Ліпень 2020 на Акрэсціна. Сілавікі "пасыпаліся", стукачы - не.
Напрыканцы ліпеня 2020 года ў Ізалятары часовага утрымання на Акрэсціна пачалі адбывацца неверагодныя рэчы.
У суседні са мной карцэр перыядычна, на некалькі сутак, траплялі палітычныя, затрыманыя на акцыях пратэсту. Пачаў размаўляць з імі праз вентыляцыю і трубу ўмывальніка (без вады сухая, гук выдатны) - і даведаўся, што на волі б'юцца з амапам, што ў гарадах Беларусі тысячы людзей выходзяць на вуліцы, а на плошчы Бангалор прайшоў 60-тысячны мітынг у падтрымкі Ціханоўскай, дзе выступала мая Воля.
Дык вось, розныя супрацоўнікі ізалятара падчас абеду моўчкі пачалі перадаваць мне ў шлёмках ад суседа кавалкі сала і цукеркі, загорнутыя ў свежую старонку "Беларускай газеты" з адпаведнымі навінамі. Трэба сказаць, рызыкавалі галавой.
Добрая змена, якая цішком соўгала мне ў кармушку ваду ў паўлітровых пластыкавых бутэльках, падчас адной з вечаровых праверак гэтак жа моўчкі зацягнула ў камеру поўны пяцілітровік. Праўда, параскашаваць я не паспеў - наступная, ранішняя праверка з лаянкай ваду вынесла.
- Кто передал? Кто разрешіл?!
Ну, думаю, накрылася мая добрая змена. Пазвальняюць. Аж не. Прыходзяць назаўтра, падміргваюць. Значыць, і тыя, хто лаяўся, начальству ня здалі. Альбо начальства махнула рукой - маўляў, не да таго.
На пяцьдзясят шосты дзень пасля затрымання(!) мяне нарэшце вывелі ў душ. Прычым зрабіў гэта грамадзянін начальнік ізалятара асабіста, у суправаджэнні ўсяго аднаго канвойнага.
- Может, станок дать, побреетесь? (а ў мяне амаль двухмесяцовая барада).
Ага. Калі раптам што, хочуць зрабіць выгляд, што трымалі тут у добрых умовах. Ну, думаю, забегалі, таварышы. Ня ведаюць, як абернецца. Пачынаюць хістацца. Яшчэ трохі ціскануць - і пасыплюцца палкоўнікі з генераламі.
Галіцца адмовіўся. Вырашыў, выйду, як Фідэль Кастра.
- Как хотіте, - любезна паціснуў плячыма начальнік. - Вам так тоже ідёт.
(Уявіце сабе такі дыялог сёння на Калядзічах ці ў Шклове, сябры палітычныя. Што?! Ня будзеш галіцца?! Галаву б адарвалі разам з той барадой.)
Нарэшце, падчас аднаго з "судоў" (а мяне працягвалі раз за разам адпраўляць на "суткі") адзін з канвойных шэптам перасцярог, што крымінальнікі ў камерах з вадой, да якіх мяне пераводзяць раз на тыдзень, стучаць на адміністрацыю.
Словам, на пачатак жніўня знутры сістэмы былі ўсе прыкметы класічнага хістання сілавікоў перад вырашальнымі падзеямі. Як напісана ў Бібліі - "і бесы веруюць, і трымцяць."
Адзінае месца сістэмы, якое трымалася непарушна - гэта аказаліся стукачы. Яны па-ранейшаму спраўна "прабівалі" і "раскручвалі", правакавалі ды дакладвалі, хаця і ўяўлялі, што адбываецца на волі.
Ніводнага "праколу" ані ў ліпені, ані нават у жніўні сярод стукачоў я не заўважыў. Яшчэ тады згадаў Салжаніцына, які гэтую пароду дасканала ведаў і апісваў. Калі сілавікі ў вырашальны момант маглі перайсці на бок народа і спадзявацца на амністыю - стукачы ведалі, што ім літасці ня будзе.
У 2020-ым сістэма шмат у чым утрымалася на операддзелах і сетках стукачоў. Кожны сілавік ведаў: зробіць па праўдзе - здадуць і з'ядуць стукач ды опер.
Падрабязна пра стукачоў, з якімі апынуўся ў камеры ў пачатку жніўня 2020 года - наступным разам.
Post #193
930
- 🔥 22
- ❤ 13
- 🤔 5
- 😢 5
- 🕊 1