"ЗМАГАРЫ" АЛЬБО "МАЙСТРЫ"?
Падзел беларускага руху на ўмоўных "змагароў" і "майстроў" - адзін з самых згубных для Беларусі.
"Змагары", схільныя да вулічнай альбо збройнай барацьбы, маюць гучны голас, гавораць рэзкія прамовы, ганарацца тым, што ідуць за ідэю і да канца, і часта ставяцца грэбліва да тых, хто выбірае іншыя шляхі.
"Майстры" больш займаюцца дыпламатыяй, бізнэсам, адміністраваннем, творчасцю, робяць сваю справу без шуму і пылу, любяць падкрэсліць свой прафесіяналізм, вытрымку і абачлівасць, і ня менш часта (хаця і менш гучна) дакараюць "змагароў" за безвыніковасць і безадказнасць.
- Вы толькі крычыце, правакуеце і шкодзіце, - кажуць "майстры" "змагарам".
- А вы наогул здраднікі і грантасмокі! - хорам адказваюць "змагары".
Сённяшні падзел на "гераічных лузераў" і "рэспектабельных здраднікаў" напоўніцу выкарыстоўваюць усе ворагі Беларусі.
За апошнія пару дзён тройчы сутыкнуўся з такімі ацэнкамі нават сярод беларускамоўных вернікаў - у дачыненні да вядомых асобаў і кіраўніцтва хрысціянскіх грамадаў.
Дарагія мае беларусы і беларускі!
Варта зразумець адну простую рэч: ёсць час змагароў, і ёсць час майстроў. Ёсць час і абставіны, якія патрабуюць адказнай і руплівай працы дзеля Беларусі - з поўнай аддачаю, часам без асаблівага піяру і публічнай падзякі. А ёсць час і абставіны, якія проста крычаць: усе - да змагання!
У пачатку 2000-ых альбо ў пару так званай "нармалізацыі" быў час майстроў - і нават ад змагароў патрабаваліся адпаведныя ўласцівасці ды вынікі.
А вось у 2020-ым большасць была змагарамі - і цяпер згадвае той час з настальгіяй.
Масавы турэмны досвед, вайна ва Украіне з тысячамі дабраахвотнікаў і вымушаная эміграцыя пашырылі і паглыбілі гэты падзел на самую актыўную і творчую частку нацыі, на ўсе яе пласты. Сваркі на уяўнай і шмат у чым штучнай мяжы "змагары"-"майстры" паглынаюць сілы і час, так патрэбныя беларусам для гарту як адзінай нацыі.
І змагары, і майстры аднолькава крытычна патрэбныя сённяшняму беларускаму руху. Без вулічных і правадыроў і байцоў мы будзем няздольныя скарыстацца вакном магчымасцяў і прайграем рэжыму альбо Расеі. Без прафесійных дыпламатаў, штабістаў, дасведчаных менэджараў мы завалім парыў нацыі да перамогі. Навучыцца ўзаемнай павазе, супрацы, падтрымцы у адпаведнасці з дэвізам "беларус беларусу беларус" - найпершая патрэба сённяшняга часу і для майстроў, і для змагароў.
Ніякаму чорту ня ўдасца зламіць народ, які адчувае сябе адзіным, цэласным, зладжаным і здаровым арганізмам.
Бог дасць нам перамогу - калі мы самі будзем гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за Беларусь.
Post #112
960
- 👍 36
- 🤝 19
- 👏 7
- 🙏 3
- 🌭 2