TGViewer
Channel Public Channel
Годная гісторыя

Годная гісторыя

@hodnaby

Гісторыя Беларусі, якая дае сілы сёння.
Мы збіраем факты і гісторыі, што ўмацоўваюць нашую нацыянальную ідэнтычнасць.

Усё будзе Годна!
✉️ Зваротная сувязь: @hodna_by
Subscribers
1.34K
Photos
3.3K
Videos
191
Links
1.4K
Recent Posts 19 shown
Post #4852 509
Годная гісторыя Новы курс на Lepsh.school – «Беларускі традыцыйны каляндар» з Аленай Ляшкевіч. Чатыры вечары з фалькларысткай Аленай Ляшкевіч! Вы ўбачыце, як уладкаваны беларускі традыцыйны каляндар і чаму адно і тое ж свята ў розных мясцовасцях маглі адносіць да розных…
Ужо сёння! Восеньскае раўнадзенства ў беларускім традыцыйным календары

Адкрытая лекцыя Алены Ляшкевіч – 22 верасня а 20:00 па Мінску на YouTube-канале Годна.

Пагаворым пра святы і традыцыі, якія адзначаліся блізка да восеньскага раўнадзенства, і сімволіку замыкання Зямлі на зіму.

Гэтая адкрытая лекцыя стане ўводзінамі да новага аўтарскага курса Алены Ляшкевіч пра беларускі традыцыйны каляндар.
YouTube Восеньскае раўнадзенства ў беларускім традыцыйным календары | Алена Ляшкевіч Падзякаваць лектарцы можна данатам, даслаўшы буську тут: https://buymeacoffee.com/hodna Падчас лекцыі фалькларыстка Алена Ляшкевіч распавядзе пра святы беларускага традыцыйнага календара, якія адзначаліся блізка да даты восеньскага раўнадзенства і ўлучалі…
  • ❤ 7
  • 👍 1
  • 👏 1
Post #4851 216
Новы курс на Lepsh.school – «Беларускі традыцыйны каляндар» з Аленай Ляшкевіч.

Чатыры вечары з фалькларысткай Аленай Ляшкевіч! Вы ўбачыце, як уладкаваны беларускі традыцыйны каляндар і чаму адно і тое ж свята ў розных мясцовасцях маглі адносіць да розных сезонаў.

Курс для вас, калі вы:
• хочаце разабрацца, як уладкаваны беларускі традыцыйны каляндар;
• цікавіцеся беларускімі святамі, абрадамі і каляндарнымі песнямі;
• хочаце зразумець, чаму межы паміж сезонамі ў народнай культуры не заўсёды адназначныя;
• хочаце бачыць рэгіянальныя адрозненні, а не адну нібыта ўніверсальную версію традыцыі.

Пачатак: 12 кастрычніка
Фармат: чатыры анлайн-заняткі па панядзелках
Час: 20:00 па мінскім часе
Кошт: 29 еўра
Запіс лекцый: будзе даступны 3 месяцы пасля заканчэння курса.

Падрабязней пра курс і рэгістрацыя: https://lepsh.school/kurs-kalandar
  • ❤ 3
  • 👍 1
  • 👏 1
Post #4850 254
Абарона Гродна – адзін з самых знакамітых эпізодаў пачатку Другой сусветнай вайны. Але ў Беларусі пра яго не гавораць.

Бо гэтая абарона была не ў 1941, а ў 1939.

Польская ўлада сапраўды мела складаную і супярэчлівую палітыку ў дачыненні да беларусаў, і частка мясцовага насельніцтва была ёю незадаволеная. Таму некаторыя жыхары сапраўды чакалі прыходу саветаў. Але з гэтага зусім не вынікае, што ўвесь горад чакаў Чырвоную армію як вызваляльніка.

Калі савецкія войскі падышлі да Гродна, горад аказаў ім узброены супраціў. 20 верасня пачаліся баі. Савецкія танкі ўвайшлі ў горад, але замест лёгкага захопу сутыкнуліся з вулічнымі баямі. Па бронетэхніцы стралялі, яе атакавалі з блізкай адлегласці, выкарыстоўвалі бутэлькі з запальнай сумессю – тое, што сёння мы называем «кактэйлямі Молатава».

У абароне ўдзельнічалі вайскоўцы, паліцыянты, добраахвотнікі і звычайныя гараджане. А разам з імі – падлеткі. 16–17-гадовыя гродзенцы і вучні семінарыі ды гімназій выходзілі супраць танкаў з бутэлькамі запальнай сумесі. Такім чынам спалілі тры танкі.

Адзін з падлеткаў – 13-гадовы Тадэвуш Ясінскі. Хлопчык быў паранены савецкімі вайскоўцамі, пасля чаго яго прывязалі да танка і выкарысталі як своеасаблівы жывы шчыт – каб па танку не стралялі. Жанчына-медык пасля адвязала яго, але Тадзік памёр у шпіталі.

22 верасня арганізаваная абарона горада была зламаная. Аднак на гэтым гісторыя не скончылася. Пасля захопу Гродна савецкімі войскамі пачаліся рэпрэсіі. Гараджан маглі выгнаць з дому фактычна з адным чамаданам і вывезці з горада. Настаўнікаў і інтэлігенцыю арыштоўвалі. Некаторыя сем'і пасля гэтага спалі апранутымі і трымалі каля печы сухары, баючыся, што па іх таксама прыйдуць.

Савецкія рэпрэсіі сталі часткай штодзённасці горада. Толькі па ўсіх заходніх абласцях БССР НКУС за 1939 – люты 1941 года зафіксаваў 92,5 тысячы арыштаў, а з Заходняй Беларусі ў 1939–1941 гадах былі дэпартаваныя каля 125 тысяч чалавек. У Заходняй Беларусі жылі 4,5 млн чалавек.

Абарона Гродна паказвае, што «чырвонаармейцаў выключна сустракалі кветкамі» – гэта міф савецкай прапаганды, які намагаюцца насаджваць нават сёння. Рэальнасць была значна іншай і больш складанай.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee
  • ❤ 9
  • 😢 1
  • 💔 1
Post #4849 620
18 верасня 1923 года з мапы Беларусі знік Ігумен.

Бальшавікі перайменавалі старажытны горад, вядомы пад гэтай назвай з 1387 года, у Чэрвень. Назва існавала стагоддзямі – задоўга да расійскай імперыі і бальшавікоў. А ў 1923-м яна раптам стала непажаданай.

Чаму?

Слова «ігумен» азначае духоўны сан – пробашча манастыра. Для бальшавіцкай улады, якая вяла барацьбу з рэлігіяй і царквой, такая назва выглядала нязручнай. Новы Чэрвень таксама меў ідэалагічнае тлумачэнне: назву звязвалі з чэрвенем 1920 года, калі горад занялі бальшавіцкія войскі.

Так і працавала савецкая тапанімічная палітыка. Стары тапонім, які звязваў горад з ягонай доўгай гісторыяй, можна было прыбраць. На яго месца паставіць новы – такі, які нагадваў ужо пра падзею, важную для новай улады. Так назва горада ператваралася з памяці пра мінулае ў інструмент памяці, патрэбнай дзяржаве.

І гэта не быў адзінкавы выпадак. У Беларусі пераназывалі Койданава ў Дзяржынск (у гонар аўтара «чырвонага тэрору» Дзяржынскага), Шацілкі ў Светлагорск (хаця ніякіх гор там няма), Прапойск у Слаўгарад (бо назва нібыта непрыгожая). І, канечне, Менск у Мінск. Шмат такіх прыкладаў.

З мапы знікалі старажытныя назвы. Іх замянялі імёнамі савецкіх дзеячаў, ідэалагічна зручнымі тапонімамі ці проста новымі «нейтральнымі».

Бо тапанімія – гэта не проста шыльды на вуліцах. Той, хто вырашае, як называецца горад, вырашае і тое, што людзі будуць ведаць пра гэты горад. Калі назвам гарадоў ці вуліц менш за сто гадоў і яны створаныя бальшавікамі, людзі падсвядома гэта ўспрымаюць, быццам і не было ў беларусаў ніякай гісторыі да гэтага. Вось чаму так важна, як называюцца гарады і вуліцы ў іх.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee
  • 😢 8
  • ❤ 2
  • 🤬 2
  • 💔 1
Post #4847 306
Восеньскае раўнадзенства ў беларускім традыцыйным календары

Адкрытая лекцыя Алены Ляшкевіч – 22 верасня а 20:00 па Мінску на YouTube-канале Годна.

Пагаворым пра святы і традыцыі, якія адзначаліся блізка да восеньскага раўнадзенства, і сімволіку замыкання Зямлі на зіму.

Гэтая адкрытая лекцыя стане ўводзінамі да новага аўтарскага курса Алены Ляшкевіч пра беларускі традыцыйны каляндар.

Пра сам курс і яго праграму раскажам ужо зусім хутка.

Каб мы нагадалі вам пра эфір – запоўніце гэтую гугл-форму.
  • ❤ 8
  • 👍 3
  • 👏 1
Post #4846 281

Forwarded from Наша Ніва

Павел Белавус правёў доўгі час у СІЗА КДБ

Яму дазволілі паразмаўляць з жонкай на мяжы.
  • ❤ 23
Post #4845 343
Сузаснавальнік «Годна» Павел Белавус на волі ❤️
  • ❤ 33
  • 👏 5
  • 👍 1
  • 🤮 1
Post #4844 506
Беларусь часта называюць «Партызанскай рэспублікай», быццам гэта натуральная частка беларускай ідэнтычнасці. Але хто вырашыў, што беларус – гэта найперш партызан?

Партызанскі рух у Беларусі ў часы Другой сусветнай сапраўды быў маштабным. Але пасля вайны савецкая ўлада зрабіла тыя маштабы яшчэ большымі, каб ператварыць на сапраўдны брэнд «партызанскай рэспублікі». Навошта?

Яшчэ ў 1949 кіраўнік НКУС БССР Лаўрэнцій Цанава выпусціў кнігу «Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков. Зарождение и развитие партизанского движения». Яго рэпрэсавалі праз некалькі гадоў, таму тэму партызанаў на нейкі час адклалі. Але ўжо ў 1964 годзе выйшла кніга Пятра Калініна з вельмі красамоўнай назвай – «Партызанская рэспубліка». Першае выданне выйшла накладам 75 тысяч асобнікаў, а перавыданне 1968 года – ужо 100 тысяч.

Па сутнасці, за гэтымі мемуарамі хаваўся спосаб растлумачыць беларусам хто яны ёсць:
— Беларусь – партызанская.
— Партызан – герой.
— Герой – савецкі.
Значыць, па гэтым ланцужку беларуская ідэнтычнасць натуральным чынам вядзе да СССР. І толькі да СССР.

Ні Вялікае Княства Літоўскае, ні Рэч Паспалітая, ні Статут Сапегі ці Псалтыр Скарыны, ні Трэцяя Устаўная Грамата, якая абвяшчала БНР, больш не існавалі – беларуская ідэнтычнасць мела сваю гісторыю выключна ў межах СССР.

Так вайна паступова стала галоўным фільтрам, праз які савецкая дзяржава прапаноўвала глядзець на беларускую гісторыю. А ўсё, што не ўпісвалася ў гэтую карціну, адсоўвалася ўбок.

Беларуская нацыянальная гісторыя? Другасная.
Уласная дзяржаўная традыцыя? Нязручная.
Беларуская мова? Не абавязковая.
Складаныя лёсы людзей падчас вайны? Лепш не чапаць.

Застаецца простая карціна: лес → партызан → перамога → СССР
І гэта ўсё адначасова з тым, што беларусы не ўспрымалі савецкую ўладу як сваю – пасля знішчэння БНР, чырвонага тэрору бальшавікоў, калектывізацыі, голаду і рэпрэсій. Але міф пра «партызанскую рэспубліку» дазваляў рабіць выгляд, што беларусы актыўна змагаліся за савецкую дзяржаву.

Так, прыемна адчуваць сябе нашчадкам знакамітых магутных партызанаў. Але «Партызанская рэспубліка» – гэта каланіяльны міф, праз які ствараўся маналітны вобраз «савецкай беларускасці». Ён выдаляў нязручную памяць пра вашых продкаў, якім не была даспадобы савецкая ўлада.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee
  • 👍 8
  • 🤬 2
  • 👎 1
  • 🤮 1
Post #4843 813
Ужо сёння а 20:00 – эфір з Лявонам Баршчэўскім.

Пагаворым з непасрэдным удзельнікам падзей пра тое, што засталося за кадрам аднаўлення незалежнасці Беларусі.

Дасылайце свае пытанні ў каментары на ютубе або ў асабістыя паведамленні канала.

Спасылка на эфір: https://www.youtube.com/watch?v=OHtjY6Z6FA0
YouTube Backstage 1991: Што засталося за кадрам аднаўлення незалежнасці? | з Лявонам Баршчэўскім Падзякаваць лектару можна данатам, даслаўшы буську тут: https://buymeacoffee.com/hodna Да 35-годдзя аднаўлення незалежнасці Беларусі⚪️🔴⚪️ Запрашаем вас на жывы эфір з Лявонам Баршчэўскім – непасрэдным удзельнікам падзей жніўня 1991 года. 25 жніўня 1991…
  • ❤ 4
  • 👍 4
  • 👏 1
  • 🤮 1
Post #4842 643
Пакт Молатава – Рыбентропа быў не адзінай дамовай ненападу, якую нацысцкая Германія заключыла напярэдадні Другой сусветнай вайны. Але паміж гэтымі пагадненнямі была прынцыповая розніца.

У 1934 годзе Германія і Польшча падпісалі дэкларацыю аб ненападзе. Германія таксама заключыла падобныя пагадненні з Даніяй, Літвой, Эстоніяй і Латвіяй. У 1938 годзе Германія і Францыя падпісалі дэкларацыю аб ненападзе, а Брытанія і Германія – сумесную дэкларацыю пасля сустрэчы Гітлера і Чэмберлена.

Менавіта на гэта заўжды робіць ухіл прапаганда, калі абараняе пакт Молатава – Рыбентропа. Але ў гэтых дакументах не было таго, што зʼявілася ў савецка-германскім пагадненні 23 жніўня 1939 года.

Да адкрытага пакта Молатава – Рыбентропа быў дададзены сакрэтны пратакол. У ім СССР і Германія вызначылі свае сферы ўплыву ва Усходняй Еўропе: абмеркавалі падзел Польшчы, лёс краін Балтыі, Фінляндыі і інтарэсы СССР у Бесарабіі. Пазней, у верасні 1939 года, масква і Берлін дадаткова замацавалі новую мяжу паміж сваімі зонамі ўплыву на тэрыторыі былой Польшчы.

Амаль 50 гадоў пра існаванне сакрэтнага пратакола казалі, што гэта прыдумкі, канспіралогія і паклёп, каб ачарніць савецкую дзяржаву. Але ў снежні 1989 савецкі ўрад пацвердзіў існаванне сакрэтнага пратакола – і апублікаваў яго.

Таму казаць, што «СССР проста падпісаў такі ж пакт аб ненападзе, як Польшча ці Брытанія», – некарэктна. Фармальная назва сапраўды была падобнай, але змест быў шырэйшы: разам з абавязаннем не ваяваць існавала таемная дамоўленасць пра перадзел тэрыторый і сфер уплыву.
  • ❤ 11
  • 👍 3
  • 😁 1
  • 🤬 1
Post #4841 1.06K
Да 35-годдзя аднаўлення незалежнасці Беларусі⚪️🔴⚪️

Запрашаем вас на жывы эфір з Лявонам Баршчэўскім – непасрэдным удзельнікам падзей жніўня 1991 года.

Эфір пройдзе 24 жніўня а 20:00 (па Мінску) на ютуб-канале Годна

25 жніўня 1991 года Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце атрымала статус канстытуцыйнага закона. Беларусь юрыдычна стала незалежнай дзяржавай.

🚩 Як гэтае рашэнне стала магчымым?
🚩 Што адбывалася 24–25 жніўня ў Авальнай зале і на плошчы перад Домам урада?
🚩 Якую ролю адыгралі дэпутаты Апазіцыі БНФ і людзі, якія выйшлі падтрымаць незалежнасць?

Паразмаўляем пра гэта з Лявонам Баршчэўскім – дэпутатам Вярхоўнага Савета XII склікання, каардынатарам парламенцкай Апазіцыі БНФ і непасрэдным удзельнікам тых падзей.

Калі хочаце атрымаць нагадванне са спасылкай на эфір, запоўніце гэтую форму.
  • ❤ 8
  • 👍 2
Post #4840 703
Што калі сямейная памяць не супадае з падручнікам па гісторыі?

Вось, напрыклад, калектывізацыя: у падручніку расказваюць як цудоўна сталі жыць сяляне. А дзядуля ўзгадвае, як у сям’і адабралі карову, каня і палову зямлі. І ім пашанцавала – суседзяў, напрыклад, пасля такога рабавання яшчэ і ў Сібір саслалі.

Ці партызаны часоў Другой сусветнай: падручнік паказвае іх як добрых ваяроў за ўсё добрае, якія абаранялі жыхароў вёсак ад нападу нацыстаў. А бабуля ажно ўздрыгвае: бо прыходзілі ўначы, адбіралі ўсю ежу і нават насенне, маглі і застрэліць за «супраціў». А пасля яшчэ і нацысты маглі прыйсці пакараць за «добраахвотную дапамогу» партызанам. Ну, а партызаны што – яны пасля адпомсцяць за спаленую вёску. Толькі сялянам ад гэтага не лягчэй.

Нават гісторыя пасляваеннай Беларусі ў афіцыйным наратыве – гэта аднаўленне краіны. А ў сямейнай памяці гэта дзядуля, які вярнуўся з фронту без брата, бабуля, якая ўсё жыццё захоўвала страх перад дзяржавай, або сваяк, пра якога дома доўга баяліся гаварыць, бо ён трапіў у палон і атрымаў 25 гадоў лагераў як «здраднік».

Менавіта таму сямейныя гісторыі важныя. Яны не заўсёды ідэальна дакладныя – памяць таксама можа памыляцца. Але яны прымушаюць задаваць пытанні да вялікіх і прыгожых гістарычных формул пра «калектывізацыю» ці «індустрыялізацыю», «вызваленне» ці «інтэрнацыянальны доўг». За кожным такім словам былі канкрэтныя людзі.

І часам, каб зразумець сапраўдную гісторыю Беларусі, дастаткова спытаць у свайго дзеда: «А як гэта было ў нашай сямʼі?»

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee
  • ❤ 12
  • 👍 4
  • 🔥 2
Post #4839 638
Мы не «малы народ». І нам ёсць чым ганарыцца
 
Колькі разоў вы чулі пра тое, што беларусы – малы народ, які жыве на лапіку зямлі? Такі маленькі ды такі без гісторыі, што няма чым ганарыцца, акрамя як бітвай за ўраджай і высокімі надоямі ў 1994.
 
Пра гэта нават казаў Якуб Колас:

«Кожны народ мае свой гонар. Англічанін перад усім светам горда вызначае: я - англічанін! Тое самае скажа француз, немец, аўстрыец, рускі і іншыя прадстаўнікі другіх нацый. А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы - беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. А з гэтага вынікае тое, што беларус-інтэлігент адмяжоўваецца не толькі ад свайго народа, але і ад бацькоў сваіх»

 
А вось як было ў рэальнасці.
 
Гэта нашыя продкі стварылі адну з наймагутнейшых краін Еўропы – Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. А пры Вітаўце – увогуле найбуйнейшая дзяржава Еўропы.
 
І гэта нашыя продкі стварылі адзін з найбольш развітых прававых кодэксаў Еўропы XVI стагоддзя. Так, мы кажам пра Статуты ВКЛ, якіх было тры рэдакцыі. Наступныя некалькі стагоддзяў еўрапейскія і не толькі краіны капіявалі Статуты для сябе.
 
Нашыя продкі ганялі тэўтонцаў, якія былі адной з самых моцных сілаў Еўропы. Грунвальдская бітва стала канцом эры магутнага ордэна ва Усходняй Еўропе.

Беларускія гарады мелі магдэбургскае права – Полацк, Берасце, Менск, Віцебск, Магілёў, Горадня і іншыя атрымлівалі гарадское самакіраванне яшчэ ў Сярэднявеччы. Іранічна, але такога самакіравання няма нават зараз.
 
Нашыя продкі першымі надрукавалі кнігі ва Усходняй Еўропе. І гэта не толькі Францыск Скарына, а і Сымон Будны, Пётр Мсціславец і шмат іншых.
 
Палова еўрапейскіх народаў прадалі б душу за такую гісторыю, якую сёння значная частка беларусаў ігнаруе праз навязаныя звонку стэрэатыпы.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee
  • 🔥 6
  • ❤ 3
  • 👍 3
  • 👏 2
Post #4838 728
6 гадоў з дня «спробы змены ўлады праз выбары» (ці якія там яшчэ дзіўныя фармулёўкі выкарыстоўвалі прапагандысты).

Мы памятаем, што адбывалася: як усе вакол чакалі пераменаў, выходзілі адстойваць сваё права на выбар і змагаліся за будучыню. Хтосьці кажа, што мы ўжо перамаглі, хтосьці – што даўно прайгралі. Але рэальнасць іншая: гэта доўгі працэс, які яшчэ не скончыўся.

Як 1918 і БНР прывялі па выніку да існавання незалежнай Беларусі, так і 2020 год яшчэ кудысьці нас прывядзе. Хацелася б, каб найхутчэй, але як ёсць.

Жыве Беларусь ❤️
  • ❤ 17
Post #4837 886
Амерыканка, якая загінула дзеля выратавання трох беларускіх дзяцей. І сваёй смерцю выратавала яшчэ больш.

Рут Уолер нарадзілася 19 жніўня 1921 года ў Каліфорніі. Вясной 1946 года яна прыехала ў Беларусь у складзе місіі ААН – ЮНРРА. Гэтая арганізацыя дапамагала краінам, якія найбольш пацярпелі ў Другой сусветнай вайне. Агулам дапамога Беларусі па лініі ААН склала каля 61 мільёна долараў.

Летам 1946 года Рут адпачывала каля вадаёма. Паводле розных версій, гэта было на возеры або на рацэ Свіслач у Лошыцкім парку. Яна ўбачыла, што тонуць тры беларускія хлопчыкі. Рут кінулася ў ваду і выратавала дзяцей – і пасля гэтага захварэла.

Спачатку ўсё выглядала як прастуда, але хвароба хутка прагрэсавала. Хутка паставілі вельмі цяжкі дыягназ – постгрыпозны менінгаэнцэфаліт. Лекары спрабавалі яе выратаваць, але не хапала важных антыбіётыкаў. Рут не дажыла да 25 гадоў усяго два тыдні.

Але нават пасля смерці Рут Уолер выратоўвала беларускіх дзяцей. Яе муж, Тэадор Уолер, які пазней узначаліў мінскую місію ЮНРРА, асабліва настойваў на дапамозе беларускай медыцыне. Так зʼявіўся пеніцылінавы завод у Мінску – будучыя «Белмедпрэпараты». Для пасляваеннай Беларусі гэта была магчымасць наладзіць уласную вытворчасць жыццёва важных лекаў.

У савецкія час гісторыю Рут Уолер замоўчвалі. Беларусы масава даведаліся пра яе толькі ў часы незалежнасці. У 2016 годзе сярэдняй школе №130 у Мінску прысвоілі імя Рут Уолер.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee
  • ❤ 18
  • 👏 2
  • 👍 1
Post #4836 548
Імперыі ператвараюць гісторыю на зброю, бо толькі так могуць прымусіць людзей добраахвотна рабіць тое, чаго тыя не хочуць.

Гісторыя часта становіцца не толькі навукай пра мінулае, але і інструментам у сучаснай палітыцы. Асабліва гэта выкарыстоўваюць імперыі і аўтарытарныя дзяржавы, калі ім трэба растлумачыць людзям свае дзеянні.

Для гэтага ствараюцца гістарычныя міфы. Вы шмат разоў іх чулі: «мы – адзін народ», «гэта заўсёды было нашым», «у нас несправядліва забралі *тэрыторыю*, і мы павінны гэта вярнуць». Так ствараецца ўражанне, што краіна не нападае, а нібыта толькі выпраўляе старую несправядлівасць.

Але гісторыя значна складанейшая. Межы мяняліся, народы жылі побач, а амаль у кожнай дзяржавы ёсць свае старыя крыўды і спрэчныя моманты. Калі выбіраць толькі выгадныя факты і ігнараваць астатнія, можна стварыць амаль любое «апраўданне». Такія ідэі працуюць, бо людзям цяжэй прыняць простую агрэсію. Фраза «мы забіраем чужую зямлю» выклікае пытанні, а «мы вяртаем сваё і аднаўляем справядлівасць» можа выглядаць як нешта правільнае. Таму ў пачатку Першай сусветнай вайны, якая пачыналася з нагоды «вяртання справядлівасці», былі мільёны добраахвотнікаў.

Менавіта таму кантроль над гісторыяй становіцца важнай часткай прапаганды. Яна не проста расказвае пра мінулае – яна ўплывае на тое, як людзі бачаць сучаснасць. Калі суседа гадамі паказваюць як «злога», у грамадстве лягчэй узнікае варожасць.

Але небяспека такіх міфаў значна большая чым проста нізкай ацэнка па гісторыі. Калі дзяржавы пачнуць забіраць тэрыторыі, спасылаючыся на падзеі мінулых стагоддзяў, свет вернецца да правіла «мае рацыю той, хто мацнейшы». Сёння хтосьці адбірае Крым, бо «ён заўжды быў нашым і ўвогуле мы мацней», а пасля ў гэтага кагосьці больш моцны сусед адбярэ Сібір, бо яна заўжды была кітайскай.

Гісторыю трэба вывучаць і памятаць, але нельга ператвараць яе ў дазвол на новы гвалт.

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee
  • 👍 2
  • ❤ 1
Post #4835 623
Як правільна – Менск ці Мінск?

Беларуская сталіца ўпершыню згадваецца ў летапісе пад 1067 годам: «И придоша к МѢньску... взяша МѢнескь».

Ва ўсіх выпадках выкарыстоўваецца літара «Ѣ» (яць), якая азначала гук, падобны да закрытага «е» або дыфтонга «іе». У пазнейшых крыніцах ужо зʼяўляецца форма «Менск».

Сучасныя даследчыкі лічаць, што назва горада паходзіць ад ракі Мень (Мена). У дакументах XIV–XVII стагоддзяў фіксуюцца формы «Менеск», «Менск», зрэдку – «Мінск», але яна першапачаткова сустракаецца толькі ў лацінскіх і польскіх тэкстах. Там замацоўваецца напісанне «Minsk» пад уплывам іншага польскага горада «Minsk Mazowiecki». Гэтая форма трапляе ў расейскія дакументы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У канцы XVIII стагоддзя «Мінск» становіцца афіцыйнай назвай у расейскай мове.

Але ў жывой беларускай мове назва «Менск» працягвала існаваць.
Напрыклад, у 1885 годзе яе зафіксаваў «Slownik geograficzny». У 1920-х гадах горад афіцыйна называўся ужо Менскам. Але 29 ліпеня 1939 года бальшавікі перайменавалі яго ў Мінск.

Перайменаванне не было нейкай натуральнай эвалюцыяй беларускай мовы. Наадварот, гэта было палітычнае рашэнне савецкай улады, якая паслядоўна ўніфікавала назвы, мову і гістарычную памяць народаў пад патрэбы новай імперыі. Прычым калі ў іншых рэспубліках СССР часам адбывалася вяртанне або замацаванне нацыянальных формаў назваў, то ў Беларусі працэс пайшоў у супрацьлеглым кірунку.

5 верасня 1991 года Мінгарсавет аднавіў гістарычны герб горада і выказаўся за вяртанне назвы «Менск». Вярхоўны Савет Беларусі адмовіў у гэтай прапанове. Сярод аргументацыі за «Мінск» было такое: «прамаўляць слова «Менск» цяжэй, асабліва для людзей небеларускага паходжання». Гэта была апошняя на сёння спроба вярнуць сталіцы гістарычную назву.

Спрэчка пра Менск і Мінск – гэта не толькі спрэчка пра адну літару. Гэта пытанне пра тое, хто мае права называць беларускія гарады, вызначаць іх гісторыю і фармаваць калектыўную памяць. Назву «Мінск» сфармавалі не беларусы. Нашыя продкі называлі горад інакш.


💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee
  • ❤ 15
  • 👍 1
Post #4834 583
27 ліпеня – сапраўдны Дзень Незалежнасці Беларусі.

3 ліпеня мы задаваліся пытаннем: дзень незалежнасці ад каго? Але сёння ёсць адказ на гэтае пытанне!

Менавіта 27 ліпеня ў 1990 годзе была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Яна стала першым і найважнейшым крокам да незалежнасці нашай краіны ад СССР і маскоўскай улады.

З 1991 па 1996 год 27 ліпеня было дзяржаўным святам. Пазней яго замянілі на 3 ліпеня – дзень вызвалення Мінска ад нацысцкай акупацыі. Гэта важная гістарычная дата, але яна не звязаная з набыццём Беларуссю дзяржаўнай незалежнасці.

Для многіх беларусаў менавіта 27 ліпеня застаецца сапраўдным Днём Незалежнасці – днём, калі Беларусь заявіла пра сваё права быць суверэннай дзяржавай.

Мы памятаем сваю гісторыю. З Днём Незалежнасці, Беларусь!

💫 Наш Patreon
💫
Наш Buymeacoffee
  • ❤ 13
  • 👍 7
  • 👏 1
Post #4832 786
Што будзе, калі ў Беларусі стане больш беларускай мовы?

Вось загавораць усе беларусы па-беларуску – і што, адразу Беларусь стане багатай, бяспечнай і шчаслівай? Калі каротка, то не. Адна толькі мова не вырашае ўсе праблемы. Але яна можа змяніць вельмі многае.

Перш за ўсё, беларуская мова ўмацоўвае нацыянальную самасвядомасць і робіць краіну больш устойлівай да знешняга ўплыву. Чым больш людзей жыве ў беларускім культурным і інфармацыйным асяроддзі, тым менш яны залежаць ад чужой прапаганды, фэйкаў і інфармацыйных маніпуляцый. Усё проста: не слухаеш расійскія навіны – ужо не трапляеш пад уплыў чужой дзяржавы.

Беларуская мова дапамагае выразна аддзяліць Беларусь ад расіі ў вачах свету. Для замежнікаў мова – адзін з галоўных маркераў асобнай нацыі. Калі беларусы размаўляюць па-беларуску, становіцца яшчэ больш відавочна, што Беларусь – гэта не частка нейкага «адзінага народа», а самастойная краіна са сваёй гісторыяй і культурай.

Беларуская мова таксама спрыяе развіццю ўласнай культуры, літаратуры, музыкі і медыя. Замест таго каб падтрымліваць чужую культурную прастору, грамадства атрымлівае больш магчымасцяў для развіцця сваёй. Святлану Алексіевіч даўно запісваюць у «вялікую расійскую літаратуру», бо яна пісала па-руску. І для гэтых людзей няважна, кім лічыць сябе сама Нобелеўская лаўрэатка.

Так, беларуская мова сама па сабе не вырашыць эканамічныя праблемы – і нават не спыніць ракеты, калі яны паляцяць на Беларусь з усходу. Але яна стварае трывалы падмурак для незалежнасці, бяспекі і нацыянальнай еднасці. Вось чаму гэтае пытанне – гэта не толькі пра словы, а пра будучыню краіны.

Беларуская мова не робіць цудаў, затое дапамагае Беларусі заставацца Беларуссю.


💫  Наш Patreon
💫 
Наш Buymeacoffee
  • ❤ 16
  • 👍 6
  • 👎 1
  • 👏 1
Older posts →

About this channel

How can I read @hodnaby without a Telegram account?
TGViewer shows the public web preview Telegram publishes for Годная гісторыя: recent posts, photos, videos and the subscriber count, with no app, login or account.
How many subscribers does Годная гісторыя have?
Годная гісторыя (@hodnaby) has 1.34K subscribers on Telegram, refreshed roughly every 30 minutes.
Does Годная гісторыя know I viewed it here?
No. Public channel previews carry no viewer identity, and TGViewer has no accounts or tracking of what you look up.
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →