Прызнанне чатаў сваякоў зняволеных экстрэмісцкімі - прамы адказ рэжыму на блакаванне прапаганды ў YouTube.
Ах, вы перашкаджаеце нам хлусіць усяму свету? Тады мы будзем біць "вашых" у Беларусі па самым балючым.
Мала таго, тут пасыл усім беларусам пасля масавага вызвалення "палітычных". Што, паднялі галаву? Удыхнулі надзеі? А ну пад нары!
Пры ўсёй сваёй самацэнзуры чаты сваякоў зняволеных - вельмі небяспечная для рэжыму сетка. У 2020 годзе менавіта звесткі пра здзекі з затрыманых на Акрэсціна сталі дэтанатарам магутнай хвалі пратэстаў па ўсёй Беларусі.
Сведчу з усяго свайго турэмнага і лагернага досведу: рэакцыі сваякоў, "шуму" па-за межамі калоніяў і ізалятараў адміністрацыя баіцца як чорт ладана. Працёкі інфармацыі на волю, да родных падчас спатканняў, тэлефонных званкоў, сустрэчаў з адвакатамі ці вызвалення вязняў - кашмар для таварышаў начальнікаў.
Нават згадкі ў сеціве пра канкрэтную турму ці "зону", ужо ня кажучы пра раптоўны прыезд сваякоў на прыём - надзвычайнае здарэнне і сігнал пра "падрыў асноваў" для паранаідальнай сістэмы.
А самаарганізацыя сваякоў, аб'яднаных абурэннем - асінавы кол і "срэбная куля", ад якой трасе ўсю "вертыкаль" ад опера да Лукашэнкі.
Удар па такіх чатах - рэзкае закручванне гаек, чарговы зрух ад аўтарытарнага рэжыму да таталітарнага.
Дзясяткі тысячаў людзей, у тым ліку не палітычных, імгненна пераводзяцца ў стан адкрытых ворагаў. "Жонка ворага народа", "сын ворага народа", "маці ворага народа" - усё гэта беларусы ўжо перажывалі стагоддзе таму.
Запыт на інфармацыю з месцаў зняволення і на падпольную самаарганізацыю пры такіх мерах будзе толькі расці. І праваабаронцам, людзям з досведам, у тым ліку вызваленым палітвязням, а таксама асацыяцыям палітвязняў за мяжой трэба рыхтавацца на гэты масавы запыт адказваць.
Post #116
1K
- 💯 31
- ❤ 7
- 🤯 3
- 🕊 3
- 😢 1