TGViewer
Павел Севярынец Павел Севярынец @seviarynets · 988 subscribers
Post #110 977
З Яўгенам Афнагелем мы пазнаёміліся амаль трыццаць гадоў таму ў Маладым Фронце.

Яўген узначаліў Койданаўскую раду (суполку Маскоўскага раёна Менску) - знакаміты КРАМФ.

У канцы 1990-ых - пачатку 2000-ых гэта была адна з самых шматлікіх і баявых структураў Маладога Фронту. У іх была свая штаб-кватэра, база для лясных вышкалаў, уласны сцяг, чорны з бел-чырвона-белай стужкай - і дружная каманда, якая першай ішла на прарыў міліцэйскіх кардонаў на шэсцях.

Маладафронтаўскія сходы яны любілі праводзіць дзе-небудзь зацемна ля вогнішча - і за гэта ў нас на Управе МФ іх называлі "партызанамі".

Памятаю, у 1999-ым яны раскідвалі ў менскай Малінаўцы дзясяткі тысячаў улётак, каб запрашаць расселеных там чарнобыльцаў на нашу сустрэчу ў офіс Генадзя Грушавога (для маладзейшых патлумачу: ну так рабілі, калі яшчэ не было інтэрнэту)) А ў 2000-ым КРАМФ адной з першых пачала праводзіць шквальныя "Шоў беларушчыны", калі асветніцкімі віктарынамі ахопліваліся ўсе паралелі ў раённых школах.

Арганізоўваў гэта ўсё Яўген - маўклівы, засяроджаны, па-спартоваму падцягнуты блакітнавокі "вараг". Бывала, за ўсю акцыю ад яго не пачуеш ані слова - але ягоная дружына ніколі не падвядзе.

У 2001-ым Яўген разам з КРАМФам перайшоў у "Зубр". Прычым адзіны з усіх маладафронтаўцаў (а іх тады сышло "зубрыць" вельмі шмат) прыйшоў і папярэдзіў:

- Паш, прапанавалі. Разумееш, там магчымасцяў рабіць для Беларусі значна больш. Людзі хочуць. Але калі ты скажаш "не", мы ня пойдзем.

Тады я пагадзіўся (у Маладога Фронту ў той час і праўда "зуброўскіх" магчымасцяў не было і блізка, усе змагаліся, як кажуць, за ідэю) - але цяпер думаю, ці не зрабіў я памылкі. Не, у Яўгене я не памыліўся - ён і ў "Зубры", і потым у "Еўрапейскай Беларусі" паказаў сябе як адданы беларус і моцны, стрыманы ды эфектыўны лідэр. Засумняваўся ў сабе - падумаў, што не змагу ўтрымаць хлопцаў ды дзяўчат адным дзеяннем, ахвярнасцю і натхненнем.

А з Яўгенам Бог зноў цесна звёў нас разам у 2020-ым: следчыя вырашылі аб'яднаць нас, колішніх маладафронтаўцаў, у адной крымінальнай справе аб "масавых беспарадках", і аформілі "падзельнікамі". І падчас "прысуду" ў траўні 2021-га ў Магілёўскім абласным судзе мы разам, як і калісьці ў МФ, скандавалі ў клетцы "Жыве Беларусь!"

І як бы ні склаліся нашы лёсы далей, ведаю: з Яўгенам Афнагелем гатовы і ў выведку, і скрозь ваду, вагонь ці медныя трубы.

Яўген - чалавек жалезнай волі і гонару. Беларусь ён не падвядзе.
  • ❤ 52
  • 🙏 4
  • 👍 3
  • 💯 2
  • 🔥 1
More from @seviarynets
  1. Oct 1, 2026Асцярожна з беларусамі! Бульба - выбухае! Часам пра беларускі характар кажуць так: “Бульба…
  2. Sep 29, 2026У чацвер 8 кастрычніка" а 19.00 у Беларускім Моладзевым Хабе (Dożynkowa 6a) у Варшаве адбу…
  3. Sep 28, 2026Сікорскі і Рыжанкоў. У чаканні вайны ў кожнай нацыі абвастраецца нацыянальны эгаізм. Калі…
  4. Sep 27, 2026Вялізная падзяка беларусам Італіі за цудоўную сустрэчу ў Фларэнцыі! Удзячны Народнай амбас…
  5. Sep 25, 2026Распавёў Глафіры Жук з "Белсату" пра аднаўленне Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і падры…
  6. Sep 24, 2026Як беларусам называць сваіх дзяцей, каб яны выраслі геніямі? Бярэм топ-100 знакамітых бела…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →