Што калі сямейная памяць не супадае з падручнікам па гісторыі?
Вось, напрыклад, калектывізацыя: у падручніку расказваюць як цудоўна сталі жыць сяляне. А дзядуля ўзгадвае, як у сям’і адабралі карову, каня і палову зямлі. І ім пашанцавала – суседзяў, напрыклад, пасля такога рабавання яшчэ і ў Сібір саслалі.
Ці партызаны часоў Другой сусветнай: падручнік паказвае іх як добрых ваяроў за ўсё добрае, якія абаранялі жыхароў вёсак ад нападу нацыстаў. А бабуля ажно ўздрыгвае: бо прыходзілі ўначы, адбіралі ўсю ежу і нават насенне, маглі і застрэліць за «супраціў». А пасля яшчэ і нацысты маглі прыйсці пакараць за «добраахвотную дапамогу» партызанам. Ну, а партызаны што – яны пасля адпомсцяць за спаленую вёску. Толькі сялянам ад гэтага не лягчэй.
Нават гісторыя пасляваеннай Беларусі ў афіцыйным наратыве – гэта аднаўленне краіны. А ў сямейнай памяці гэта дзядуля, які вярнуўся з фронту без брата, бабуля, якая ўсё жыццё захоўвала страх перад дзяржавай, або сваяк, пра якога дома доўга баяліся гаварыць, бо ён трапіў у палон і атрымаў 25 гадоў лагераў як «здраднік».
Менавіта таму сямейныя гісторыі важныя. Яны не заўсёды ідэальна дакладныя – памяць таксама можа памыляцца. Але яны прымушаюць задаваць пытанні да вялікіх і прыгожых гістарычных формул пра «калектывізацыю» ці «індустрыялізацыю», «вызваленне» ці «інтэрнацыянальны доўг». За кожным такім словам былі канкрэтныя людзі.
І часам, каб зразумець сапраўдную гісторыю Беларусі, дастаткова спытаць у свайго дзеда: «А як гэта было ў нашай сямʼі?»
💫 Наш Patreon
💫 Наш Buymeacoffee
Post #4840
703

- ❤ 12
- 👍 4
- 🔥 2