Мае паплечнікі шмат разоў прасілі мяне пракаментаваць сітуацыю вакол ЕГУ: ідзе хваля ператрусаў у цяперашніх і былых студэнтаў. Што рабіць, каб захаваць універсітэт?
Адказваю.
Пра ЕГУ трэба ставіць пытанне рубам: тэрмінова і рашуча ператвараць ЕГУ ў галоўную адукацыйную базу беларускага руху.
Як і варта было чакаць ад пачатку, рэжым прызнаў ЕГУ “экстрэмісцкім”, студэнтаў і іх бацькоў масава трасуць і дапытваюць. Дык што вам яшчэ трэба, шаноўныя кіраўнікі ЕГУ? Чаго вы цяпер баіцеся? Пераменаў? Чаму мы бачым бясконцыя рэлізы, што ўсё нармальна, працуем далей як і заўжды?
У ЕГУ ёсць унікальны шанец выхаваць будучых прэзідэнтаў і міністраў вольнай Беларусі. Беларускамоўных. З еўрапейскім узроўнем адукацыі. Адкрытых, смелых. У 2020 годзе ўся Беларусь узнялася, а ЕГУ як ляжаў, так і ляжыць на дне. Баіцца ўздыхнуць. Баіцца мяняцца. Суцэльная дэпрэсіўная расейскамоўная нудота апошнія гады.
ЕГУ – гэта наогул пра што? Пра каго? Большасць студэнтаў з Беларусі, але што ва ўніверсітэце пра Беларусь? Што там па-беларуску? Якія кадры рыхтуе ўніверсітэт, калі ўсё застанецца так, як цяпер?
Я лічу, адзінае выйсце для ЕГУ сёння – станавіцца элітнай вышэйшай школай для беларусаў замежжа.
Калі не рабіць кардынальных крокаў і пераконваць усіх, што "працуем у звычайным рэжыме", скончыцца тым, што ЕГУ альбо зачыніцца, альбо ператворыцца ў адзін з заштатных, нікому не патрэбных безаблічных "варыянтаў" для тых, хто ня трапіў у прэстыжныя альбо нават сярэднія рэгіянальныя ВНУ.
Да 14 красавіка баяліся, што прызнаюць экстрэмістамі. Цураліся "свяціцца". Усё, прызналі. Трасуць людзей. Крымінальныя справы. Цяпер баяцца няма чаго. Цяпер трэба рэальна свяціць. І адкрыта казаць Еўропе, якая ўсе гэтыя гады падтрымлівала ЕГУ: патрэбная кузня кадраў для беларускіх пераменаў.
Яшчэ з канца 1990-ых беларусы марылі пра сапраўды беларускі ўніверсітэт, які мае рыхтаваць элітныя кадры для будучай, дэмакратычнай Беларусі.
Скажаце, хто з беларусаў замежжа будзе аддаваць дзяцей у беларускі апазіцыйны ЕГУ? Ва ўніверсітэт, дзе па-беларуску выкладаюць Алесь Бяляцкі, Уладзімір Арлоў, Лявон Вольскі, Кацярына Ваданосава, Вінцук Вячорка, Павел Церашковіч, Цімох Акудовіч – будуць.
Мяне пытаюць, куды паступаць дзецям 2020-га года? Цяпер, калі ў самой Беларусі громяць і беларускую адукацыю, і культуру, дзясяткі тысячаў маладых беларусаў і ў краіне, і за мяжой мараць пра найлепшы ўнівер у свеце. Свой.
Ну, слухайце, ужо сам рэжым выпісвае ЕГУ “чароўнага пендаля”. Няўжо і цяпер зноў зробім выгляд, што ЕГУ – гэта не для нас і не пра нас?
Агу, ЕГУ! Давайце мяняцца! Давайце працаваць дзеля вольнай Беларусі!
--
Дарэчы, сёння раніцай я выпусціў чарговую Тройцу добрых навін. Паглядзець можна тут https://youtu.be/S8lKvCDZiJA
Post #191
999

- ❤ 29
- 👍 18
- 🔥 4
- 🙏 3
- 💯 3