Анархісты на варшаўскім Першамаі
Сёння з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці працоўных мы прайшліся вуліцамі варшаўскага раёну Старая Прага. Невялічкую дэманстрацыю арганізавалі польскія анархісты з групы Czarny Sztandar i Związek Syndykalistów Polski, у шэрагах якога таксама нямала анархістаў. Трэба адзначыць, што гэта першая за доўгі час спроба зладзіць у Варшаве самастойную анархістычную дэманстрацыю на 1 мая, асобную ад дэма чырвоных.
Месца для шэсця таксама было абранае невыпадковае. У гэтым раёне Варшавы зараз назіраецца найбольшая актыўнасць забудоўшчыкаў, якія усімі магчымымі шляхамі спрабуюць выселіць мясцовых жыхароў, каб выбудаваць камерцыйнае элітнае жытло. Прамовы выступоўцаў былі моцна звязаныя з лакальным кантэкстам і не спрашчаліся толькі да абстрактных лозунгаў. Яны казалі аб недапушчальнасці эксплуатацыі працоўных і аб праве чалавека на асабістае жыллё. Мы прайшліся па знакавых кропках раёну ад офісаў забудоўшчыкаў да крамы, дзе гаспадар эксплуатуе непаўналетніх прадаўцоў не падпісваючы з імі кантракт.
Нашая наяўнасць вызвала вельмі неадназначную рэакцыю мясцовых жыхароў: ад абразаў і канфліктаў да поўнай падтрымкі і паразумення. Чарговы раз мы ўпэўніліся, што дэманстрацыя нават у эпоху інтэрнета гэта не касплэй на мінуўшчыну, а нагода сутыкнуцца з рэальным народам пра які мы заўсёды пішам. Для палітычнага руху вельмі важна заставацца заўважнымі і шукаць агульную мову з шэраговымі працоўнымі.
Салідарнасць - наша зброя!
Post #391
620