TGViewer
Channel Public Channel
Павел Севярынец

Павел Севярынец

@seviarynets

Асабісты канал
Subscribers
988
Photos
184
Videos
5
Links
43

Showing posts older than #78 · Back to latest

Older Posts 20 shown
Post #77 1.05K
Шклоўская калонія, 2022 год. Выклікаюць у операддзел.

- Так, Северінец... Когда уже контрал шіфт будет?

- Які яшчэ контрал шыфт?

- Переключеніе клавіатуры. Переключаться когда будем? На русскій?

- А навошта пераключацца? Размаўляю па-беларуску, бо я беларус.

- Вот для чего вы по-белорусскі разговаріваете? Выделіться хотіте? Мы же відім: хотіте. А с какой целью?

Беларусы, вы з якой мэтай па-беларуску размаўляеце, га?
  • 😁 62
  • ❤ 17
  • 🤬 11
  • 🙏 9
Post #76 1.15K
Роўна трыццаць гадоў таму я, студэнт БДУ, зайшоў на сядзібу БНФ на Варвашэні, 8 - і нейкі рудавусы дзядзька ў касцюмчыку ды акулярах даў мне на распаўсюд пачак улётак з запрашэннем на Дзень Волі. Штук трыста.

У нас у студгарадку жыве тысячы дзьве, кажу. Давайце больш. Дзьве тысячы? Распаўсюдзіш? Так я пазнаёміўся з Вячаславам Сіўчыкам.

Вячаслаў Сіўчык стаў "хросным бацькам" Маладога Фронту ў 1996-1997 гадах.

Сіўчык з ягонай чыста беларускай ахвярнасцю, працай на знос і геніяльнай учэпістасцю стаяў за арганізацыяй самых масавых акцыяў БНФ другой паловы 1990-ых, якія далі Беларусі цэлае пакаленне змагароў.

Трымаў шматдзённую галадоўку разам з Юрыем Хадыкам. Займаўся прадпрымальніцкім рухам. Кіраваў намётавым мястэчкам на Плошчы 2006 года. Стварыў Рух салідарнасці "Разам" - і дзясяткі гадоў арганізоўваў шэсці ды вандроўкі да памятных датаў. Абараняў Курапаты.

Цяпер Вячаслаў Сіўчык выступае на штотыднёвых акцыях беларусаў Варшавы пад бел-чырвона-белымі сцягамі.
  • ❤ 78
  • 👍 12
  • 🙏 6
  • ❤‍🔥 3
  • 🕊 2
Post #75 1.18K
Вясна 1996 года. Тут мне 19.

Трыццаць гадоў таму па Беларусі пракацілася хваля шматтысячных акцыяў, вядомая як "Менская вясна-96".

Ці ведае пакаленне 2020-га пра тую легендарную вясну, якая пачалася з 30-тысячнага Дня Волі?

Дзясяткі тысячаў беларусаў на заклік Беларускага Народнага Фронту выйшлі на вуліцы Менску і буйных гарадоў, каб пратэставаць супраць планаў Лукашэнкі далучыць Беларусь да Расеі і ўлезьці ў Крэмль замест старога Ельцына.

Было і мора бел-чырвона-белых сцягоў, і прарывы кардонаў, і масавыя арышты, і БТРы на вуліцах, і перакульванне міліцэйскіх машынаў...

Дарэчы, назва праваабарончага руху "Вясна" - менавіта адтуль, з 1996 года. Спачатку сетка салідарнасці з арыштаванымі называлася "Вясна-96".

Мой пакой у інтэрнаце-"сямёрцы" быў гняздом той менскай вясны ў нашым студэнцкім гарадку БДУ.

Перад Вясной -96 было змрочна. Але быў натхняльны лозунг - "Вясна ідзе!"

Хто памятае - адгукніцеся!

Вясна ідзе!
  • ❤ 116
  • 🔥 21
  • 👍 7
  • 🙏 7
  • 💯 3
Post #74 1.19K
Беларускае хрысціянскае трыадзінства - адзін з нашых ключавых нацыянальных кодаў.

Праваслаўе, каталіцтва і пратэстанцтва Беларусь яднае сабой - гэтак жа нязлітна і непадзельна, як у Трыадзіным Богу яднаюцца Айцец, Сын і Дух Святы.

Увесь свет адкрыты нам праз трыадзінства - і, дзякуючы яму, беларусы народ не рэлігійны, але глыбока хрысціянскі.

То запрашаем да ўдзелу ў міжканфесійнай малітве за Беларусь і праслаўленні Бога ў Вільні!

Госпад Бог лічыць да трох! )))
  • ❤ 33
  • 🙏 7
  • 🤔 5
  • 💯 3
  • 👎 1
Post #73 2.11K
Гляджу я на гэтую дзірку ў зямлі і думаю: усё-такі ёсць у Лукашэнкі чуйка, не паляцеў у Вашынгтон на Раду міру.

Бо Трамп расхадзіўся няўжарт. Амерыка зноў стала такой вялікай, што ўмешваецца ва ўнутраныя справы Расейскай Федэрацыі і Кітаю па ўсім свеце.

Амерыканцы далі Расеі намёртва загрузнуць ва Украіне, і, пакуль у пачвары занятая пашча, пачалі метадычна выносіць яе сябраў-тыраназаўраў у абодвух паўшар'ях.

Сірыя. Венесуэла. Іран. На чарзе - Куба.

Пасля масавых забойстваў дзясяткаў тысячаў пратэстоўцаў у пачатку года іранскі рэжым аятолаў канчаткова страціў сваю легітымнасць. Злучаныя Штаты і Ізраіль сталі зброяй адплаты ў руках Божых.

Вы ўсё яшчэ верыце, што цемра вечная і анічога не мяняецца?
Рыхтуйцеся: вакно магчымасцяў можа з трэскам расхінуцца - раптам і наросхрыст.

Улюбёны Божы спосаб змагання са злом - гэта абарочваць зло на дабро.

Адным рэзкім ударам.
  • ❤ 57
  • 🙏 25
  • 😐 7
  • 👌 4
  • 🌚 1
Post #72 1.2K
Адна з самых запамінальных рэчаў у Шклоўскім ШІЗА - "дыскатэка".

Пакуль на калідоры ізалятара грае музыка - ты абавязаны стаяць на "расцяжцы" ля прымкнутай да сцяны нары. Звычайна музыку ўключаюць, калі пачынаецца праверка - а гэта значыць, стаіш з выкручанымі рукамі і расстаўленымі нагамі, пакуль дзяжурны памочнік начальніка калоніі не абыдзе ўсе 23 камеры ШІЗА і не выслухае "даклады" вязняў. Бывае паўгадзіны, бывае і гадзіну.

А зранку ў Шклове адчыняюць фрамугі - і таму, напрыклад, зімой "дыскатэку" ты слухаеш, дрыжучы ад сцюжы ў сваёй баваўнянай "марлі", пакуль у цябе з рота валіць пара. Бо адчыняюць іншыя камеры, і усё ШІЗА прадзьмувае скразнякамі.

Кантралёрам у ШІЗА сумна. Хочацца хаця б паслухаць музыку ды пазабавіцца. Таму ўключаюць "дыскатэку" і любуюцца па камерах, як вязні кідаюцца да нары і раскірэчваюцца. Добрая змена праз хвілінаў 20 гукне з калідора - "А-адбой расцяжка!" А кепская - так і пакіне, гадзінкі на паўтары. Інцярэсна жэ, пусьць эці паліцічэскіе учацца родзіну любіць.
  • 😢 36
  • 🤬 28
  • 🙏 5
Post #71 1.19K
Сустрэча, прысвечаная аднаўленню Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў Літве, прайшла ўчора ў Вільні, у Беларускім доме.

Чакаў каля 20 чалавек, прыйшло 40. Паказалі прэзентацыю з гісторыі і дасягненняў БХД, пратэсцілі з дапамогай галасавання, за якія справы варта ўзяцца найперш, паглядзелі канфесійны склад удзельнікаў (найбольш праваслаўных, потым рыма-і-грэка-каталікі, потым пратэстанты, таксама былі людзі іншых веравызнанняў і нерэлігійныя).

На сустрэчы выступілі святар Беларускай праваслаўнай царквы Канстанцінопальскага патрыярхату айцец Георгій Рой, прафесар, колішні кіраўнік Сената ЕГУ Павел Церашковіч, кіраўнік Асацыяцыі беларускіх бацькоў Літвы Вадзімір Заранкін, сакратарка Віленскай філіі БХД Валерыя Чарнаморцава, лідэр Руху "Каліноўцы" Анатоль Міхнавец.

Пачатак аднаўлення адзінай і моцнай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ёсць - і сімвалічна, што менавіта ў Вільні, дзе разгортвалася міжваенная БХД і праходзіў першы з'езд БНФ.
  • ❤ 53
  • 👍 14
  • ⚡ 2
  • 😁 2
Post #70 1.15K
Як Паўлу Вінаградаву ўдавалася і дагэтуль удаецца захоўваць гумар і здаровы глузд - я дагэтуль ня цямлю. Заўжды ў добрым гуморы, заўжды гатовы падтрымаць ці пажартаваць, уключаць самаіронію - ну з ўласнага досведу ведаю, нават на волі, ня тое што ў турме, гэта ў рэжыме нон-стоп немагчыма.

А Вінаградаў - кругласуткавы пазітыў.

Прайшоў самае дно - і ўсё адно застаўся байцом.

У ШІЗА менавіта Паша Вінаградаў забяспечваў "турэмную пошту" - сувязь паміж паверхамі турмы, каб іншыя вязні ведалі, хто дзе сядзіць і колькі сутак атрымаў.

Нават "блатныя" паважалі Вінаграда, які сядзеў у "нізкім статусе", здзіўляліся, чаму ён такі бесклапотны, а ён тлумачыў:

- Слухай, я і так у ШІЗА, ды яшчэ і ў "петушатні": ну што яшчэ яны могуць мне зрабіць?!

Такі караткевіцкі Гервасій Выліваха, які абыгрывае ў шахматы нават смерць.

Фота "Радыё Свабода". Паша, які калісьці пачынаў у "Зубры", і тут падобны да зубра.
  • 👍 65
  • 🙏 14
  • 💯 9
  • 💔 5
  • 🤗 5
Post #69 1.19K
Вялікая падзяка валанцерам Беларускай сябрыны Коўні, кіраўніцы арганізацыі "Паліглот" Вераніцы Выгоўскай і прафесару Русцісу Камунтавічусу за цёплую сустрэчу ва Ўніверсітэце Вітаўта Вялікага!

Размаўлялі пра Беларусь і Літву, супадзенні і розніцу ў светапоглядзе, еднасць беларусаў замежжа, вайну і мір, пра БХД і Зянона, Бога і беларускія сэрцы.

Прафесар Русціс Камунтавічус, аўтар фундаментальнай кнігі пра беларусаў, зрабіў крутыя каментары да выступа і патлумачыў, чым ёсць Беларусь для Літвы і Літва для Беларусі насамрэч.

Асобная падзяка Валерыі Чарнаморцавай, адной з найлепшых беларускіх экскурсаводаў, якіх я ведаю!
  • ❤ 66
Post #68 1.36K
- Как же я вас, свядомых, ненавіжу! - раптам вызверыўся на мяне звычайна спакойны супрацоўнік Акрэсціна, які заводзіў на "суд" у ліпені 2020 года (пандэмія, таму "судзілі" з турмы праз скайп).

- А за што ненавідзіце? - я трохі, прызнаюся, разгубіўся.

- Да за то, что у вас всё не как у нормальных людей. Менск, Менск!.. Откуда вы вообще взялі этот Менск?! Минск!

- Тысячу гадоў быў Менск, бо там людзі мяняліся. Абменьваліся таварамі, месца мены было, - кажу. - А Мінск адкуль? Ад мінаў?

Сапе, як мядзьведзь. Маўчыць.
  • ❤ 68
  • 😁 30
  • 👍 14
  • 👏 3
Post #67 1.32K
Сябры! Запрашаю на сустрэчу, прысвечаную Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, яе гісторыі, сучаснасці і будучыні.

БХД разгарнулася як масавая грамадская сіла менавіта ў міжваеннай Вільні: у 1920-30-ых хрысціянскія дэмакраты на чале з Адамам Станкевічам і Вінцэнтам Гадлеўскім стварылі тут для беларусаў Інстытут гаспадаркі і культуры, свой банк, сваю друкарню, выдавалі крэдыты беларускім сялянам на набыццё тэхнікі, друкавалі дзясяткі кнігаў, газетаў, брашураў на роднай мове, ладзілі сотні тэатральных пастановак, стваралі сеткі ўзаемнай падтрымкі і салідарнасці - і, канечне, правілі набажэнствы па-беларуску.

Што з гэтага досведу варта пераняць цяпер? Як хадэцыя працуе ў свеце? Чаму хрысціянская дэмакратыя - будучыня Беларусі?

Даведацца, абмеркаваць і далучыцца можна будзе ў суботу, 28 лютага а 17.00 ў Вільні, у Беларускім доме па вуліцы Віленскай, 20.
  • ❤ 38
  • 👍 10
  • 🤗 4
  • 🔥 1
  • 👌 1
Post #66 1.2K
З Мікалаем Статкевічам ня "здарыўся інсульт". Мікалая Статкевіча давялі да інсульта.

Там умеюць - ламаць рукі-ногі, рваць сэрцы і дзіравіць страўнікі нават без лішняга дотыку.

Напрыканцы акрэсцінскіх карцэраў, недзе на трэці месяц, у мяне разбалеліся калені. Ня мог спаць. Два дні патрабаваў доктара, з'яўляецца.

- Ну?

- Ды во ногі баляць.

-Аааа, - задаволена басіць доктар. - Наконец-то.

- У сэнсе, - кажу, - наканец-та?

- Да мы всё думалі, когда уже... Суставы. Всё правільно.

У ШІЗА чалавека свядома і мэтанакіравана даводзяць да калецтва. Турэмныя дактары толькі фіксуюць, "дзе тонка" у таго ці іншага вязня, якога начальства вырашыла ламаць - і пасля вязня пераводзяць у адпаведную камеру.

Калі не высыпаешся тыднямі ад холаду, пачынаеш бачыць галюцынацыі, разбіваешся аб плітку, бо раптам адключаешся ўдзень, і раз за разам атрымліваеш "ДП" (дабаўку) - пытанне толькі ў тым, што цябе вырубіць спярша: язва (бо арганізм жарэ сам сябе), запаленне лёгкіх, інсульт, інфаркт альбо вар'яцтва.
  • 😭 56
  • 💯 32
  • 😢 23
  • 😱 7
  • 👍 3
Post #65 1.22K
Карацей, сябры - у чацьвер кідаю ўсё і еду на Нёман!

26 лютага а 17:00 запрашаю на сустрэчу ў Каўнасе.

Пагаворым:
— Як зрабіць Беларусь вольнай;
— Ці хутка мы вернемся;
— Што такое «каманда мары» па-беларуску;
— Чаму Бог дапускае такое;
— Верым? Можам? Пераможам?

Будзе жывы дыялог пра шлях, веру, адказнасць і надзею — у атмасферы салідарнасці. Запрашаю ўсіх неабыякавых далучыцца.

📍 Месца: Putvinskio g. 23–102
🗓 Дата і час: 26 лютага, 17:00
🗣 Мовы сустрэчы: беларуская і літоўская
  • ❤ 46
  • 👍 12
  • ⚡ 2
  • 🔥 2
  • 🙏 2
Post #64 1.26K
З Сяргеем Ціханоўскім мы пазнаёміліся на менскай Плошчы Волі.

Ціханоўскі настолькі проста размаўляў з простымі беларусамі, задаваў пытанні, быццам цвікі забіваў, і падхопліваў найлепшае, што ўжо ў красавіку 2020 года, на хвалі пандэміі, стала ясна - ён народны лідэр, здольны павесці людзей.

У крытычны момант беларускай гісторыі Сяргей стаў магутным рэзанатарам народнага настрою, прайшоў вагонь і ваду, выстаяў у турме - а такія рэчы выпадковымі не бываюць.

Ну, а Святлана, якая пайшла за мужа ў прэзідэнты - гэта наогул эпічная Love story.

Сяргей Ціханоўскі - наш нацыянальны здабытак. Такімі легендамі не раскідваюцца. Мы, беларусы, не такія багатыя ды моцныя, каб "адбракоўваць" лідэраў, здольных узняць мільёны на змаганне за Беларусь. Ціханоўскі яшчэ не сказаў свайго апошняга слова. І ягоная ўвага да хрысціянства, і праца ў ЗША, эпіцэнтры сусветнай палітыкі - гэта вялізны патэнцыял.

І, у рэшце рэшт, ня трэба забывацца: менавіта Сяргей выбраў у жонкі Святлану Ціханоўскую - і яна стала абліччам Беларусі.
  • 🔥 54
  • 👎 33
  • 👍 15
  • ❤ 8
  • 🙏 3
Post #63 1.6K
На Дні роднай мовы ў Вільні.

Вялізны дзякуй віленскім беларусам, што ўчора зладзілі свята!

Дзякуй Валянціну Стэху і "Сябрыне", капэле "Ойра", беларусачкам у вышыванках з народнымі спевамі, Юрыю Несцярэнку з ягонымі баладамі пад гітару, нястомнаму Іллі Міронаву, які чытаў вершы палітвязняў, Сяржуку Сысу з гумарной і дасціпнай паэзіяй, гурту "Беларускі цуд", Ігару Случаку, які не перастае змагацца за беларускую мову і нават выдае кнігу пра гэтае змаганне і, канечне, цудоўнай Вандзе Марцінш з яе глыбокімі і кранальнымі вершамі!

А Ўладзімір Рамановіч прыехаў сюды ажно з Беластоку, каб пашырыць збор подпісаў пад петыцыяй за беларускі галасавы ўвод у Гугле.

Асабліва файна, што людзі прыходзілі сем'ямі - і ў залі ўвесь час было чуваць дзетак, якія размаўляюць па-беларуску.

Беларусы Вільні, вы крутыя!
  • ❤ 73
  • 👍 13
  • 🙏 11
  • ❤‍🔥 4
  • 👌 1
Post #62 1.26K
Усіх беларусаў - з Днём роднай мовы!

Учора правёў у Вільні віктарыну "Беларускія зоркі" - поўная заля віленскіх беларусаў сабралася ў Карчме 1863 на "Шоў беларушчыны".

Тры каманды ("Скарынаўцы", "Каліноўцы" і "Гамон") паўтары гадзіны азартна адказвалі на пытанні з беларускай гісторыі, мовы, геаграфіі і культуры. Перамаглі "Каліноўцы" - дзякуючы свайму бліскучаму капітану Валянціне😊

Чаму Бог даў нам нарадзіцца ў Беларусі? Якое свята беларусы адзначаюць 52 разы на год? Якія беларусы найвядомейшыя ў свеце? Што гэта за набор ключавых беларускіх феноменаў?

Колькі нобелеўскіх лаўрэатаў родам з Беларусі? Што азначае бел-чырвона-белы сцяг? Няўжо гэта беларусы вывелі чалавецтва ў космас?

І чаму брытанскі фрэгат, тэхналагічны шэдэўр XVIII стагоддзя, — гэта беларускі цуд?

Калі вы гэтага яшчэ ня ведаеце - тады мы ідзем да вас!

Калі Бог дасць і ўсё будзе добра - у планах "Шоў беларушчыны" Каўнас, Беласток, Варшава, Лодзь, Люблін, Уроцлаў, Познань, Гданьск, Гайнаўка, Львоў, Кіеў, Чарнігаў, Прага, Антверпен.
  • 👍 64
  • ❤ 49
  • 🥰 10
  • 🔥 4
  • 🙏 2
Post #61 1.22K
Мікалай Статкевіч дома!
Слава Богу!
  • ❤ 112
  • 🙏 22
  • 💔 14
  • 👍 7
Post #60 1.43K
Першы, за каго я галасаваў на выбарах, быў Алесь Бяляцкі.

Увесну 1995 года ў Цэнтральнай выбарчай акрузе, дзе мы, першакурснікі, жылі ў інтэрнаце БДУ (цяпер на гэтым месцы гандлёвы цэнтр "Галерэя"), дэпутат Менгарсавета Бяляцкі вылучаўся ад Народнага Фронту ў Вярхоўны савет.

Сустрэча з кандыдатам праходзіла ў скверы на Плошчы Волі.

Мала хто згадвае цяпер, што тады, у 1990-ых, Алесь Бяляцкі ствараў і ачольваў Беларускую Каталіцкую Грамаду - рух за беларусізацыю Касцёла. Разам з сябрамі ён складаў беларускія спеўнікі, перавыдаваў хадэцкую "Хрысціянскую думку", збіраў подпісы за імшу па-беларуску ў касцёльных парафіях .

Дзякуючы Каталіцкай Грамадзе Бяляцкага сёння беларускі Касцёл - гэта мільён вернікаў, якія спяваюць і моляцца Богу па-беларуску.

Бяляцкі прайшоў свой цяжкі, крыжовы, але плённы шлях. Два турэмныя тэрміны. Кнігі. Міжнародны праваабарончы рух...

Цяпер нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі - маральны лідэр для ўсёй Беларусі.
  • 👍 62
  • ❤ 51
  • 👏 11
  • 🥰 2
  • 🔥 1
Post #59 1.42K
Патэлілі ўчора з BySol:

- Павел, выставілі ваш збор на аднаўленне публічнай дзейнасці. "Наша Ніва" напісала. То зрабіце спасылку ў сваіх сацсетках.

Добра, думаю. Зранку пастаўлю.

Падымаюся а сёмай. Волечка ўключае свой тэлефон і кажа:

-Паш, ужо сабралі.

За адну ноч.

Мілыя сябры!

Вялізны дзякуй усім, хто ахвяраваў свае грошы на беларускія кнігі і відэа!

Вось гэта - беларуская салідарнасць.

Асобны дзякуй - камандзе BySol.

Няхай добры Госпад аддасць кожнаму з вас шматкроць!
  • ❤ 117
  • 👍 21
  • ⚡ 10
  • 🙏 5
  • 🔥 3
Post #58 1.35K
Пакуль беларус з беларусам ня будзе размаўляць па-беларуску - ніякай вольнай Беларусі ня будзе.

Запрашаю на Дзень роднай мовы ў Вільні, сябры!
  • ❤ 71
  • 👍 21
  • 🔥 8
  • 🤗 3
  • 😁 1
Older posts →
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →