TGViewer
Павел Севярынец Павел Севярынец @seviarynets · 988 subscribers
Post #166 939
Знялі мяшкі з галоваў, разрэзалі пластыкавыя сцяжкі на руках - і высветлілася, што мы ва Ўкраіне.

І першы, каго я ўбачыў на выхадзе з аўтобуса, быў Уладзь Лабковіч. Змораны, спакутваны, схуднелы.

- Патрапала цябе жытуха, Уладзь, - кажу.

- Ну, і цябе таксама, - бадзёра адказвае Уладзь са сваёй фірмовай іранічнай усмешкай. - Ты ж заўсёды ўмеў натхняць.

Заўсёды дасціпны і патрабавальны, але спагадлівы, Уладзь Лабковіч прыцягнуў маю ўвагу яшчэ ў 1997-ым, на хвалі стварэння Маладога Фронту.

Як прадстаўнік Свіслацкай рады МФ (Ленінскі раён Менску), на паседжаннях нашай Управы Уладзь крытычна ацэньваў рашэнні і аспрэчваў прапановы - і тым самым выпрабоўваў тактыку ды стратэгію, спрабуючы максімальна палепшыць іх.

Але калі рашэнне, нават насуперак ягоным заўвагам, прымалася большасцю - настойваў на ягоным безумоўным выкананні.

У далейшым у палітыцы я часта шкадаваў, што побач няма такога сумленнага і цвёрдага дарадцы.

Як юрыст, Уладзь Лабковіч быў незаменны ў справах арыштаў ды крымінальных справаў. А на адным са з'ездаў БНФ, дзе ўдзельнічала самастойная дэлегацыя Маладога Фронту, прапанаваў юрыдычна бездакорную працэдуру галасавання, дзякуючы якой у Сойм прайшлі ажно 14 маладафронтаўцаў.

У 1998-ым Уладзь далучыўся валанцёрам да "Вясны" Алеся Бяляцкага, і з пачатку 2000-ых стаў усё больш часу аддаваць не палітыцы, а праваабароне.

Але і там Уладзь застаўся адным з тых, для каго беларускасць і інтарэсы беларусаў - абсалютныя. Прынцыпова і па-беларуску у размовах з любымі замежнікамі звяртаў увагу на каштоўнасць нашай незалежнасці і культуры.

Дарэчы, і на вядомай розгаласнай прэс-канферэнцыі вызваленых палітвязняў у Чарнігаве, на якую я не пайшоў, Уладзь выступаў па-беларуску.

Арыштаванаму ў 2021-ым разам з жонкай Нінай Уладзю давялося каўтнуць лукашэнкаўскага гулагу поўнай мерай. Катавалі ў ШІЗА, абяцалі згнаіць, здзекваліся, дадавалі адна за адной крымінальныя справы. Уладзь прайшоў той жа Шклоў, што і я, толькі трохі пазней.

Але і там Уладзь стаяў цвёрда, падтрымліваў іншых ды карыстаўся аўтарытэтам у дасведчаных крымінальнікаў.

Уладзь - класны сябар, круты тата і стоадсоткавы баец за Беларусь пры любых раскладах. Ён адзін з тых спецназаўцаў, якіх сам рэжым турмамі і лагерамі выкаваў на сваю пагібель.

Так і бачу Уладзя на паседжаннях будучага ураду, дзе ён, як калісьці на Варвашэні, 8, з дасціпнай усьмешкай падыме руку, каб запярэчыць агульнаму настраёваму ухваленню і прапанаваць найлепшае рашэнне.
  • ❤ 51
  • 👍 14
  • 🙏 6
  • 💔 6
  • 🦄 3
More from @seviarynets
  1. Sep 29, 2026У чацвер 8 кастрычніка" а 19.00 у Беларускім Моладзевым Хабе (Dożynkowa 6a) у Варшаве адбу…
  2. Sep 28, 2026Сікорскі і Рыжанкоў. У чаканні вайны ў кожнай нацыі абвастраецца нацыянальны эгаізм. Калі…
  3. Sep 27, 2026Вялізная падзяка беларусам Італіі за цудоўную сустрэчу ў Фларэнцыі! Удзячны Народнай амбас…
  4. Sep 25, 2026Распавёў Глафіры Жук з "Белсату" пра аднаўленне Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і падры…
  5. Sep 24, 2026Як беларусам называць сваіх дзяцей, каб яны выраслі геніямі? Бярэм топ-100 знакамітых бела…
  6. Sep 23, 2026КАЛІ Ў БЕЛАРУСІ СТАЛА БЯСПЕЧНА? 26 верасня а 12:00 у Варшаве, каля Ужонда па справах замеж…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →