Пакаранне за вітанне. Шклоўская калонія.
Адна з галоўных задачаў адміністрацыі турмаў і калоніяў - пераканаць вязня (і асабліва палітычнага вязня) ў тым, што ягонае жыццё залежыць толькі ад "таварыша начальніка".
Нават калі ты ідэальна выконваеш Правілы ўнутранага распарадку, не "адсвечваеш", пішаш стэрыльныя лісты на волю і ня сварышся з "заўхозамі" ды "шасцёркамі" - надыходзіць час, насупраць твайго прозвішча ў пэўнай эксэлеўскай табліцы з'яўляецца злавесная "птушачка", і ты паехаў з усімі прыпынкамі.
А калі ты, "жаўтабірачнік", яшчэ і размаўляеш па-беларуску, ціснеш рукі такім, як ты, абмяркоўваеш навіны, пачутыя па радыё, і лічыш, што не Украіна напала на Расею, а зусім наадварот - рыхтуйся.
У Шклове ўлюбёны тып адстрэлу - "пакаранне за вітанне".
Паводле Правілаў унутранага распарадку, ты мусіш прывітацца з любым супрацоўнікам калоніі, які трапіўся на тваім шляху. Але адначасова, калі атрад ідзе шыхтом у сталоўку, на промку альбо ў лазню - у шыхце забаронена размаўляць наогул.
І вось ты ідзеш па шклоўскім "Брадвеі" у шыхце ў сталоўку, глядзіш роўна ўперад (бо паварот галавы ў бок суседа могуць зафіксаваць спецыяльна абучаныя супрацоўнікі калоніі, якія сядзяць за пультам камераў назірання ў штабе альбо на КП, зрабіць скрыншот і прад'явіць табе як доказ размоваў), а на ходніку стаіць дзяжурны таварыш маёр.
Ты ў шыхце. Размаўляць забаронена. Увесь атрад праходзіць міма моўчкі.
- Отряд, стой.
Маёр паказвае пальцам:
- Северінец, подойдіте.
Выходжу з шыхта, да яго, раблю даклад.
- Почему не поздоровалісь?
- Так у шыхце ідзем, грамадзянін начальнік. Правілы ўнутранага распарадку забараняюць размаўляць у шыхце.
- Вы обязаны поздороваться с сотрудніком.
- Так увесь атрад маўчыць...
- С отрядом мы разберёмся. Вы за себя отвечайте. Пішіте об'ясненіе.
"Об'ясненіе" - гэта значыць пакаранне, пазбаўленне спаткання, перадачы альбо "суткі" ў ШІЗА.
На пакаранні ў штабе забралі чарговую перадачу (яна два разы на год). Вось табе пакаранне за невітанне.
Літаральна праз пару дзён змена таго ж маёра. Ідзем у сталоўку шыхтам. Стаіць, глядзіць на мяне. Усміхаецца - зараз будзе майстар-клас.
- Добры дзень, грамадзянін начальнік, - бадзёра вітаю я.
- Отряд, стой. Северінец, выйті із строя.
Выходжу.
- Опять нарушаем!
- Так я ж павітаўся, грамадзянін начальнік.
- Вы в курсе, что разговоры в строю запрещены?
Атрад хіхікае. Маёр задаволены.
- Вот вы же не ісправляетесь, Северінец. Нарушаете і нарушаете. Пішіте об'ясненіе.
На камісіі ў начальніка забіраюць спатканне з роднымі. Гэта пакаранне за вітанне.
У маёй калекцыі толькі ў Шклове пакаранняў за вітанне і невітанне набралася больш дзясятка.
Такія рэчы робяцца дэманстратыўна. Каб кожны беларус, і найперш "палітычны", засвоіў на ўзроўні рэфлекса: закон - для дурачкоў. Ёсць начальнік, і кропка.
Як там казаў класік? Мэта рэпрэсіяў - рэпрэсіі. Мэта улады? Улада.
І гэта - дзіч, супраціўная самой натуры беларуса, законапаслухмянай і разважлівай. У калоніях і турмах рэжым мэтанакіравана разбурае тое, што стагоддзямі выхоўвалі ў беларусах Статуты і магдэбургскае права.
Уяўляю сабе вольную Беларусь. Прэзентацыю кнігаў у Шклове. Бел-чырвона-белы сцяг па-над ратушай. Выходжу на вуліцу - і раптам пазнаю сярод мінакоў на ходніку таго самага маёра, толькі ўжо ў цывільным.
Проста хачу пабачыць выраз ягонага твару, калі скажу яму:
- Прывітанне, грамадзянін начальнік.
Post #126
894
- ❤ 30
- 😢 18
- 🙏 8
- 🔥 5