TGViewer
Павел Севярынец Павел Севярынец @seviarynets · 988 subscribers
Post #136 1.03K
Чэрвень 2020 года, Акрэсціна. Менскі ІЧУ.

Мяне прывезлі ў нядзелю ўвечары пасля мітынгу на Камароўцы. Спачатку ўсё было як мы любім: дагляд, камера, канвой, адміністрацыйны суд за несанкцыянаванае мерапрыемства, 15 сутак, зноў Акрэсціна.

Але назад чамусьці прывезлі не ў размеркавальнік, дзе трымаюць "сутачнікаў", а ў ІЧУ, для крымінальнікаў.

І завялі адразу ў карцэр - паўпадвальны каменны мяшок 2 на 3 метры з адкідной нарай. На ўваходзе забралі куртку і ўсё, што меў у трывожнай торбе, да зубной шчоткі ўлучна.

- Всё отдадім, - сказаў супрацоўнік, які заводзіў. - Потом.

Ведаю я ваша "потом", думаю. Пачынаецца ня надта.

Летам у такім карцары так сабе. Удзень душна, уначы халодна, голая дошка. Большасці людзей праз пэўны час пачынае падрываць дах, бо пастаянна церпіш і няма чаго рабіць, тупа ходзіш два крокі туды, два крокі назад, больш няма як. Ну але малюся Богу, абдумваю будучыя кнігі, збіраюся датрываць да "выбараў" - нармальна.

Першая ноч - поўная вагню. Нейкая жанчына ў камеры насупраць крычыць, здаецца, па-цыганску, б'е кулакамі і нагамі ў дзверы, патрабуе курыць і выпусціць. Да ранку. Так і не заснуў. У суседнюю камеру, таксама карцэр, чую, заводзяць Волю Мікалайчык - яна таксама выступала на мітынгу.

А раніцай перакрылі ваду. І мне, і Волі.

- Чаму вады няма?

- Рамонт.

Ніякага рамонту, канечне, не было. Проста каля кожнай камеры ў ІЧУ адмысловы кранік, перакрылі і ўсё. Цяпер не папіць, не памыць рук, ня змыць "ачко". Суха, як у пустыні.

Так, думаю. Патрапіў. Да "выбараў" два месяцы, без вады магу не дацягнуць. Уранку і ў абед даюць па паўкубкі "гарбаты" да пайкі, і гэта ўсё. Есці пры такім раскладзе ня хочацца. Нна, хранаваценька.

- Дайце вады!

Маўчанне.

Дзень. Два. Тры. Чатыры. Цяжка, асабліва ўначы. Смага. Пачынае тачыцца галава. Тое самае, чую, і ў Волі.

Ідэя адключыць ваду тут вось у чым. Акрамя фізічнага ўздзеяння - яшчэ і маральнае. Раз даюць пайку - мусіш есці. Раз ясі - ходзіш у прыбіральню (дзіру ў падлозе). А змываць у тваёй хатцы 2 на 3 метры няма як. Значыць - ну вы зразумелі. Палітычны? Ну вось, ад цябе тхне як мае быць.

Такое рабілі яшчэ ў 1990-ыя з маладафронтаўцамі, скажам, у Маскоўскім РАУСе - проста днямі не выводзілі з боксаў у прыбіральню. Рабі пад сябе. Але там было на двое-трое сутак. Тут зараджаюць на пару месяцаў.

Халера іх бяры, думаю. Пара ўскрывацца, бо інакш здохнеш бяз бою.

Ёсць чым? Знойдзем.

Але пра гэта - наступным разам.
  • 😢 42
  • 😱 9
  • ❤ 8
  • 🔥 4
  • 🥰 2
More from @seviarynets
  1. Oct 1, 2026Асцярожна з беларусамі! Бульба - выбухае! Часам пра беларускі характар кажуць так: “Бульба…
  2. Sep 29, 2026У чацвер 8 кастрычніка" а 19.00 у Беларускім Моладзевым Хабе (Dożynkowa 6a) у Варшаве адбу…
  3. Sep 28, 2026Сікорскі і Рыжанкоў. У чаканні вайны ў кожнай нацыі абвастраецца нацыянальны эгаізм. Калі…
  4. Sep 27, 2026Вялізная падзяка беларусам Італіі за цудоўную сустрэчу ў Фларэнцыі! Удзячны Народнай амбас…
  5. Sep 25, 2026Распавёў Глафіры Жук з "Белсату" пра аднаўленне Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і падры…
  6. Sep 24, 2026Як беларусам называць сваіх дзяцей, каб яны выраслі геніямі? Бярэм топ-100 знакамітых бела…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →