З Днём Волі, беларусы! З Дабравесцем! Са святам!
У беларускай мове слова “ВОЛЯ” азначае і свабоду, і рашучасць, і адказнасць за свой уласны лёс.
Таму і беларускі нацыянальны рух – вызвольны.
Таму так любяць беларусы называць сваіх дачок Волямі.
Вялікая беларуская воля, здольная і на подзвіг, і на пакутніцтва, і на самаахвярнасць – вобраз і падабенства той Волі, якая вяла Хрыста на Галгофу, і праз крыж – да ўваскрасення.
Каму, як не беларусам, хрысціянскаму народу, ведаць: пераможная воля ўласцівая толькі свабодным!
Наша бязвольнасць, агульная млявасць і абыякавасць да жыцця пачыналася тады, калі беларусы адварочваліся ад Бога і забываліся, хто яны ёсць.
Яна, народная воля, закладзеная ў нас глыбока. Стоеная, стрыманая, агромністая: якія ж цярпенні давялося вытрымаць гэтае нацыі! Беларус стрывае ўсё, але калі дойдзе да краю… Ціхая ў сваю пару, але ўпартая воля выпростваецца з сілаю сцятае спружыны.
А хто ня любіць волі – ня нашага роду, казаў Купала.
Post #99
1.03K

- ❤ 103
- 👍 12
- 🙏 8
- 💯 2
- 🤝 2