Кожнага разу, калі заходзіць гаворка пра беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне, згадваю Эдуарда Лобава.
Маўклівага, спакойнага, моцнага - прыроджанага байца.
У пачатку 2000-ых Эдуард праходзіў тэрміновую службу ў віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе, і там пасябраваў з маладафронтаўцам Андрусём Цянютам, які размаўляў па-беларуску.
Калі Цянюту пасадзілі на гаўптвахту, Эдзік сам вырабіў улёткі, дзе патрабаваў спыніць беззаконне начальства, і расклеў па вайсковай частцы. У той самы дзень, калі Андруся вызвалялі, Эдзік заехаў на гаўптвахту сам.
У 2009-ым Эдуард далучыўся да беларускага руху ў Менску, пасябраваў са Змітром Дашкевічам - і ўжо ў 2010-ым стаў адным з лідэраў Маладога Фронту.
Памятаю нашу супольную акцыю ля Касцёла святога Язэпа ўвосені 2010-га. Тады штодня мы збіраліся і маліліся каля забранага яшчэ саветамі будынку колішняга касцёла на плошчы Волі - патрабавалі аддаць храм вернікам.
Акцыя доўжылася ўжо другі месяц, людзей рабілася ўсё больш, набліжаліся прэзідэнцкія "выбары", і Лукашэнка у рэшце рэшт ня вытрымаў і загадаў разагнаць небяспечны "майданчык" у самым цэнтры сталіцы.
Наляцеў спецназ, каго схапілі, каго прымусілі збегчы, а мы маладафронтаўскім колам учапіліся адзін у аднаго, і нас, чалавек дзесяць, гурмой падвалаклі па асвальце да аўтобуса. Там разарвалі кола, пазапіхвалі ў аўтобус, а мяне як завадатара зацягнулі за рог і разбілі ў кроў твар.
Завялі ў аўтобус апошнім. Хлопцы абачылі - і паўскоквалі са спецназам біцца. Праз хвіліну амаль усіх скруцілі, каго на крэслах, каго на падлозе. Але бойка ідзе. Ляжу, галава прыціснутая да спінкі крэсла - і бачу: адзін Эдуард у хвасце аўтобуса, у баявой стойцы, халаднакроўна "махаецца" з двума бамбізамі ў форме, якія спрабуюць выбрацца з праходу. Невысокі, але спрытны, з каменным выразам твару ухіляецца ад удараў, не дае падысці да сябе і наварочвае то аднаму, то другому - як у кіно.
Тады абышлося нават без "сутак" - бо ўжо ішла кампанія.
Але ўжо ў снежні, перад самымі "выбарамі", Эдуарда разам са Змітром прэвентыўна ўзялі ў менскім двары і абвінавацілі ў збіцці нейкіх мінакоў (канечне, ніякіх мінакоў нават у "судзе" потым ніхто ня бачыў). Лукашэнкаўскія сілавікі баяліся, што баявы атрад МФ наладзіць падчас пратэстаў масавы супраціў.
Пасля 4 гадоў лагера Эдуард паехаў ва Украіну і далучыўся да Тактычнай групы "Беларусь", якая змагалася за нашу і вашу свабоду.
Ідэальны баец - так казалі пра яго пабрацімы.
Пра тое, што Эдуард загінуў у баі з расейскімі захопнікамі, я даведаўся ў турме - але без падрабязнасцяў. І толькі ўжо па вызваленні, у Вільні, дзе, дарэчы, і нарадзіўся Эдзік, мне распавялі пра ягоны апошні бой.
У студзені 2023 года пад Угледарам падчас штурму расейцы высадзілі ля украінскіх пазіцыяў дэсант. Следам пайшлі танкі. Эдуард выбраўся з акопу з аўтаматам, і, прыкрываючы адступленне сваіх ды эвакуацыю параненых, перабіў усю дыверсійную групу. Але сам загінуў ад стрэлу з танка.
Не змаглі ўзяць аднаго беларуса штурмавой зброяй. Расстралялі толькі з танка.
Убачыў матулю Эдуарда на мітынгу памяці Юркі Моніча - адразу згадаў і пра бой Эдуарда ў аўтобусе ў Менску, і пра апошні бой пад Угледарам.
Сіла ваяра ня ў тым, як ён гаворыць. Ваяр б'ецца так, што потым пра гэта доўга гавораць іншыя.
Светлая памяць Эдуарду. Жыве Беларусь!
Post #184
1.08K
- ❤ 54
- 🙏 12
- 👍 8
- 🫡 8
- ⚡ 1