Беларускі Дзень Волі ў Амерыцы - гэта нешта неймавернае.
Найперш, само спалучэнне беларускай глыбіні, стрыманасці, чыстай прыгажосці і амерыканскай бадзёрасці, упэўненасці, аптымізму - файны вобраз для будучае Беларусі.
Палескія вернікі-баптысты, якія з'ехалі ў Каліфорнію, менскія айцішнікі ў Сіэтле, беларускамоўныя праваслаўныя Усходняга ўзбярэжжа - цэлыя беларускія зямляцтвы, у якіх наша Краіна Святла грае новымі, яснымі, празрыстымі адценнямі.
На зуме з беларусамі ЗША і Канады, прысвечаным падрыхтоўцы Дня Волі, уразіўся тым, наколькі заакіянскія беларусы і беларускі ўсмешлівыя, стылёвыя энэргічныя.
Тое, што цяпер Беларусь жыве ў дзясятках і сотнях гарадоў і мястэчак самай моцнай, самай веруючай, самай паспяховай краіны свету - факт неацэннай важнасці для нашай будучыні.
Сёлета на Дзень Волі ў Мінеапалісе, штат Мінесота - урачыстае адкрыццё Беларускага культурнага цэнтру з Зянонам Пазняком.
У Паўднёвай Караліне - гуканне Волі і аўкцыён на падтрымку беларускіх палітвязьняў.
У Шарлоце, Паўночная Караліна - гістарычная частка, забавы для дзяцей і дарослых.
У Тампе, штат Флорыда - сустрэча на прыродзе, сярод пальмаў з Сяргеем Ціханоўскім.
У Маямі (Маямі, хлопцы і дзяўчаты!) - пікнік з беларускай музыкай.
У Брукліне, штат Нью-Ёрк - праваслаўная літургія па-беларуску і гісторыя БНР.
У Філадэльфіі, штат Пенсільванія - узняццё бел-чырвона-белага сцяга.
У Сіэтле, штат Вашынгтон - беларуская батлейка.
У Чыкага, штат Ілінойс - беларускае караоке, ад "Купалінкі" да "Трох чарапахаў".
У Лос-Анджэлесе, штат Каліфорнія - музыка, сьпевы, гульні, ежа, розыгрыш прызоў.
У Сан-Францыска - сьвяточны канцэрт, беларускія танцы, майстар-клясы, дзіцячыя гульні, jumbo-дранікі...
Беларусь праменіць і грае новымі гранямі па ўсім свеце - нават тады, калі ў самой Беларусі ноч.
Post #91
1.25K
- 🔥 35
- ❤ 23
- 🙏 5
- 👍 3
- 👎 3