Навошта вам часопіс у 2026 годзе?
Ужо траціна накладу разышлася, за што мы вам вельмі ўдзячныя.
Мы плануем сабраць увесь перадзамоўлены наклад за верасень, каб ужо ў кастрычніку пачаць рыхтаваць часопіс да друку. Таксама хочам папярэдзіць, што пасля завяршэння перадзамовы набыць гэты выпуск ужо будзе нельга.
Але акрамя апдэйтаў па продажах мы хацелі б адказаць на некалькі пытанняў і крыху больш расказаць пра наш часопіс.
Чаму мы гэта робім?
Па-першае, за ўсю гісторыю сучаснай Беларусі ў нас так і не з’явілася паўнавартаснага глянцавага часопіса пра беларускую музыку на беларускай мове. Нам захацелася запоўніць гэты гэп і зрабіць такі часопіс самім.
Па-другое, мы адчуваем агульную стомленасць ад бясконцага анлайн-кантэнту, нейраслопу і пастаяннага інфармацыйнага шуму. Здаецца, што цяпер асабліва хочацца чагосьці фізічнага і рэальнага – таго, што можна ўзяць у рукі, пакінуць на паліцы і вярнуцца да яго праз некалькі гадоў.
Па-трэцяе, нам хочацца выбудоўваць больш цесную сувязь з нашым кам’юніці. Такі фізічны артэфакт можа стаць яшчэ адной кропкай, якая аб’ядноўвае людзей вакол беларускай музыкі і КЛIK.
І напрыканцы мы заўважылі, што існуе вельмі мала прадуктаў пра сучасную Беларусь, якія можна было б паказаць замежнік(ц)ам. Таму ў будучыні мы плануем падрыхтаваць і англамоўную версію часопіса – каб гэта быў добры спосаб пазнаёміць сяброў/вак з іншых краін з беларускай музыкай.
Пра што выпуск?
У першым выпуску мы сабралі, як нам здаецца, найбольш удалыя і актуальныя матэрыялы, якія зрабіла наша каманда за 3 гады. Таксама будзе некалькі эксклюзіваў.
Мы хочам раз на год рабіць зрэз сучаснай актуальнай беларускай музыкі з фокусам на якасны і стыльны візуал. Але каб зразумець, ці зможам мы выпускаць часопіс рэгулярна, спачатку трэба праверыць, ці будзе дастатковы попыт на такі фармат.
Чаму такая цана?
Мы арыентуемся на прэміяльны фармат. Нам не хочацца, каб часопіс выглядаў слабей за аналагічныя выданні ў іншых краінах. Наадварот, мы хочам рабіць яго на тым жа ўзроўні або нават лепш. І вы ўбачыце гэта ў кожнай якаснай дробязі.
ЗАМОВІЦЬ
Post #1884
1.6K
- ❤ 38
- 👍 9
- 🔥 7
- 💩 1