпер ніякіх нюансаў і паўтонаў. Ёсць саюзнікі і ёсць ворагі.

Тыя, хто з Украінай - і тыя, хто супраць.

І Украіна кідае на шалі вагаў беларускі званочак. Дзінь-дзінь, Аляксандр Рыгоравіч. Дзінь-дзінь.

Квіток да вольнага Менску, перапіска УНР і БНР у падарунак, выразныя словы падтрымкі для беларусаў - ясныя званочкі.

Украіна больш не балансуе, не маўчыць - і адмаўляецца "не будзіць ліха, пакуль яно ціха".
Украіна б'е ў звон.

І прыезд у Чарнобыль тут - вяршыня сімвалізму. Выбух Чарнобыля ў 1986-ым стаў пахавальным звонам для савецкай імперыі зла.

Ціханоўская ў Чарнобылі. Дзінь-дзінь!

Па кім звоніць звон?

Лукашэнка раптам прачынаецца і заяўляе, што гатовы сам ляцець у Кіеў на перамовы з Зяленскім.

Позна.

І вось звоніць Лукашэнку прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.

Тэлефануе не прапанаваць чарговы абмен, не пагандлявацца, а папярэдзіць: станеш, як і ў 2022-ім, суагрэсарам - больш ніякіх гульняў і гандляў ня будзе.

Сцэна замерла. Заля прыціхла. Драма пачынаецца.

Жалезная заслона вось-вось здрыганецца і пачне распаўзацца па швах.

Цягнік да вольнага Менску кранаецца з месца.

Трэці званок.

Дзінь-дзінь, Аляксандр Рыгоравіч.

Дзінь-дзінь.
  • 🙏 37
  • ❤ 25
  • 🤗 6
  • 😁 4
  • 👎 3
Post #159 838
Тры дні ў Варшаве натхнілі.

Галоўнае - сустрэўся, абняўся і паціснуў рукі сотням людзей, якіх ня бачыў шэсць і болей гадоў.

Выступіў разам з Зянонам Пазняком, Вячаславам Барком, Вячаславам Сіўчыкам на мітынгу памяці Юркі Моніча.

Правёў пры поўных залях дзьве прэзентацыі кнігі "Беларусь - гэта святое": у Беларускім Доме і ў парафіі ксяндза Вячаслава Барка. За суткі набылі больш за 100 кнігаў.

Даў інтэрвію "Белсату", "Еўрарадыё", “Rzeczpospolita”, "Польскаму радыё для Беларусі", "Радыё Рацыі" і амерыканскай каталіцкай тэлевізіі EWTN.

Пабачыўся з найбольшым украінскім адмыслоўцам па Беларусі Яўгенам Магдам.

Сустрэўся з паплечнікамі з Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі - абмеркаваў яднанне, пашырэнне БХД і супольны восеньскі з'езд.

Увесь гэты час былі побач мая цудоўная жоначка і сын.

Вялізны дзякуй мілым сябрам, якія прынялі нас з Волечкай і Францішкам у Варшаве - а таксама крутому Барысу Гарэцкаму, які вазіў нас на машыне і дапамог з арганізацыяй сустрэчаў!

Жыве Беларусь - з Богам!
  • ❤ 62
  • 👍 11
  • 🙏 7
  • 🦄 3
Older posts →
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →