TGViewer
Павел Севярынец Павел Севярынец @seviarynets · 988 subscribers
Post #109 1.07K
Пакуты, ціск, боль - разбураюць беларусаў альбо будуюць?

Нармальны чалавек скажа: ты што, паехаў дахам? Канечне, разбураюць. Нікому ня хочацца пакутваць і паспытваць боль. Гады ў турме ці пераследзе, дзесяцігоддзі пад рэжымам альбо ў выгнанні - страчаныя для жыцця.

На першы погляд так. Але гісторыя і асабістыя чалавечыя лёсы сведчаць пра іншае.

Кепскія часы нараджаюць добрых людзей, добрыя часы - кепскіх людзей, кажа класік.

Беларус, які прайшоў турмы, найлепш зразумее іншага беларуса, які апынуўся ў бядзе. Дапаможа яго сваякам. Знойдзе час і словы для падтрымкі.

Калі мне баліць - значыць, я жывы і я ведаю, у чым праблема. Значыць, у мяне ёсць надзея.

Шчыра, да 2020 года я са сваімі маладафронтаўскімі альбо хадэцкімі клопатамі пра ўсю Беларусь пастаянна натыкаўся на сцяну неразумення ды абыякавасці з боку большасці беларусаў. Ну так, рэжым. Ну, гіне мова, культура. Ну, Расея паўсюль. Ну і што? Табе, Паша, больш за ўсіх трэба? І асабліва мяне ўражвала, калі суразмоўнік паводзіў вачыма вакол і сцішана пытаў: сядзець у турме? упірацца? тут? А дзеля чаго? Дзеля каго?..

Цяпер пытанняў няма. Лукашэнка і Расея ўжо каторы год выхоўваюць сярод беларусаў яснае разуменне: свабода, дэмакратыя і незалежнасць - аснова жыцця. Беларускасць - грунт, на якім ты стаіш. Кожны беларус - цэлы скарб. Радзіма - гэта тое, без чаго ты воўкам выеш на чужыне.

Большасць беларусаў ужо адчулі каштоўнасць Беларусі асабіста, на сваёй уласнай скуры. Але выпрабаванні працягваюцца. Значыць, прасякліся мы з вамі, браты і сёстры, яшчэ ня ўсе і яшчэ не да канца.

Той самы вагонь, які плавіць воск, робіць каменем гліну.

У нашу эпоху Бог масава выпрацоўвае ў беларусаў характар. Тыя, хто наракае на жыццё, вінаваціць ва ўсім Святлану альбо Зянона, ные і апускае рукі - проста не гатовыя да змагання за Беларусь. Значыць, яшчэ ня ўсю праграму загартоўкі прайшлі. Значыць, трэба яшчэ выкоўваць у сабе беларуса.

Сёння ў каталікоў і евангельскіх хрысціянаў - Страсная Пятніца. Дзень, калі Ісуса Хрыста бічавалі, прымусілі цягнуць на сабе крыж і прыбілі цвікамі да дрэва, каб пакутліва паміраў.

І Бог, падабаецца нам гэта ці не, так уладкаваў свет, што без пакутаў і болю не бывае збавення. Без крыжу няма уваскрасення.

Менавіта Галгофа, прачутыя і асэнсаваныя пакуты, пакладзеныя ў падмурак жыцця, і ёсць ключом да мільярдаў сэрцаў.

Менавіта пакуты, боль, ціск і рэпрэсіі - беларускі крыжовы шлях да перамогі.

Мы маем цягнуць гэты крыж - і дзеля сябе, і дзеля ўсіх беларусаў. Тысячу гадоў беларусы, нацыя не рэлігійная, але глыбока хрысціянская, разумелі гэта - і ішлі ўгару.

Так што гартуем сэрцы, мілыя беларусы. Трывайма.

Бог ужо зрабіў для нас галоўнае. Засталося толькі прайсці следам за Ім.
  • ❤ 52
  • 🙏 19
  • 👍 6
  • 🔥 3
  • 💔 2
More from @seviarynets
  1. Oct 1, 2026Асцярожна з беларусамі! Бульба - выбухае! Часам пра беларускі характар кажуць так: “Бульба…
  2. Sep 29, 2026У чацвер 8 кастрычніка" а 19.00 у Беларускім Моладзевым Хабе (Dożynkowa 6a) у Варшаве адбу…
  3. Sep 28, 2026Сікорскі і Рыжанкоў. У чаканні вайны ў кожнай нацыі абвастраецца нацыянальны эгаізм. Калі…
  4. Sep 27, 2026Вялізная падзяка беларусам Італіі за цудоўную сустрэчу ў Фларэнцыі! Удзячны Народнай амбас…
  5. Sep 25, 2026Распавёў Глафіры Жук з "Белсату" пра аднаўленне Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і падры…
  6. Sep 24, 2026Як беларусам называць сваіх дзяцей, каб яны выраслі геніямі? Бярэм топ-100 знакамітых бела…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →