Я пачаў шукаць, на якіх жа могілках ён пахаваны. Вікіпедыя кажа, што гэта Château. Аднак на гэтых цэнтральных могілках хавалі больш заможных персон.
Пол Аўрыч у сваёй кнізе "Саша і Эма" не ўказвае назвы. Сам Беркман хацеў, каб ягоны прах развеялі за акіянам на Форэст Хоум, каля чыкагскіх мучанікаў (менавіта там сярод іншых спачываюць Эма Гольдман, Вальтарына дэ Клер і Люсі Парсанс). Аднак у таварышаў не было дастаткова фінансаў, каб задаволіць апошняя жаданне анархіста. З лістоў Гольдман вінікае, што Беркмана пахавалі ці то на камунальных могілках, ці то ў камунальнай магіле. "Нью Йорк Таймс" у 1936 г. зрабіў памылку, напісаўшы, што ён пахаваны на могілках Cochez, але такіх няма ў Ніцы. Ёсць Cimiez. Падаецца, што гэта была памылка друку.
Зараз у сеціве гуляе назва Cohez. Я напісаў да гісторыка Шона Патэрсана, ён паўтарыў усю інфармацыю, якой я ўжо валодаў. Але зацікавіўся гэтай загадкай. Праз колькі дзён даслаў мне спасылку на
пост Mala Vida з 2017 г., у якім вядомы расейскі анархіст-выдавец піша, што даведаўся пра тое, што магіла Беркмана не захавалася. Я паспяшаўся напісаць яму, бо мы знаёмыя. Аднак, аказалася, што ўся інфармацыя ў яго з інтэрнэту.
У сеціве я знайшоў, што камунальныя могілкі на ускраінах горада гэта Caucade. Частку іх займаюць расейскія праваслаўныя могілкі. Там пахаваны м. інш. генерал Юдзеніч і шмат расейскай эміграцыі. Сумняваюся, што Беркман ляжыць менавіта там, але Caucade даволі вялікія і магчыма трэба шукаць магілу недзе ў межах могілак. На жаль, у мяне не было дастаткова часу, каб наведаць ні Caucade, ні Cimiez. Па розных базах пахаваных Беркмана я не знайшоў, адначасова даведаўшысяў, што пахаваны ён як "Alexandre Schmidt-Bergmann".
На ягонай магіле павінна быць напісана: "Аляксандр Беркман, нарадзіўся 21 лістапада 1870 г., пахаваны 30 чэрвеня 1936 г. Яго марай быў новы свабодны і прыгожы свет. Усё яго жыццё — няспынная барацьба. За канчатковую перамогу свайго ідэалу".
Усё гэтае следства і перапіска цягнулася некалькі дзён, падчас паездак у іншыя мясцовасці (дарэчы, Каны - ні аб чым, не вартыя візіту). Падыходзіў дзень ад'езду і я вырашыў, што прынамсі злакалізую будынак, у якім апошнія гады жыў Беркман. Падыходзячы пешку да адрасу Boulevard de Cessole, 101 я пабачыў на ўзвышшы будынак, які рассякаў дзве вуліцы. Знізу кафэшка, паўсюль вокны з тыповымі стаўнямі. Менавіта на пятым паверсе гэтага будынку ён застрэліўся зранку 28 чэрвеня 1936 г. Не хацеў быць слабым, прасякнутым пакутамі старым чалавекам. Не хацеў быць цяжарам для іншых. І зрабіў свой свядомы выбар.
Гольдман паспела развітацца з паралізаваным сябрам (куля захрасла ў пазваночніку). Праз дзень вядомага анархіста пахавалі.
Толькі дзе? Загадка неразгадана. Трэба будзе абавязкова вярнуцца ў Ніцу, каб завяршыць гештальт.