Канцлагер у Бярозе – жудаснае месца, але ён не ідзе ні ў якое параўнанне з ГУЛАГам
У міжваеннай Польшчы, у Заходняй Беларусі ў мястэчку Бяроза-Картузская (зараз – проста Бяроза), з лета 1934 года да верасня 1939 года працаваў лагер, які ўлада называла «месцам ізаляцыі». Яго стварылі пасля забойства міністра ўнутраных спраў Польшчы Браніслава Пярацкага. 17 чэрвеня 1934 года прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі падпісаў распараджэнне, якое дазваляла трымаць людзей без суда, калі яны, на думку ўлады, «пагражаюць бяспецы і парадку».
Першыя вязні трапілі ў лагер у пачатку ліпеня 1934 года. Сюды траплялі камуністы, украінцы з Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (найбольш вядомы з іх – Раман Шухевіч), крытыкі ўрада, а таксама беларускія актывісты, што выступалі супраць паланізацыі.
Беларусаў у Бярозе было нямала. Гэта былі грамадскія дзеячы, настаўнікі, сябры культурных і палітычных арганізацый, якія патрабавалі правоў для беларускай мовы і культуры. Улады Другой Рэчы Паспалітай бачылі ў іх пагрозу і часта адпраўлялі ў лагер нават без канкрэтных абвінавачанняў.
Умовы ў лагеры былі жорсткія. Вязні жылі ў перапоўненых бараках, працавалі на цяжкіх фізічных работах, падвяргаліся «карным практыкаванням» – прымусовым маршам і прабежкам. Сведкі распавядалі пра збіцці, катаванні, знявагі з боку аховы. Афіцыйна тэрмін утрымання складаў тры месяцы, але яго маглі падаўжаць бясконца.
За ўвесь час існавання лагера праз яго прайшло каля 3 тысяч чалавек, з якіх памерлі 13. Адначасова там маглі ўтрымліваць ад 100 да 800 чалавек. Лагер ахоўвала паліцыя і жандармерыя. Кіраўніцтва жорстка кантралявала дысцыпліну, а за найменшае парушэнне правілаў вязні маглі трапіць у карцар – цесную і вільготную камеру без святла. Перапіска і спатканні з роднымі былі вельмі абмежаваныя.
У верасні 1939 года, калі Чырвоная армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь, ахова лагера збегла, пасля чаго вязні разбегліся. Для многіх беларусаў гэта азначала канец пазасудовых рэпрэсій з боку польскай улады, але наперадзе іх чакалі новыя выпрабаванні ўжо пры савецкай уладзе.
Канцлагер у Бярозе-Картузскай быў сапраўды жудасным месцам, хаця і адзіным такім у міжваеннай Польшчы. І ўсё ж нягледзячы на жахлівыя ўмовы, яго немагчыма параўнаць з лагерамі ГУЛАГ, дзе ўтрымліваліся мільёны, а гінулі сотнямі тысяч. Савецкая і неасавецкая прапаганда актыўна выкарыстоўвалі тэму лагера ў Бярозе-Картузскай, перабольшваючы яго жорсткасць, каб адцягнуць увагу ад уласных масавых рэпрэсій і смерцяў у сістэме ГУЛАГ.
💫 Наш Patreon
💫 Наш Buymeacoffee
Post #4729
1K