Акрэсціна, лета 2020. Пілігрымка ў бетоннай скрыні.
Чэрвень, ліпень, жнівень 2020 года пацягнуліся для мяне як бясконцыя дні і ночы. Пасля таго, як нармальная змена пачала праз дзень прыносіць па бутэльцы вады, вырашыў, што можна жыць.
Калі ў турме доўга думаць, што ўсё кепска – звар’яцееш.
Большасці людзей у турме цяжка, бо яны ня могуць зразумець, куды падзець гадзіны, дні, месяцы і гады аднастайнага часу ў замкнёнай прасторы.
Але я веру ў Бога. А раз Усемагутны і Усявёдны Бог дапусціў, каб я апынуўся ў турме – значыць, цяпер мне трэба менавіта сюды, і мая задача – проста зразумець, ДЗЕЛЯ ЧАГО я тут.
Чаму Госпад вырашыў, што самае лепшае месца для мяне зараз – бетонная скрыня два на тры метры з закратаванымі дзвярыма?
Бо час ад часу Бог хоча, каб мы спыніліся пасярод жыцця і асэнсавалі: хто мы, адкуль мы і куды мы ідзем.
Для верніка турма альбо карцэр – малітоўная келля. Для пісьменніка – творчая лабараторая. Умовы – стэрыльныя. Толькі ты і Бог. Толькі ты і тваё ўяўленне.
Таму першай справай я пералічыў плюсы.
Такім чынам, ніякае сумятні, гэта раз. Дадатковая абарона ад кавіду – два. Можна абдумаць УСЁ, на што не хапала часу на волі, тры.
Распланаваў час.
Пад’ём. Прыборка. Зарадка. Сняданак: каша. Малітва за родных. Малітва за палітвязняў. Малітва за Беларусь. Абдумванне становішча. Абдумванне кнігаў. Практыкаванні. Абед: суп, каша. Зноў малітва – за патрэбы. Зноў абдумванне. Бог. Беларусь. Людзі. Гісторыя. Культура. Спевы. Спорт. Вячэра: бульба, хлеб. Успаміны. Асабісты каляндар па месяцах і гадах. Асобны час – на мары. Рахунак сумлення за дзень. Малітва падзякі. Адбой.
У акрэсцінскім карцэры не паляжыш, бетон, толькі хадзіць ці сядзець. Хадзіць – тры крокі, разварот, тры крокі.
Бачылі рыбак у акварыюме – плаваюць ад сценкі да сценкі? У дзяцінстве думаў – ну тупыя ж рыбкі, плаваюць туды-сюды, бясконца. У чым сэнс? Ды не, рыбкі не тупыя, проста ім па-іншаму ніяк. І табе цяпер.
Палічыў, што за дзень выхадзіш плюс-мінус каля трыццаці кіламетраў. За два з паловай месяцы, якія застаюцца да “выбараў” – можна дайсці і да Рыму, і да Ерусаліму.
Такая сабе пешая пілігрымка – быццам па камяністай Святой Зямлі. А пілігрымкі выкоўваюць характар.
Мая галоўная задача ў турме – зразумець, што я зрабіў ня так у папярэднім жыцці, падзякаваць Богу за ўсё добрае, і грунтоўна, спакойна, рупліва падрыхтавацца да чарговай вандроўкі на волі.
Яшчэ з маладафронтаўскіх сутак і першай “хіміі” у Малым Сітне я зразумеў: падчас адседак Бог рыхтуе мяне для наступных рыўкоў.
Пасля першай сур’ёзнай адседкі – разгарнуў Малады Фронт. Пасля другой – заснаваў Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю. Пасля трэцяй – ажаніўся з найлепшай дзяўчынай на свеце, нарадзіў сына і напісаў сваю галоўную кнігу.
А цяпер – чацвёртая. Самая крутая.
Мэта – вольная Беларусь. Дзе яшчэ абдумваць вызваленне Беларусі, як не ў турме?
І раз Бог пачынае мяне гартаваць з асаблівай сілай – значыць, наперадзе галоўны рывок у маім жыцці.
Post #188
841
- ❤ 35
- 🙏 18
- 👍 4
- 🕊 1