Вадзіма Кабанчука я ведаю трыццаць гадоў.
Увесну 1996 года, падчас знакамітай Менскай вясны з яе шэсцямі і сутычкамі з амапам, сярод фронтаўскай моладзі стаў набіраць сілу рух моцных спартовых хлопцаў, якія ўзяліся абараняць пратэстоўцаў.
І самым заўважным сярод іх быў Вадзім Кабанчук.
Увесну 1997-га, падчас майго першага сур'ёзнага затрымання менская міліцыя шукала чалавека, які даў выспятка супрацоўніку Колокольчікову, што здымаў пратэстоўцаў. На начным допыце у кабінет следчага зайшлі два амапаўцы, каторыя ратавалі аператара і пачалі прыглядацца да мяне:
- Не... Тот вроде повыше был.
Тым чалавекам быў Вадзім. Яго затрымалі ўжо ўвосені, падчас маршу ў менскай Серабранцы - і, памятаю, на судзе ураджэнец Валгаграда Колокольчіков чырванеў, як ясна дзявіца, калі суддзя ўдакладняў, куды ж падсудзімы нанёс яму ўдар.
- Ну... понімаете, в область спіны...
- У Валгаградскую область! - выгуквалі з поўнай залі.
Напрыканцы 1990-ых Вадзім узначаліў баявое крыло Маладога Фронту - і ў 1998-ым яно аформілася ў арганізацыю "Край".
"Краёўцы", згуртаваныя ў дзясяткі і сотні, праводзілі вышкалы і трэніроўкі ў лясах, адзначалі памятныя даты беларускай гісторыі, вывучалі гісторыю беларускага супраціву, выдавалі падпольныя газеты і кнігі пра герояў - і аднымі з першых сярод новага пакалення моладзі пачалі казаць пра хрысціянскія асновы беларускага руху.
У красавіку 1999-га "Край" Вадзіма Кабанчука зладзіў легендарнае шэсце ў Гародні. Калі лукашэнкаўскія чыноўнікі вырашылі правесці там супольную сесію "парламентаў" Расіі і Беларусі, сорак "краёўцаў" у камуфляжы з паходнямі і бел-чырвона-белымі сцягамі прайшлі маршам ад вакзала да аблвыканкаму. Амапу не ўдалося разагнаць хлопцаў - і іх калону таранілі машынамі. Былі скалечаныя, збітыя, былі крымінальныя справы - але ніякай "супольнай сесіі" у выніку не было.
У 2001-ым менавіта "Край" апублікаваў звесткі пра "эскадрон смерці" і месца забойства Ганчара ды Захаранкі.
У сярэдзіне 2000-ых Вадзім далучыўся да Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. На нашых сустрэчах мяне заўжды ўражвала цвярозасць і яснасць ягоных думак, вера ў Бога і вернасць Беларусі. Такія якасці - ваяра, сумленнага верніка, палітыка - наогул рэдка сумяшчаюцца ў адным чалавеку.
У 2010-ым, калі БХД спрабавала аб'яднаць беларускую апазіцыю перад "прэзідэнцкай кампаніяй", мы разглядалі Вадзіма як будучага лідэра сілавога блоку ў новай Беларусі.
Менавіта Вадзім Кабанчук яшчэ ў 2014-ым паехаў ва Ўкраіну ваяваць "за нашу і вашу свабоду" - і згуртаваў у Тактычнай групе "Беларусь" ядро байцоў, якія сталі асновай Палка Каліноўскага. Задоўга да 2020-га і 2022-га года ён прадбачыў і беларускі ўздым, і вялікую вайну ва Ўкраіне, ад якой будзе залежаць лёс Беларусі.
Вадзіму давяраю як сабе. Гэта чалавек, які прысвяціў жыццё Беларусі і які ніколі ня здрадзіць.
І вось адзін характэрны прыклад. Выйшаў з турмы, пачаў размаўляць з беларускімі дабраахвотнікамі; там, канечне, разлёт меркаванняў, часта асабістыя крыўды і сваркі. Пытаюся ў Вадзіма пра аднаго з тых, хто яго ганіць.
- Добры хлопец, адданы і мужны, - стрымана адказвае Вадзім. - Проста памыляецца.
Дык вось, я хацеў бы бачыць у беларускай палітыцы і на чале новай Беларусі такіх людзей, як Вадзім Кабанчук.
Здароўя, сілы, вытрымкі і Божай ласкі табе, дружа Вадзім!
Post #127
1.09K
- 🔥 44
- ❤ 20
- 🙏 12
- 👎 10
- 👍 5