TGViewer
Channel Public Channel
UWC Беларусь - UWC Belarus

UWC Беларусь - UWC Belarus

@uwcbelarus

Афіцыйны канал UWC Беларусь

https://uwcbelarus.carrd.co/
Subscribers
236
Photos
112
Videos
1
Links
22
Recent Posts 10 shown
Post #136 133
Пакуль мы бавім вас гісторыямі і знаёмім з нашымі студэнткамі і студэнтамі, дэдлайн падачы заявак ужо зусім блізка. І мы ні ў якім разе не хочам адцягваць вашу ўвагу ад сапраўды важнага: да канца падачы заявак засталося ўсяго 10 дзён!

Дэдлайн падачы заявак - 5 кастрычніка 14:00 GMT +3.

Калі вы яшчэ нават не распачалі заяўку — у
вас усё яшчэ ёсць трохі часу, каб выправіць сітуацыю. Калі яшчэ не завяршылі — расстаўляйце апошнія кропкі ў эсэ, рабіце скрыншоты з адзнакамі, даслухвайце свае любімыя беларускія песні і дзяліцеся імі з намі.

А калі ўжо даслалі заяўку і спакойна п'яце гарбату восеньскімі вечарамі —віншуем! Цяпер застаецца толькі чакаць вынікаў адбору. 🕑
  • ✍ 7
  • ❤ 4
  • 🔥 4
  • 💘 2
Post #135 144
У якім яшчэ тэксце можна сустрэць разам экалагічны Фрайбург, лінгвістыку, Лацінскую Амерыку і Якуба Коласа? Вядома ж, у чарговым пасце-знаёмстве ад UWC Belarus!

Наша сённяшняя гераіня — Таня, якая вучыцца ў UWC Robert Bosch College. Вось што яна расказвае пра сваё жыццё ў UWC:

Усіх вітаю!!! Мяне завуць Таня, і ўжо больш за два тыдні я жыву на ўскраіне Фрайбурга — аднаго з самых экалагічных гарадоў Нямеччыны. Тут знаходзіцца UWC Robert Bosch College!

Я нарадзілася ў Менску і пражыла тут усё сваё жыццё. Я цікаўлюся лінгвістыкай і дакладнымі навукамі, люблю даведвацца новае і не люблю абмяжоўваць свае мэты. Яшчэ я вельмі люблю жартаваць, а таксама маю брата-двайнятка 🙂 👫🏼

Па прыездзе ў RBC я адразу была зачараваная прыгажосцю Фрайбурга і прыроды вакол. Я не магла паверыць, што цяпер кожны дзень па дарозе на снеданне буду бачыць велічныя горы, якія акружаюць горад. Дзіўна было таксама бачыць столькі раварыстаў у горадзе і на кампусе: многія настаўнікі прыязджаюць у каледж на роварах.

Што да вучобы, першы тыдзень заняткаў ужо скончыўся, і мы паціху ўліваемся ў школьны рытм. З прадметаў я абрала беларускую літаратуру, ангельскую і французскую мовы, курс «Сістэмы і супольнасці навакольнага асяроддзя», фізіку і матэматыку «Аналізы і падыходы».

Што да жыцця па-за заняткамі, я жыву ў пакоі з суседкай з Коста-Рыкі, якая вучыцца ў RBC ўжо другі год . Мы добра ладзім, а дзякуючы ёй я ўжо паспела пачуць шмат цікавага пра Лацінскую Амерыку і іспанскую мову – адзін з многіх плюсаў жыцця ва UWC.

Пра UWC я даведалася ў 9-м класе, але ўпершыню падалася ў 11-м. З гэтым рухам маё жыццё звязалася выпадкова, але ўсё атрымалася з першага разу. Я бясконца ганаруся тым, што ступаю на гэты шлях як прадстаўніца Беларусі.

Як пісаў Якуб Колас: «Добра быць у дарозе, якую сам сабе выбіраеш». Дык вось, для мяне адной з такіх дарог (ці нават магістраляў) стаў рух UWC.

Для тых маладых і заахвочаных беларусаў і беларусак, якія зараз стаяць перад выбарам сваёй дарогі: верце ў сябе, смейцеся, размаўляйце па-беларуску і ніколі не бойцеся летуценіць! 🤍
  • ❤ 11
  • 🔥 3
  • 💘 1
Post #134 177
Раскрываем карты: навучальны год не заўжды пачынаецца ў верасні! Напрыклад, у UWC Waterford Kamhlaba ў Эсваціні ён стартуе толькі ў студзені.

Сёлета ў гэты каледж упершыню адправяцца беларускія студэнткі — і мы гэтым вельмі ганарымся, хоць, прызнаемся, крыху хвалюемся разам з імі. Адна з іх — Рыта.

У сваім пасце-знаёмстве яна распавядае, як даведалася пра рух UWC і як працэс адбору матываваў яе глыбей зацікавіцца беларускай мовай і пачаць яе ўдасканальваць.

Фатаздымкі з жыцця Рыты вы можаце пабачыць у каментарах.

Вітанкі! Мяне завуць Рыта, мне 17 гадоў. Я родам з Менска, а цяпер жыву ў Нарвегіі. У студзені 2027 года я паеду вучыцца ў Waterford Kamhlaba UWC of Southern Africa ў Эсваціні.

Я даведалася пра UWC праз дзяўчыну з маёй школы, якая атрымала месца ў UWC RCN. Яе расказы пра UWC мяне вельмі захапілі.Для мяне гэта неверагодная магчымасць пабачыць свет, сустрэць цікавых людзей з розных краін і культур, а таксама развівацца і расці як асоба. Таму я вырашыла падаць заяўку.

Самымі складанымі этапамі адбору для мяне былі другі і трэці туры, падчас якіх трэба было размаўляць па-беларуску. На той момант я амаль не ведала беларускай мовы, бо пасля пераезду ў 2019 годзе не вывучала яе і не размаўляла па-беларуску. Але я ўсё адно старалася як магла і ў выніку здолела шмат чаму навучыцца — як падчас падрыхтоўкі, так і пасля.

Шчыра кажучы, калі я даведалася, што прайшла адбор, то была вельмі здзіўленая. Мне было крыху страшна, бо я зусім не чакала, што атрымаю месца ў каледжы ажно ў Паўднёвай Афрыцы. Але разам са страхам было і вялікае радаснае хваляванне, бо гэта была магчымасць пабачыць часткі свету, якія я, магчыма, ніколі не ўбачыла б без UWC.

Усім, хто зараз падае заяўку, я б параіла проста быць сабой. Размаўляйце пра тое, што сапраўды вас цікавіць, а не пра тэмы, якія, на вашу думку, камітэт палічыць больш цікавымі ці “вартымі”. UWC — гэта неверагодная магчымасць, але каб зразумець, ці сапраўды гэта месца для вас, трэба паказаць, хто вы ёсць насамрэч, а не спрабаваць схаваць частку сябе дзеля нейкіх “балаў”.
  • 💘 15
  • ❤ 1
Post #133 266
Ёсць фраза, якую, здаецца, любы выпускнік ці выпускніца UWC здольныя прамовіць нават сярод ночы:

«UWC makes education a force to unite people, nations and cultures for peace and a sustainable future».

Прамаўляць — а часам, хутчэй, выгукваць — гэты дэвіз ва ўнісон з людзьмі з усяго свету сапраўды магічна. У такія моманты адчуваеш сябе часткай чагосьці значна большага, а словы, якія ведаеш на памяць, набываюць асаблівы сэнс.

Гэты дэвіз — наша пуцяводная зорка, якую мы нясём у сваіх сэрцах. Але адначасова гэта і прынцып, які мы імкнёмся ўвасабляць у сваім жыцці кожны дзень.

Сёння, 21 верасня, мы святкуем Міжнародны дзень UWC, які сёлета праходзіць пад тэмай «Дзеянне дзеля міру, планеты і людзей». У гэты дзень супольнасці UWC па ўсім свеце ладзяць праекты ў галіне ўстойлівага развіцця, мастацкія выставы і сустрэчы, прысвечаныя міру, арганізуюць супольныя вячэры з нацыянальнымі стравамі і здзяйсняюць маленькія акты дабрыні.

Нацыянальны беларускі камітэт UWC шчыра віншуе вас з UWC днём!🌍

Далучайцеся да святкавання ў любым фармаце: скажыце камусьці добрае слова, паклапаціцеся пра блізкіх і сяброў, наведайце супольную актыўнасць ці проста зрабіце добрую справу.

Магчыма, менавіта з маленькага дзеяння кожнага з нас і пачынаецца тое вялікае, у што мы верым.💫
  • 💘 14
  • 🎉 6
  • ❤ 3
  • 🔥 2
Post #132 234
Час няспынна крочыць, а дэдлайн падачы заявак няўхільна набліжаецца. Каб не надта стрэсаваць, мы адпраўляемся ў новае падарожжа па расповедах пра каледжы UWC! Горы нас не адпускаюць, таму мы перамяшчаемся з індыйскіх пагоркаў на балканскія.⛰

У новай публікацыі знаёмім вас з Зосяй, якая вучыцца ў UWC Mostar і дзеліцца карыснымі парадамі пра працэс адбору. А каб лепей уявіць, як выглядае жыццё ў каледжы, зазірніце ў каментары —пакідаем там фотаздымкі, якія дапамогуць адчуць атмасферу UWC.😊

Прывітанне! Мяне завуць Зося. Я нарадзілася ў Мінску і пражыла там сямнаццаць гадоў, яшчэ год правучылася ў Італіі, а зараз пішу гэты пост з Мостара, Босніі і Герцагавіны. Я цікаўлюся прыродазнаўчымі і дакладнымі навукамі (STEM fields), люблю фізічную актыўнасць, тэму прыгажосці і догляду за сабой, горы, сваіх блізкіх сябровак і, канечне, вучобу.

У гэтым годзе я паступіла ў каледж у Мостары – невялікім, але на самай справе адным з самых вялікіх паводле мясцовых меркаў горадзе ў Босніі і Герцагавіне. Наогул, гэта вельмі прыгожая горная краіна, якая мае свой асаблівы стыль жыцця і няпростую гісторыю: у Босніі адносна нядаўна скончылася вайна. Гэта вельмі моцна адчуваецца ў наваколлі. Канечне, гэта відаць і па самім каледжы: кампус знаходзіцца непасрэдна ў горадзе і з’яўляецца яго часткай, таму школьнае і мясцовае жыццё ўвесь час пераплятаюцца.

Я знаходжуся ў UWC Mostar ужо тры тыдні і атрымліваю вялікую асалоду ад таго, што кожны дзень магу гуляць па горадзе, даследаваць яго, прачынацца і засынаць разам з ім і гарамі навокал, хадзіць у гуртожыткі да сяброў, а паралельна назіраць мясцовае жыццё і краявіды. Усім раю!

Акрамя гэтых прыемных рэчаў, я яшчэ і вучу наступныя прадметы: Maths AA, Biology і Chemistry – на вышэйшым узроўні. Гэта, адназначна, цікава, але патрабуе пэўных затрат часу, сіл і энергіі. На стандартным узроўні я вучу прадметы, якія мне, з улікам майго досведу, даюцца прасцей: English A Lit, Anthropology і Spanish AB Initio.

Калі вы падаяцеся ў UWC, гэта цудоўнае рашэнне, але я б хацела даць такую параду: будзьце шчырыя з сабой. UWC – не летнік і не толькі рамантычны, вясёлы і лёгкі час з сябрамі – гэта ў тым ліку і вучоба паводле складанай і інтэнсіўнай адукацыйнай праграмы. Яна патрабуе пэўных высілкаў і маральнай стойкасці (кажу як студэнтка, якая цяпер вучыцца на першым годзе IBDP).

Пакуль вы пішаце эсэ, вы можаце прасачыць, што можа стаць патэнцыйнай складанасцю, і падумаць над тым, як з гэтым можна справіцца. Таму рабіце ўсё своечасова, не спяшайцеся, аналізуйце свае словы, не спрабуйце паказаць сябе тымі, кім вы на самой справе не з’яўляецеся, бо гэта відаць! Калі гэта ваша магчымасць, то ўжо праз год вы дакладна будзеце сядзець на кампусе вашай новай школы!
  • ❤ 13
  • 😍 2
  • 💘 2
Post #131 280
Восень зноў прыйшла — а разам з ёй і час знаёміцца з новым пакаленнем беларускіх студэнтаў і студэнтак UWC! 🍂✨

Хтосьці з іх ужо распакоўвае валізкі ў новым доме, а хтосьці яшчэ толькі чакае свайго ад’езду. Але ўсіх іх аб’ядноўвае адно: наперадзе — новая глава жыцця ў UWC.

Першая ў нашай серыі — Глаша з UWC Mahindra!

А ў каментарах вы можаце пабачыць фота з жыцця Глашы!

Вітаю! Мяне завуць Глаша. Усё жыццё я жыла ў вёсцы недалёка ад Мінска, адкуль кожны ранак ездзіла ў горад вучыцца ў мастацкую гімназію. Дзіўна і неверагодна ўсведамляць, што зараз кожны ранак я расплюшчваю вочы ў доміку на пагорку, які ўзвышаецца над індыйскай вёскай, ахутанай коўдрай туманаў, у асяроддзі пальмаў, невядомых кветак, кактусаў, падобных да елак, – і ўсё гэта прасякнута цёплым мусонным дажджом

Са мной у пакойчыку – дзяўчынкі з Індыі, Японіі і Партугаліі. З адной з іх мы любім рана прачынацца, варыць каву і разам ісці на сняданак у яшчэ ціхі і пусты кафетэрый, дзе паступова расцвітае жыццё, подых якога адчуваеш у кожным месцейку вялікага і разнастайнага кампуса, – так пачынаецца дзень у MUWCI.
Мне здаецца, што гэтае месца заўсёды было маім домам, нават калі я не ведала пра яго існаванне. З дзяцінства я захаплялася адукацыяй у самых розных яе формах. Я не хацела бачыць межаў адукацыі і таму сама стварала яе для сябе: ці то праз школьнае мерапрыемства, ці праз звычайны ўрок – кожная хвіліна вучобы была для мяне бясконца каштоўнай. У гэтым я бачыла і бачу свабоду. Я ладзіла тэатральныя пастаноўкі з аднакласнікамі, вучыла мовы, малявала, самастойна вучылася граць на гітары і піяніна, пісала навуковую працу па лінгвістыцы, чытала... Проста вучылася – і бачыла ў гэтым сэнс усяго свету.
У каледжы я абрала філасофію, літаратуру на ангельскай мове і выяўленчае мастацтва на вышэйшым узроўні (HL), а матэматыку AA, фізіку і гішпанскую мову — на стандартным (SL).
Я магу параіць усім неабыякавым летуценнікам, якія падаюцца, толькі адно: жывіце тым, што вы робіце, выяўляйце сябе праз тое, што робіце, будзьце сабой у тым, што робіце і, нарэшце, будзьце тым, што робіце, а не тым, кім хочаце быць. Тады для адбору застанецца толькі распавесці пра гэта.
  • ❤ 18
  • 🔥 1
Post #121 332
Шчыра кажучы, мы таксама верым у некаторыя міфы. Напрыклад, што дамавік заўсёды недзе хавае нашыя шкарпэткі ці што, калі бегчы пад дажджом, прамокнеш яшчэ больш. ☔️

Але ёсць рэчы, у якіх мы дакладна разбіраемся. Таму дзелімся з вамі распаўсюджанымі міфамі пра UWC, у якія ўжо трэба перастаць верыць.

Да заканчэння прыёму заявак засталося менш за месяц! Калі ў вас яшчэ засталіся пытанні ці сумневы, пішыце нам на пошту або ў асабістыя паведамленні. 📩
  • ❤ 17
  • ❤‍🔥 5
  • 💘 3
Post #120 423
🎥 У гэтую суботу, 12 верасня, мы выходзім у прамы эфір у Instagram!

Нашыя студэнткі Адэля (UWC Thailand) і Міла (UWC Adriatic) распавядуць, як паспяхова запоўніць заяўку, як праходзіць адбор і чаго мы чакаем ад кандыдатаў і кандыдатак.

💬 Гэта нагода пазнаёміцца з нашымі студэнткамі, задаць свае пытанні, і атрымаць жывыя адказы з першых вуснаў.

🗓 Субота, 12 верасня, 19:00 (GMT+3)
📍 Наш Instagram

📌 Нагадваем: дэдлайн падачы анлайн-заяўкі — 5 кастрычніка.

💙 Чакаем вас!

#UWCБеларусь #UWCBelarus #UWC #МіжнароднаяАдукацыя #БудучыняПачынаеццаТут #UWCApplication
  • ❤ 7
  • 🥰 4
  • ❤‍🔥 2
Post #118 414
🗺Працягваем знаёміць вас з каледжамі UWC. Сёння расказваем пра UWC Robert Bosch і UWC Li Po Chun!

🇩🇪 UWC ROBERT BOSCH


🏛 Сучасная архітэктура сустракае гісторыю
Студэнцкія рэзідэнцыі каледжа былі пабудаваныя ў 2014 годзе ў выглядзе горнай вёскі, якая складаецца з дванаццаці жылых кубічных модуляў. Гістарычны будынак Kartause пасля рэстаўрацыі захаваў шмат арыгінальных элементаў і цяпер выкарыстоўваецца як навучальны корпус.

🏙 Горад-унівэрсітэт Фрайбург
Блізкасць да Фрайбурга дае студэнтам магчымасць знаёміцца з яго культурным жыццём і ўдзельнічаць у шырокім спектры валанцёрскіх праектаў у рамках праграмы CAS. Фрайбург — горад, вядомы сваёй экалагічнай культурай і развітай веласіпеднай інфраструктурай.

🌱 Устойлівасць ва ўсім
Каледж надае асаблівую ўвагу ўстойліваму развіццю, прынцыпы якога ўбудаваныя ў навучальную праграму, студэнцкае жыццё і архітэктуру кампуса. Размяшчэнне недалёка ад Нацыянальнага парку Шварцвальд дазваляе таксама рэалізоўваць насычаную праграму заняткаў на адкрытым паветры.

🇭🇰 UWC LI PO CHUN

🏖 Прырода і горад побач
Кампус знаходзіцца ў ціхай зялёнай зоне ганконгскага парку Ma On Shan Country Park, акружаны дрэвамі, гарамі і пляжам. Пры гэтым менш чым за гадзіну можна дабрацца да ажыўленых раёнаў горада.

🐉 Праграма Quan Cai — усебаковае развіццё асобы
Праз праграму Quan Cai («усебаковае развіццё асобы») студэнты самастойна ініцыююць і рэалізуюць праекты, а таксама ўдзельнічаюць у сацыяльных ініцыятывах мясцовай супольнасці. Праграма прапануе больш за 70 відаў дзейнасці — ад маніторынгу каралавых рыфаў і танца льва да Playback Theatre і Initiative for Peace.

🌏 Кітайская культура і Азія
Каледж размешчаны ў дынамічным горадзе на скрыжаванні Азіі, што дае студэнтам магчымасць глыбей зразумець Кітай і Азію ў глабальным кантэксце праз паездкі Project Week па рэгіёне.
  • ❤ 12
  • 🔥 3
  • 🦄 2
  • 👍 1
  • 👏 1
Post #116 351
🗺Сёння расказваем пра UWC Thailand і UWC Red Cross Nordic!

🇹🇭 UWC THAILAND

🏝 Ціхі прытулак у гарах Пхукета
UWC Thailand — ціхі прытулак у перадгор'ях Пхукета, акружаны зеленню. Гэта адметнае асяроддзе адлюстроўвае прыхільнасць школы не толькі да адукацыйнай дасканаласці, але і да каштоўнасцяў свядомага стаўлення да свету і грамадства, дабрабыту і экалагічнай адказнасці.

🪸 Маніторынг каралавых рыфаў і валанцёрства
Студэнты і студэнткі займаюцца маніторынгам каралавых рыфаў, а таксама ўдзельнічаюць у жыцці мясцовых супольнасцяў у рамках ініцыятыў, скіраваных на ахову навакольнага асяроддзя і падтрымку грамадства.

🏄 Спорт сусветнага класа — у двух кроках
UWC Thailand размешчаны побач са спартыўным курортам Thanyapura, дзякуючы чаму студэнты маюць доступ да выдатнай спартыўнай інфраструктуры. Яна ўключае басейны алімпійскага ўзроўню, веласіпедны трэк і спартыўныя залы.

🇳🇴 UWC RED CROSS NORDIC


🌱 Экалогія — з першых гадоў
UWC Red Cross Nordic апярэдзіў свой час, вылучыўшы экалагічны напрамак нароўні з нардычнымі і гуманітарнымі асновамі яшчэ ў першыя гады існавання каледжа. Каледж надае асаблівую ўвагу тэмам устойлівасці ў шэрагу дысцыплін.

🏔 Кампус на беразе фіёрда
Кампус каледжа знаходзіцца на беразе фіёрда ў Флэккэ, Нарвегія. Студэнты і студэнткі ўдзельнічаюць у праграмах на адкрытым паветры на фіёрдзе і ў гарах — ад базавых курсаў да навучання лідарству ў спецыялізаваных напрамках, у тым ліку вырабу і выкарыстанню традыцыйных лодак і пешых паходаў.

❤️ Дыплом Чырвонага Крыжа
Нарвежскі Чырвоны Крыж — адзін з заснавальнікаў каледжа. У рамках пазаакадэмічнай праграмы ўсе студэнты атрымліваюць дыплом Чырвонага Крыжа, які дае веды пра гуманітарныя прынцыпы арганізацыі і практычныя навыкі, звязаныя з імі. Каледж таксама дзеліць кампус з Цэнтрам рэабілітацыі Чырвонага Крыжа Haugland і супрацоўнічае з ім.
  • ❤ 14
  • 🔥 1
Older posts →

About this channel

How can I read @uwcbelarus without a Telegram account?
TGViewer shows the public web preview Telegram publishes for UWC Беларусь - UWC Belarus: recent posts, photos, videos and the subscriber count, with no app, login or account.
How many subscribers does UWC Беларусь - UWC Belarus have?
UWC Беларусь - UWC Belarus (@uwcbelarus) has 236 subscribers on Telegram, refreshed roughly every 30 minutes.
Does UWC Беларусь - UWC Belarus know I viewed it here?
No. Public channel previews carry no viewer identity, and TGViewer has no accounts or tracking of what you look up.
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →