Цяпер найлепшае выйсце для ЕГУ - рабіцца элітнай вышэйшай школай для беларусаў замежжа.
Пасля прызнання ЕГУ экстрэмісцкай арганізацыяй непазбежны масавы адток беларускіх студэнтаў (а іх больш тысячы) і выкладчыкаў (а іх дзясяткі). Непазбежная і дыскусія - які цяпер жыць і якім цяпер быць ЕГУ.
Калі не рабіць кардынальных крокаў і пераконваць усіх, што "працуем у звычайным рэжыме", скончыцца тым, што ЕГУ альбо зачыніцца, альбо ператворыцца ў адзін з заштатных, нікому не патрэбных безаблічных "варыянтаў" для тых, хто ня трапіў у прэстыжныя альбо нават сярэднія рэгіянальныя ВНУ.
Да 14 красавіка баяліся, што прызнаюць экстрэмістамі. Цураліся "свяціцца". Усё, прызналі. Цяпер баяцца няма чаго. Цяпер трэба рэальна свяціць. І адкрыта казаць Еўропе, якая ўсе гэтыя гады падтрымлівала ЕГУ: патрэбная кузня кадраў для беларускіх пераменаў.
Яшчэ з канца 1990-ых беларусы марылі пра сапраўды беларускі ўніверсітэт, які мае рыхтаваць элітныя кадры для будучай дэмакратычнай Беларусі.
Скажаце, а хто з беларусаў замежжа будзе аддаваць дзяцей у сённяшні ЕГУ?
Ва ўніверсітэт, дзе па-беларуску выкладаюць Алесь Бяляцкі, Уладзімір Арлоў, Лявон Вольскі, Кацярына Ваданосава, Вінцук Вячорка, Павел Церашковіч, Цімох Акудовіч - будуць.
Куды паступаць дзецям 2020-га года?
Цяпер, калі ў самой Беларусі громяць і беларускую адукацыю, і культуру, дзясяткі тысячаў маладых беларусаў і ў краіне, і за мяжой мараць пра найлепшы ўнівер у свеце. Свой.
Бо ўніверсітэт, які гадуе геніяў - гэта не пра "варыянты", "стандарты" і нават дыпломы.
А пра мару, якая робіцца явай.
Post #121
1.08K
- ❤ 51
- 👍 11
- 👎 5
- 🔥 5
- 😐 1