🌹 У Ружанах археолагі знайшлі дзве вежы першапачатковага замка Сапег
Падчас археалагічных раскопак на тэрыторыі Ружанскага палацавага комплексу спецыялісты выявілі падмуркі дзвюх вежаў першапачатковага замка Сапег канца XVI — пачатку XVII стагоддзя, паведамілі ў Пружанскім райвыканкаме Брэсцкай вобласці.
Адну з іх — паўночна-ўсходнюю вуглавую — археолагі даследавалі яшчэ ў 1990-х гадах, а сёлета яе паўторна раскрылі для дэталёвага вывучэння канструкцыі.
Другую, паўднёвую вежу, знайшлі выпадкова падчас рэстаўрацыйных работ. Пасля археалагічных даследаванняў пацвердзілася, што першапачатковы замак Льва Сапегі меў тры вежы.
Паводле інвентарных апісанняў, у вуглавой вежы знаходзіўся кабінет Льва Сапегі, а ў паўднёвай — капліца. Абедзве вежы, як і ўвесь замак, выконвалі абарончыя функцыі.
Археалагічныя работы праходзяць паралельна з рэстаўрацыяй Ружанскага палаца, якая працягваецца з 2008 года. Да канца года спецыялісты плануюць вызначыць канцэпцыю музеефікацыі галоўнага корпуса. Пасля гэтага наведвальнікі змогуць прайсціся па яго тэрыторыі і ўявіць, як выглядаў замак у часы Льва Сапегі.
Post #2662
360


