У Карэліцкім раёне падчас даследавання гарадзішча Беразавец, вядомага як «Замак Кміты» XVI стагоддзя, археолагі ўпершыню выявілі ўчастак абарончай драўлянай сцяны са слядамі пажару.
Экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад навуковым кіраўніцтвам Наталлі Пачобут і Леаніда Калядзінскага вывучыла канструктыўныя асаблівасці знойдзенай фартэфікацыі. Высветлілася, што сцяна складалася з двух шэрагаў укапаных вертыкальных слупоў, размешчаных на адлегласці 1,2 метра адзін ад аднаго. Паміж імі ў спецыяльныя пазы закладаліся гарызантальныя бярвёны. Раней падчас палявых сезонаў даследчыкі ўжо лакалізавалі на гэтым аб'екце рэшткі ўязной брамы і замкавага моста.
Само гарадзішча ўяўляе сабой прамавугольную пляцоўку з закругленымі вугламі (памерамі прыкладна 95 на 45 метраў), якая знаходзіцца на беразе ракі Сэрвач за паўкіламетра ад вёскі Беразавец. Магутнасць культурнага пласта тут перавышае 2,5 метра. Раскопкі пацвярджаюць, што замак перажыў як мінімум тры маштабныя пажары, пасля якіх адбудоўваўся нанова. Сярод выяўленага археалагічнага матэрыялу XV–XVI стагоддзяў — аконнае шкло рамбічнай і дыскападобнай формы, кафля, манеты, гандлёвыя пломбы, побытавыя рэчы, а таксама зброя: ручніца і наканечнікі стрэл.
Крыніца
#Беразавец #Карэлічы #археалогія #фартэфікацыя #драўлянаедойлідства #НАН
Post #2681
330





