5 верасня ва ўзросце 59 гадоў памёр вядомы расейскі анархіст, сучасны рэвалюцыянер Ілля Раманаў
(1, 2).
Чалавек ідэйны і як часта гэта бывае, з цікавым, але трагічным лёсам. Удзельнік падпольных левацкіх арганізацый, які за кратамі прасядзеў амаль 20 гадоў у розных турмах, у тым ліку ва украінскіх ("справа адзескіх камсамольцаў"). Ілля прымусова ляжаў у псіхлекарнях, трымаў галадоўкі, ускрываў вены, зазнаваў катаванні, заставаўся пад пільным наглядам дзяржавы і правакатараў нават у зняволенні.
Я быў знаёмы з Іллём па перапісцы. Мы пачалі ліставацца 10 год таму, калі ён адбываў чарговы тэрмін у Мардовіі. Ветэран анархісцкага руху ў БУР, ён падаваўся мне цікавай і годнай постаццю. Я вырашыў напісаць і ў нас нават атрымалася наладзіць перапіску. Я нават высылаў яму польскі анарха-часопіс "Inny Świat", але, хутчэй за ўсё, цэнзура не прапусціла. У 2019 г. у яго здарыўся інсульт, яго паралізавала. З таго моманту апекай анархіста займпалася ягоная таварышка жыцця, Ларыса Рамнава. Наш кантакт з Ільём абарваўся.
Пра славутага змагара можна прачытаць па спасылках (1, 2, 3, Вікі). Тут адзін з ягоных тэкстаў.
Таксама Ілля любіў маляваць. Вось яго антыпуцінскія карыкатуры. У адным з лістоў анархіст пісаў, што ў 90-я гг. яму трапляўся вядомы ў Польшчы анарха-зін "Mać Pariadka" і што коміксы з гэтага часопіса яму вельмі падабаліся. Пісаў, што калісьці панкі з Польшчы звісалі на маскоўскім сквоце на Астоменцы. Ён і сам тады ўдзельнічаў у сквотэрскім руху. Пісаў пра іх кааператыў, узгадваў 90-я як адносны час свабоды. Вельмі цікавіўся гісторыяй. Згадваў савецкія часы і адкрыта апісваў сучасную сітуацыю ў Расеі:
"... А зараз? Па-першае адсутнічае аснова для таталітарнага адзінства народу - адносная роўнасць людзей. Як раз наадварот: Расея з краіны найбольшай роўнасці стала краінай найбольшай няроўнасці. (...) Вобразна выражаючыся, Расея - гэта хворы з тэмпературай 50°, і ён пры гэты цудоўна сябе пачувае. (Хаця, магчыма, ён насамрэч ужо памер, у нейкім сэнсе?) Пры пачварным расслаенні няма самой глебы для адзінства народа, - і тым не менш мы назіраем "грамадства без апазіцыі".
Ілля быў упэўнены, што Расея развіваецца цыклічна, аднак любыя перамены параджаюць там дэспатызм.
Гэты перакананы рэвалюцыянер цікавіўся тэорыяй цыклічнасці і ў адным з лістоў даслаў сваю аўтарскую паштоўку, а ў самім лісце параўноўваў уладароў Рымскай імперыі з тымі, хто кіраваў і кіруе Расеяй (далучаю).
У іншым лісце Ілля пісаў, што незалежна ад некаторых складанасцей, вядзе перапіску з Фінляндыяй, Германіяй, ЗША і Чэхіяй. У СІЗА атрымаў паштоўку ад беларускіх анархістаў, але адпісаў ужо з лагера. "А там спалохаліся - ці не правакацыя". У выніку сувязь абарвалася, таксама як і з Італіяй. Пісаў што чытаў кнігу Ігара Аліневіча (дарэчы, мы некалькі разоў размаўлялі з Ігарам на тэму Раманава і мой таварыш адгукаўся аб ім вельмі пазітыўна).
Чытаючы лісты Іллі, мне падалося, што ён чалавек цікавы, разумны і адукаваны. Задаваў цікавыя пытанні, дзяліўся сэнсоўнымі назіраннямі.
Думаю, што яго жыццё заслугоўвае, каб імя Іллі Раманава засталося ў сучаснай палітычнай гісторыі Расеі (і Украіны). Як артэфакт і ўжо гістарычную крыніцу аб гэтай яскравай асобе змяшчаю фоткі аднаго з ягоных лістоў, якія ў мяне захаваліся (15 снежня 2016 г.)
Светлая памяць!
Post #732
108